Нарожны ’вуглавы, навугольны, краевугольны’ (Нас., Гарэц.), ст.-бел. нарожный ’тс’ (1508 г.); сюды ж нарожнік ’дзве сцяны хлява, зрубленыя ў вугал’ (Юрч.), ’падстрэшак’ (Ян.), ’рог страхі’ (Гарэц., Др.), ’кут у гумне каля варотаў’ (Бяльк.), ’наканечнік у драўляных вілах’ (Нас.), нару͡ожнік ’вяроўка на рагах валоў’ (Бесар.), ст.-бел. нарожникъ ’першы капец, ад якога пачыналася вымярэнне ўгоддзяў’ (Гарб.). Да рог ’рог, вугал’; меркаванне пра запазычанне ст.-бел. нарожный ’вуглавы’ са ст.-польск. narożny (Булыка, Лекс. запазыч.), улічваючы геаграфію і семантыку слоў, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́лец, ма́ліц, ма́ляц ’падлетак, юнак ад 14 да 18 год’ (ТСБМ, Чуд., Др.-Падб., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Яруш., Пан. дыс.; маг., КЭС; докш., Янк. Мат.; паўн.-бел., Сл. ПЗБ), ’нежанаты малады чалавек, хлопец’ (Мядзв.; полац., Нар. лекс.), ’прыслужнік, служка’ (Нас.), ма́лец‑вы́растачак ’падлетак’ (Нар. Гом.). Рус. цвяр. мале́ц ’халасцяк’, смал. ма́лец ’парабак’, паўд. ’казак’, ст.-рус. малецъ ’падлетак’, польск. malec ’малы хлопец, хлопчык або маладая дзяўчынка, малое дзіця’, серб.-харв. ма̏лац ’тс’. Прасл. malьcь. Да малы́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малю́панькі, малюпа́ценькі, малюпа́сенькі, малюпу́ценькі, малюпу́ленькі, мале́пенечкі, мылюпа́цінькій, малюпа́сенечкій, малюпа́хенькій, малюпа́ткій, малюпа́ткі, малюпатэнькі ’вельмі, вельмі-вельмі маленькі’ (Ян., ТС, Шат., Яруш., Нас.; брасл., Сл. ПЗБ, мсцісл., Нар. словатв., хоц., Мат. Маг.), малюпа́тка, малюпа́тачка ’малютка’ (Нас.). Рус. варон. малюпонький ’вельмі маленькі’, польск. malupasieńki, maciupuleńki, серб.-харв. mȁlapacan, mȁlapašan ’тс’. Да малы́ (гл.). Суфікс з апорнай зычнай ‑n‑, даволі рэдкі ў слав. дэрыватах, відавочна, адносіцца да прасл. мовы і суадносіцца з літ. ‑opas. Элемент ‑ю‑ (‑ʼу‑) у даных лексемах з’яўляецца характэрным для паўн.-слав. тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маля́р ’рабочы, які беліць, фарбуе дамы, памяшканні’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), ’дрэнны мастак’, ’мастак’ (Грыг., Нас.), маляровая, маляровачка, маляры́ха ’жонка мастака’, маляроўна ’дачка мастака’, маля́рня ’майстэрня’ (Нас.), ст.-бел. маляръ, маларъ, малеръ, малерь, молеръ ’жывапісец’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. malarz, malerz ’тс’, якое з с.-в.-ням. mālaere, mālaer (Булыка, Лекс. запазыч., 160; Карскі, Труды, 312; Кюнэ, 75; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151). Параўн. таксама польск. malarzowa, malarka ’жонка мастака’, malarnia ’майстэрня’, malarz pokojowy ’маляр’ (Варш. сл., 2, 856).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гада́ць ’гаварыць, расказваць’ (Нас.), га́даць ’пляткарыць’ (КЭС). Рус. дыял. (смал.) гада́ть ’гаварыць’, укр. дыял. (лем.) гада́ти ’гаварыць, размаўляць’ (гл. Рудніцкі, 522, 781). Запазычанне з польск. gadać ’тс’ (а гэта да прасл. *gadati, гл. Слаўскі, 247–248). Толькі ў польск. мове, калі не лічыць славен. дыял. gadati ’балбатаць, плявузгае’, слав. *gadati атрымала значэнне ’размаўляць, гаварыць’ (з XV ст.). Можна ставіць пытанне: ці бел. гада́ны ’гавораны, казаны’ (Нас.), якое Насовіч (там жа) выводзіць ад гада́ць, не адлюстроўвае непасрэдна польск. gadany (ад gadać)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квіт ’пісьмовае пасведчанне аб чым-небудзь, квітанцыя, білет’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Жд. 3, КЭС, лаг., Касп.), ’хопіць, канец’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк.), ’вокліч незадавальнення чыім-небудзь нецярпеннем’ (Нар. лекс., Янк. БП). Апошняе ў выразе квіт тваёй міласці. Ст.-бел. квитъ ’квіт’ (з 1529 г.). Са ст.-польск. kwit ’тс’ (Булыка, Запазыч., 146). Польск. kwit у сваю чаргу з с.-лац. quitus ’вольны ад абавязкаў’ (магчыма, праз с.-в.-ням. quit ’вольны, аплачаны’) (Слаўскі, 3, 496).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блука́ць. Рус. блука́ть, укр. блука́ти, польск. błąkać się, чэш. blúkat (se) і г. д. Славянскае новаўтварэнне да blǫditi (гл. блудзі́ць). Адносіны blǫditi: blǫkati такія ж, як, напр., у польск. brudzić: brukać ’пэцкаць’. Іншая версія: дэкампазіцыя з слав. *ob‑lǫkati (да *lǫk‑ ’дуга, крывізна’). Параўноўваюць таксама з лат. blañkstît ’пайсці ўбок’, blañkstîtiês ’бадзяцца, бяздзельнічаць’. Фасмер, 1, 178; Бернекер, 62; Буга, РФВ, 70, 101; Слаўскі, 1, 36; Рудніцкі, 150; Махэк₂, 58. Параўн. яшчэ блука́цца ’блукаць, бадзяцца’ (Бяльк., Нас., Касп.), блукня́цца (Нас.), блакуня́цца (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ату́1 ’вазьмі’ (паляўнічы выгук) (БРС), ату‑ату (Нас.). Рус. ату, укр. ату, атю ’тс’. Зафіксаваны ў рускіх слоўніках з 1789 г. Паводле Фасмера, 1, 96; Шанскага, 1, А, 174, з франц. à tout (тады беларускае, украінскае з рускай). Згодна з Праабражэнскім, 1, 10, гукапераймальнае. Магчыма (як у Рудніцкага, 41), складанае з a‑ту (параўн. ат, ась, ату2). Няясна.

Ату́2 ’выгук прыкрасці’ (Нас.). Рус. дыял. ату, атю (пск., смал.). Верагодна, з а‑ і займеннікавага ту (параўн. ату1; ат, ась, ацю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сталь ‘цвёрды метал серабрыста-шэрага колеру’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 2). Укр. сталь, рус. сталь ‘тс’. Запазычанне з польск. stal, дзе адзначала з XV ст. і ўзыходзіць да с.-в.-ням. stahl ‘тс’ (гл. Брукнер, 512; Карскі, Белорусы, 180; Фасмер, 3, 744; Нававейскі, Zapożyczenia, 262). З польскай таксама сталёвы (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ) < stalowy, пры народных утварэннях сталяны́ (Рам., 1–2; Шэйн. 1, Растарг.), ста́ліць ‘загартоўваць’ (Нас., Сержп. Прык.). Стальны́ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. стальной.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэф ‘забарона ўжывання пэўнай ежы як нячыстай (паводле іўдзейскага веравызнання)’ (Нас., Байк. і Некр.). Запазычана з яўр.-ням. treife ‘тс’ < ст.-яўр. terefâ ‘нячыстая ежа’, відаць, праз польск. tref або непасрэдна з ід. treif, trejfer ‘некашэрны, нячысты’: сьвіньні для жыдоў — трэф (Астравух, Ідыш-бел. сл., 909). Сюды ж трэ́фны ‘нячысты, забаронены для ўжывання’ (Нас., Байк. і Некр.), трэфны́ ‘тс’ (Касп.), тропнэ́ ‘забароненае для яды’ (Арх. Вяр.). Праз польск. trefny ‘тс’ (SWO, 1980, 774; Фасмер, 4, 101; Карскі Беларусы, 173; Кюнэ, Poln., 110).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)