падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.
Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культурыл-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст.сістэм.Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.
Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.Карскаму, М.Багдановічу і М.Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел.літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.
Літ.:
Гл. да арт.Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 43,1 тыс.чал. (2000), гарадскога 36,4%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км. Цэнтр — г.Петрыкаў. Уключае г.п.Капаткевічы, 125 сельскіх населеных пунктаў, Капаткевіцкі пасялковы Савет, 16 сельсаветаў: Бабуніцкі, Галубіцкі. Грабаўскі, Камаровіцкі, Капцэвіцкі, Колкаўскі, Конкавіцкі, Лучыцкі, Ляскавіцкі, Муляраўскі, Мышанскі, Навасёлкаўскі, Петрыкаўскі, Пціцкі, Снядзінскі і Чалюшчавіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся, паверхня плоская, забалочаная, 95% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 185 м (каля в. Чалюшчавічы). Уздоўж рэк пясчаныя дзюны і грады. Карысныя выкапні: калійная соль, нафта, буры вугаль, торф, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Пціч, Бобрык, Трэмля, Убарць. Воз. Дзікае. Меліярац. каналы: Міхедава-Грабаўскі, Лукіч, Курыціцкі, Галоўчыцкі. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,1%), тарфяна-балотныя (26,9%), поймавыя (алювіяльныя, 19,1%), дзярнова-падзолістыя (13,2%). Пад лесам 56,3% тэр. раёна, у т. л. штучныя хваёвыя насаджэнні (18%). Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя. Пад балотамі 4% тэрыторыі. На тэр. раёна ч.нац. парку Прыпяцкі; біял. заказнікі мясц. значэння: Камаровіцкі, Бобрыкаўскі, Возера Белеў; ахоўныя тарфянікі: Глухі Мох, Снапішча-1, Маркаў Мох, Ліпнікі (частка), Варанецкі Мох, Слабадское, Бажылаў Гул, Касішча, Тапіла. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — геал. агаленне Дарашэвічы, мясц. значэння — паркі: Дарашэвічы, І.Шклярэўскага, дубровы ў Капаткевіцкім, Петрыкаўскім, Кашэвіцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 89,6 тыс.га, з іх асушаных 45,2 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 10 калгасаў, 12 саўгасаў, 9 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), буд. матэрыялаў (керамзіт, сценавыя блокі, цэгла, сталярныя вырабы і інш.), дрэваапр. (мэбля, сувеніры), камбікормавай, харч. (цэльнамалочныя прадукты, сухое і абястлушчанае малако, масла, казеін, кансервы), кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя, кандытарскія, макаронныя вырабы, кісель) прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гомель—Брэст, аўтадарога Гомель—Кобрын. У раёне 23 сярэднія, 9 базавых, 9 пач., у т. л. школа-садок, 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Капаткевіцкая дапаможная школа для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, Петрыкаўская школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, СПТВ, 2 навучальна-вытв. камбінаты, 2 цэнтры пазашкольнай працы, 2 дамы рамёстваў, клуб «Юны марак», 27 дашкольных устаноў, 50 клубаў, 49 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 8 амбулаторый, 37 фельч.-ак. пунктаў, Пціцкі дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр. Музей В.І.Талаша ў в. Навасёлкі. Помнікі архітэктуры: Успенская царква (1642) у в. Кашэвічы, паркі (19 — пач. 20 ст.) у вёсках Брынёў, Дарашэвічы, Лучыцы, свіран (19 — пач. 20 ст.) у в. Людзвіноў. Мемарыяльны комплекс «Загінуўшым і жывым» (1975) у в. Навасёлкі ў гонар партызан і на ўшанаванне памяці 520 землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Выдаецца газ. «Петрыкаўскія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НЫ,
горад, цэнтр Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вузел аўтадарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. За 13 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст, за 89 км ад Брэста. 20,2 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1487 пад назвай Дабучын. Да 1519 у Кобрынскім княстве, пасля ў Кобрынскім, з 1566 у Брэсцкім пав. У 16 ст. належалі каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне, якая ў 1589 дала гораду магдэбургскае права і герб. У 1563—1250 ж., 278 гаспадарак. З канца 16 ст. замацоўваецца назва П. У час войнаў сярэдзіны 17—1-й пал. 18 ст. моцна разбураны, уцалела /. пабудоў. Да канца 18 ст. адбудаваны, у 1791—2094 ж. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр Пружанскага павета. У час паўстання 1863—64 заняты паўстанцамі 13.2.1863. У 1897—7634 ж., 14 дробных прадпрыемстваў, павятовае і прыходскае вучылішчы, 6 бальніц, 2 царквы, касцёл, сінагога. У 1919—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв. Дзейнічалі падп. арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Пружанскага р-на. 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў створаным тут гета трымалі да 10 тыс.чал., загубілі больш за 4 тыс.чал. Вызвалены 17.7.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Брэсцкім напрамку.
Працуюць з-ды: кансервавы, радыёдэталей, ільнозавод, масласырзавод; камбінаты буд. матэрыялаў і плодакансервавы, друкарня, лясгас, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і інш. У горадзе Дом культуры, 2 б-кі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызана. Помнік В.З.Харужай, сав. лётчыкам.
У 16 ст. ў П. існаваў палацавы комплекс, т.зв. Каралеўскі двор (вядомы паводле інвентара 1597), у 2-й пал. 18—19 ст. — барочны гар. асабняк. У 2-й пал. 19 ст. ў прадмесці П. Горкі пабудаваны капліца (1852), Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78), касцёл Ушэсця св. Дзевы Марыі (1883), гандл. рады ў стылі барока і класіцызму (1896, арх. Міхайлоўскі і Савіч), комплекс гар. сядзібы (арх. Ланці). У сучасным горадзе 3 планіровачныя раёны: паўд., зах. і ўсходні. Арх.-планіровачная структура вызначаецца цэнтр. восевай магістраллю (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярнымі да яе вуліцамі Леніна, Р.Шырмы, Чырвонаармейскай і звілістым абрысам поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959, якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплана 1974 і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1977. Адм.-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Шырмы. Цэнтр.ч. горада і цэнтр усх. раёна забудаваны 4—5-павярховымі дамамі. У паўн.ч. і па вул. Шырмы створаны новыя мікрараёны з 5—9-павярховых дамоў, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генплана 1998 здзяйсняецца пераход да катэджнага буд-ва на ўскраінах горада. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўд.ч. горада, р. Мухавец і парк у паўн. частцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПХЕНЬЯ́Н,
горад, сталіца Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР). Адм. ц. правінцыі Пхёнан-Намдо, вылучаны ў асобную адм. адзінку цэнтр. падпарадкавання. Знаходзіцца на З краіны, на р. Тэданган, за 90 км ад Жоўтага м. 3197 тыс.ж. (2000). Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Сунан; аванпорт П. на Жоўтым м. — г.Нампхо, р. Тэданган часткова суднаходная. З суседнімі гарадамі П. утварае буйны індустр. раён: чорная і каляровая металургія, шматгаліновае машынабудаванне (з-ды дакладнага, тэкст. і трансп. машынабудавання, вымяральных прылад і інш.), эл.-тэхн., тэкст. (буйнейшы ў КНДР камбінат), харч. і харчасмакавая, хім.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэм. і цагельныя з-ды); абутковыя, фармацэўтычныя, фарфора-фаянсавыя, дрэваапр. прадпрыемствы. П. — цэнтр буйнейшага ў краіне вугальнага басейна. ЦЭС. Метрапалітэн (з 1973). АН КНДР. Ун-т. Тэатры. Музеі, у т. л.нар. рэвалюцыі, выяўл. мастацтва; Кар. філармонія.
Крэпасць П. засн. ў пач. 4 ст. У 427—668 П. — сталіца дзяржавы Кагуро. У час існавання дзяржавы Каро — зах. сталіца пад назвай Сагён (ці Садо). На працягу стагоддзяў П. — важны апорны пункт у барацьбе супраць іншаземных захопнікаў (кіт. дынастыі Суй і Тан, кідані, манголы, чжурчжэні, маньчжуры, японцы і інш.). У 1592—93 захоплены японцамі, вызвалены карэйска-кіт. войскамі. У 1899 горад адкрыты для замежнага гандлю. У час яп. панавання (1905—45) П. — цэнтр нац.-вызв. руху (у 1919 тут адбылося антыяп. паўстанне). У 1945 вызвалены Сав. Арміяй. З 1948 П. — сталіца КНДР. Моцна разбураны ў час Карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны.
На правым беразе р. Тэданган — стараж.ч. горада, абкружаная крапасной сцяной (даўж. 16 км, выш. 7 м; захавалася часткова), з дазорнай вежай Ыльмільдэ (246, перабудавана ў 14 ст.) і манум. брамамі, у т. л. Тэданмун (982 г., перабудавана ў 1635), Патханмун (997 г., перабудавана ў 1473). На левым беразе — прамысл. раён з радыяльнай планіроўкай (узнік у пач. 20 ст.). Сярод арх. помнікаў: павільёны — Пубеклу (Енменлу; 4 ст., рэстаўрыраваны ў 1616), манастыра Ёнмёнса (засн. ў 392 г. зруйнаваны ў 1953), Ёнгванджон (1111, рэстаўрыраваны ў 1670); пагады — 13-ярусная храма Пахёнса, храма Ёнмёнса (абодва 11 ст.); будыйскі храм Сунрэнджон (1439). Да 20 ст. П. забудоўваўся пераважна невял. дамамі з унутр. дварамі і тэрасамі. У 1953 прыняты генплан рэканструкцыі і аднаўлення П. Створаны новыя плошчы, вуліцы. жылыя масівы, комплексы культ.-быт. прызначэння. Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: т-ры «Маранбон» (1953, арх. Кан Чахван і інш.) і Вялікі (1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.), ун-т, гасцініца «Пхеньян» (абодва 1960), палацы навучэнцаў і піянераў (1963), спорту (1973), культуры (1974). Паркі: Тэсансан, Маладзёжны. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям на гары Маранбон (1945), воінам Нар.кар. арміі, што загінулі (1959), манумент Чхаліма (1961), статуя Кім Ір Сена, помнік рэв.вызв. барацьбы (абодва 1972) і інш. Каля П. — шматлікія грабніцы перыяду Кагуро.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НС (ісп. romance),
камерны муз.-паэт. твор для голасу з інстр. суправаджэннем. Тэрмін «Р.» узнік у сярэднявякоўі ў Іспаніі і абазначаў свецкую песню на ісп. мове, у інш. краінах — паэт. твор і жанр вак. музыкі; у многіх мовах Р. і песня тэрміналагічна не адрозніваюцца. Ад песні адрозніваецца больш складаным комплексам выразных сродкаў, кампазіцыйных прыёмаў і муз. структур, выкарыстаннем больш глыбокіх і разнастайных паэт. тэкстаў, больш цеснай сувяззю тэксту з музыкай. Р. можа будавацца паводле прынцыпу адзінага скразнога развіцця, бывае 2- і 3-часткавым, рондападобным, строфікаварыянтным.
Развіццё Р. як сінтэтычнага муз.-паэт. жанру пачалося ў 2-й пал. 18 ст. ў Германіі (К.Бах, М.Агрыкала), Францыі (Э.Мегюль, Н.Далейрак). У Расіі напачатку Р. называлі вак. творы на франц. тэксты. Развіццё нац. форм Р. пачалося ў творчасці А.Дубянскага, В.Казлоўскага. Сярод разнавіднасцей Р. адрозніваюць баркаролу, баладу, элегію, маналог, серэнаду. У 19 ст. Р. — вядучы жанр у творчасці кампазітараў-рамантыкаў: Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, Х.Вольфа (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ, Ш.Гуно, Ж.Маснэ (Францыя), Б.Сметаны, А.Дворжака (Чэхія), М.Карловіча, К.Шыманоўскага (Польшча), Э.Грыга (Нарвегія), Я.Сібеліуса (Фінляндыя). У Расіі разам з камерна-вак. класікай развіваўся і бытавы Р. (А.Гурылёў, А.Варламаў, А.Аляб’еў, П.Булахаў, А.Дзюбюк); росквіту дасягнуў у творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, А.Барадзіна, М.Рымскага-Корсакава. Стылявое абнаўленне Р. адбылося ў 20 ст. (М.Мяскоўскі, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Ю.Шапорын. Г.Свірыдаў, С.Сланімскі, В.Гаўрылін і інш.).
У бел. музыцы жанр Р. развіваецца з 1920-х г.Бел. кампазітары пісалі Р. на творы класічнай паэзіі, імкнуліся да вобразна-тэматычнай разнастайнасці. Многія Р. на словы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі кампазітараў М.Аладава, Я.Цікоцкага, Л.Абеліёвіча, П.Падкавырава, А.Багатырова, Р.Пукста, М.Чуркіна, Э.Тырманд, Дз.Лукаса, Г.Вагнера, У.Алоўнікава ўвайшлі ў фонд нац.муз. мастацтва. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў развіцці Р.: па-новаму вырашаецца праблема сінтэзу музыкі і паэзіі, вядуцца пошукі ў абнаўленні інтанацыйнай мовы, кампазіцыйнай будовы, тэмбрава-тэматычнай сувязі, у якой адбіваюцца элементы натуральнай прасодыі, пераасэнсоўваюцца фалькл. традыцыі (вак. цыклы Г.Гарэлавай «Дзявочыя песні», Л.Шлег «Голас зямлі», Р. Дз.Смольскага, А.Елісеенкава, А.Мдывані, С.Картэса, Шлег, А.Хадоскі, Э.Наско і інш.).
Літ.:
Русский романс. М.; Л., 1930;
Васина-Гроссман В.А. Русский классический романс XIX в. М., 1956;
Яе ж. Мастсра советского романса. 2 изд. М., 1980;
Курышева Т. Камерный вокальный цикл в современной русской советской музыке // Вопросы музыкальной формы. М., 1966. Вып. 1;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Аладова Р.Н. «Детский» камерный вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;
Алейнікава Э.А. Паэзія М.Багдановіча ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Полацкага р-на Віцебскай вобл., на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 100 км ад Віцебска, вузел чыг. ліній на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтадарог на Віцебск, Невель, Верхнядзвінск, Глыбокае, Лепель. Аэрапорт. 82,7 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск; паводле скандынаўскіх саг Pallteskiuborg, Palteskia) — самы стараж. горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усх. славян. Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы) пад 862. Засн. крывічамі на месцы паселішча балтаў 1-й пал. 1-га тыс. (днепра-дзвінская культура). У 9 ст. размешчаны на беразе р. Палаты на гарадзішчы пл. 0,5 га і селішчы пл. 6 га. Згадваўся ў летапісах у 865 (у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам) і ў 907 (у дагаворы кн. Алега з Візантыяй). У 980 (паводле інш. звестак у 970 ці 975) у час паходу на П. наўгародскага кн.Уладзіміра Святаславіча быў забіты першы гістарычна вядомы полацкі кн.Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора». Яго дачка Рагнеда Рагвалодаўна стала жонкай вял. кіеўскага кн. Уладзіміра. Пэўны час П. быў у складзе Кіеўскай Русі. У 10—13 ст. цэнтр буйнога Полацкага княства. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах (зах.-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканам., паліт. і культ. развіццю. У 1105 (магчыма, з 992) у П. існавала епіскапская кафедра (гл.Полацкая праваслаўная епархія). З 988 полацкім князем быў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (памёр у 1001), з 1003 — Брачыслаў Ізяславіч, які здзейсніў у 1021 паход на Ноўгарад. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найб. росквіту. У 11—12 ст. горад займаў пл. каля 80 га, меў каля 8 тыс. жыхароў. Нават пасля падзелу ў 1101 княства паміж сынамі Усяслава П. заставаўся буйным паліт. цэнтрам і гал. канкурэнтам Кіева. У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.рус. князёў супраць полацкіх князёў, захапіў іх і ў 1129 выслаў у Візантыю. Але пасля вяртання іх дзяцей на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці 12 ст. актывізавалася гар.веча — сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў, пытанняў вайны і міру, гандлю, судовых спрэчак. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі. У 1132 веча абрала князем Васільку Святаславіча. У 1151 і 1158 за княжацкі трон у П. змагаліся друцкі кн.Рагвалод Барысавіч і мінскі кн.Расціслаў Глебавіч. У 1161 полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч. У 1262—63 у П. княжыў Таўцівіл. У 13 ст. полацкія дружыны разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць ням. крыжакоў. З канца 13 — пач. 14 ст. П. у складзе Вялікага княства Літоўскага з правамі поўнай аўтаноміі. У 14 ст. вядомы полацкія князі Воін, Глеб, Андрэй Альгердавіч. З 1392 П. кіравалі намеснікі вял. князя ВКЛ. У 1410 полацкія харугвы ўдзельнічалі ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Каля 1490 у П. нарадзіўся бел. першадрукар, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф.Скарына. У 1498 горад атрымаў магдэбургскае права. У 14—16 ст. П. — самы вял. горад у ВКЛ, меў асобыя прывілеі (гл.Полацкае права, Полацкія прывілеі). З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. У Лівонскую вайну 1558—83 П. у 1563 заняты маск. войскамі Івана IV (гл.Полацка абарона 1563). У 1579 адваяваны войскамі Стафана Баторыя. У 1580 у горад запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. З прыняццем Брэсцкай уніі 1596 Сафійскі сабор у П. стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 узніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў і інш. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 20 тыс.ж., пераважна рамеснікі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 у горадзе адбылося Полацкае паўстанне 1633. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П. заняты рус. войскамі, паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1700—21 каля П. стаялі рус. войскі. У чэрв. 1705 іх наведаў цар Пётр I. У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 да Расіі адышла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная ч. горада. У 1772—76 цэнтр Полацкай правінцыі, з 1776 — Полацкай губерні, у 1778—96 — Полацкага намесніцтва. З 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1781 зацверджаны новы герб горада — «Пагоня» (на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). У вайну 1812 пасля захопу 26 ліп.франц. войскамі П. адбыліся Клясціцкія баі 1812, потым Полацкія бітвы 1812. У 19 ст. ў горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1817—3340 ж.Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў пастанову аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840—50-я г. было 6—9 гарбарняў (па 3—6 рабочых у кожнай), 3—5 цагельняў, 2—3 піваварні, 8—10 ганчарняў (2—4 рабочыя ў кожнай). У 1860-я г. працавалі тытунёвая ф-ка, гарэлачны з-д (каля 20 рабочых). Значнае месца ў развіцці горада займаў гандаль, пашырэнню якога спрыяла адкрыццё ў 1866 руху на ўчастку Дынабург—П. Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1860 працавалі 122 крамы, у 1865—456. У 1897 у П. 20 294 ж. У 1904 узнікла Полацкая арг-цыяРСДРП. У ліст. 1917 тут адбыўся Другі з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту, у снежні — Трэці з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР — цэнтр Палацкага раёна, у 1924—30 і 1935—38 — Полацкай акругі. З 1938 у Віцебскай вобл., горад абл. падпарадкавання. У пач.Вял.Айч. вайны часці Чырв. Арміі і гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна больш як 3 тыдні стрымлівалі праціўніка на подступах да горада (гл.Полацка абарона 1941). 16.7.1941 П. акупіраваны ням.-фашыстамі, якія знішчылі тут каля 150 тыс. жыхароў і ваеннапалонных, усе прамысл. прадпрыемствы, культ.-асв. ўстановы, 96% жыллёвага фонду. Дзейнічала Полацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту і партызанамі ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. У 1944—54 цэнтр Полацкай вобласці, з 1954 раённы цэнтр Віцебскай вобл. У 1970 у П. 64,2 тыс. жыхароў.
У 9 ст. П. размяшчаўся на берагах р. Палата (адсюль назва горада) на ўмацаваным гарадзішчы. У 11 ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Зах. Дзвіну. У 12—13 ст. горад меў развітую планіровачную структуру; складаўся з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча і паселішча), Полацкага Верхняга замка, Вял. пасада (на правым беразе Зах. Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэр. Верхняга замка ў 11 ст. пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная Полацкая шкала дойлідства; узведзены Полацкі княжацкі храм, княжацкія палаты, Прадцечанская царква (на в-ве Зах. Дзвіны, не захавалася), у прадмесці Бельчыцы — Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; засн.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваны яго саборны храм — Спаса-Праабражэнская царква і храм-пахавальня. У 14 ст. заселены левы бераг Зах. Дзвіны. У 1-й пал. 16 ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660). У 1580 закладзены драўляныя касцёл і калегіум езуітаў, у 1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя будынкі Полацкага езуіцкага калегіума. У канцы 16 ст. планіровачная структура горада складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Зах. Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. П. з’яўляўся важным стратэг. пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесены драўлянымі сценамі з вежамі і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіума пачала фарміравацца Полацкая Парадная плошча. У 17—18 ст. існавала вял. колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў, у т. л.Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі Кляштар бернардзінцаў, Полацкі кляштар францысканцаў, Полацкі кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Да сярэдзіны 18 ст. склалася прамавугольная сістэма планіроўкі цэнтр.ч. П. У 1778 для правабярэжнай ч. горада распрацаваны рэгулярны праектны план. Уздоўж Зах. Дзвіны па гал. вуліцы (сучасны праспект К.Маркса) запраектаваны 3 плошчы: гал., гар. магістрата і гандл. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы 18 — пач. 19 ст. забудавана адм. будынкамі ў стылі класіцызму (захавалася часткова). Прамавугольную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з 3 плошчамі). У 1838 распрацаваны праект плана для ўсяго горада, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай ч., дзе ў цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. У паўн.-ўсх.ч. горада засн. новыя жылыя кварталы. Паводле генплана П. 1937—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. І.Рапапорт) пабудаваны прамысл. прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя дамы, адм. і грамадскія будынкі. У пасляваен. гады П. развіваўся паводле генплана 1948 («Белдзяржпраект», арх. Г.Заборскі, Л.Мацкевіч, А.Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, арх. В.Данілаў, А.Данілава, Л.Яніна, З.Даўгяла). Агульнагар. цэнтр размяшчаецца на гал.гар. магістралі — праспекце К.Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца гал. кампазіцыйнай восі — Зах. Дзвіне. У 1950—60-я г. рэканструявана цэнтр.ч. горада — пл. Леніна (б. Корпусная, цяпер Свабоды), праспект К.Маркса, вуліцы Гогаля і інш. Сучасны горад забудоўваецца паводле генплана 1972 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Чарнышоў, Г.Булдаў, М.Трагубовіч; карэкціроўка 1977). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і р. Палата падзяляецца на планіровачныя раёны (Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце), і левабярэжжа — раён Задзвінне. Арх.-планіровачная структура Цэнтр. раёна — прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Адм.-грамадскі цэнтр фарміруецца на пл. Свабоды. На скрыжаванні праспекта К.Маркса з вул. Гогаля ўтворана пл. Ф.Скарыны (у 1974 тут устаноўлены помнік Скарыне). У інш. планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа складаецца з жылой зоны і паўд.прамысл. раёна. Створаны мікрараён Марыненка з 5—9-павярховай забудовай, гандл. цэнтрам. Зоны адпачынку — поймы Зах. Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы 17—19 ст. па вул. Леніна, Полацкі жылы дом (Дом Пятра I), Полацкая кірха, дамы па вул. Скарыны, б. дом губернатара (у 2000 рэстаўрыраваны). Каля Сафійскага сабора знаходзіцца Барысаў камень (гл.Барысавы камяні) — помнік эпіграфікі 12 ст. Распрацаваны праект рэгенерацыі гіст. забудовы горада 1985 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Токарава, І.Шамецька). У 2000 у П. пабудаваны мост цераз Зах. Дзвіну, пастаўлены помнік Ефрасінні Полацкай (скульпт. І.Голубеў).
З 10 ст. ў П. развіты кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, шавецкае і інш. рамёствы. 12 ст. — росквіт пісьменства і адукацыі. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісныя запісы, праводзілася навучанне падлеткаў. Дзейнасць Ефрасінні Полацкай апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» — помніку бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. З сярэдзіны 12 ст. тут працавалі дойлід Іаан і майстар-ювелір Лазар Богша. У 1161 Богша зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. З 11 ст. вядомы помнікі эпіграфікі — надпісы, зробленыя ў П. ці выхадцамі з Полаччыны (на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, на касцях, амфарах, плінфе і інш., Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, а таксама надпіс палачаніна Жураговіца на сцяне Сафійскага сабора ў Кіеве). Захаваліся 3 рукапісныя помнікі 12—14 ст. — Полацкія евангеллі. Матэрыяльная культура П. ўключала элементы горадабуд. структуры, асаблівасці фартыфікацыі, побыту, развітое рамяство. У 2-й пал. 13—14 ст. культура П. перажывала некат. заняпад. У 15 ст. тут назіраўся ўздым культ. жыцця. Ад гэтага часу і да 17 ст. ў горадзе існавала 12 манастыроў і каля 18 храмаў. У 1581 засн.Полацкі езуіцкі калегіум, які ў 1812 пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам калегіума быў царк. і паліт. дзеяч, пісьменнік П.Скарга. Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лац. і стараж.-грэч. мовы, філасофію, фізіку, астраномію і інш. У 1618—21 і 1626—27 чытаў лекцыі паэт-гуманіст М.К.Сарбеўскі. З калегіума выйшлі мастак В.Ваньковіч, скульптар і гравёр Ф.Талстой, драматург і гісторык Н.Мусніцкі, пісьменнік Я.Баршчэўскі і інш. Пры калегіуме працаваў Полацкі школьны тэатр; створана Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 17 ст. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічалі брацтвы і школа, у якой у 1656 выкладаў педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі. У П. складзены зб.бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак». У 1835 на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. З 1872 працавала Полацкая настаўніцкая семінарыя (у 1902 яе скончыў бел. паэт Я.Журба). У пач. 20 ст. працавалі жаночая дзярж. гімназія (гл.Полацкія гімназіі), 6 вучылішчаў рознага профілю, 5 царк.-прыходскіх школ, яўр.рэліг. школа. У 1925—28 дзейнічаў філіял літ. аб’яднання «Маладняк». У 1926 адкрыты Полацкі краязнаўчы музей. У 1936 на базе мясц.т-ра рабочай моладзі створаны калгасна-саўгасны т-р. У 1940—41 працавалі 16 агульнаадук. школ, буд. і лясны тэхнікумы, школьнае і дашкольнае педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 б-к. У Вял.Айч. вайну знішчаны ўсе культ.-асв. ўстановы П. У пасляваен. час адноўлены ці адкрыты новыя. Сучасны П. — значны культ. цэнтр Віцебскай вобл. і Беларусі. Тут дзейнічаюць (2000) Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (уключае больш за 7 пастаянна дзеючых музеяў: Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі музей баявой славы і інш., таксама ахоўную зону стараж. цэнтра горада), пед. каледж, мед. вучылішча, нац. гімназія, 15 сярэдніх, муз. і 2 спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац.культуры, 2 нар. т-ры, 3 палацы культуры, 21 б-ка. П. — радзіма многіх дзеячаў культуры, у т. л. Ф.Скарыны, майстра-чаканшчыка па серабры І.Андрэева, рус. і бел. ўсходазнаўца К.Касовіча, этнографа і фалькларыста С.П.Сахарава, бел. кінарэжысёра Ю.В.Тарыча. Паводле меркаванняў некат. даследчыкаў, з Полаччыны паходзіць адзін з аўтараў і герояў «Слова пра паход Ігаравы» — Баян. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыне, У.М.Азіну, ахвярам фашызму, сав. ваеннапалонным і ахвярам фаш. тэрору, сав. воінам, воінам-гвардзейцам, камсамольцам Полаччыны, Вызвалення; Курган Бессмяротнасці. Помнікі археалогіі — гарадзішча і селішча (9—10 ст.), вал Івана IV Грознага (16 ст.) і інш.
Дзейнічаюць прадпрыемствы металаапр. (Полацкі завод сельгасабсталявання, Полацкі завод «Праммашрамонт»), хім. (Полацкі завод шкловалакна, італа-бел. прадпрыемства «Аджы Вуполста»), будматэрыялаў (Полацкі камбінат будматэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. (акц.т-ва «Палатэск»), лёгкай (Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», ільнозавод, акц.т-ва «Мона»), харч. (камбінат хлебапрадуктаў, мясакамбінат, кансервавы з-д, малочны камбінат, хлебазавод, піўзавод, вінзавод) прам-сці; паліграфпрадпрыемства «Спадчына Ф.Скарыны», ЦЭЦ, раённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхнікі, гідраметэастанцыя, лясгас, рыбгас «Полацкі». У П. знаходзяцца: Полацкі філіял Бел. камерцыйнага ун-та кіравання, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Полацкі лясны тэхнікум, Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, Полацкі педагагічны каледж, 3 ПТВ, мед. вучылішча, Нац. гімназія, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культур і рамёстваў, 2 нар. тэатры, 3 палацы культуры. П. — цэнтр Полацкай епархіі праваслаўнай царквы.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Яго ж. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Полоцкие грамоты ХІП — начала XVI вв. М., 1977—85;
Полоцк: Ист. очерк. 2 изд. Мн., 1987;
Раппопорт П.А. Полоцкое зодчество XII в. // Сов. археология. 1980. № 3;
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992;
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Мн., 1998;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.
Від на Полацк з боку Задзвіння. Фота канца 19 — пач. 20 ст.Полацк. Фрагмент праспекта К.Маркса.Плошча Ф.Скарыны ў Полацку. Фота 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г.культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн.культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г.культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНІ́Н (Bènin),
Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс.км². Нас. 4,9 млн.чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).
Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.
Прырода. Большую ч.тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.
На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.—ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля 1/5тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс.ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс.ж.).
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культурыстараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2-й пал. 17 ст. цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц.Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.
Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр. краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн.га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс.га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн.культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс.т, копры каля 9 тыс.т), арахіс (82 тыс.т), бавоўна (68 тыс.т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс.т), сорга (124 тыс.т), ямс (1,2 млн.т), на Пд рыс (10 тыс.т), маніёк (каля 1 млн.т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс.т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн. галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з-дмінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс.т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з-д (200 тыс.т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс.кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс.км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс.км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн.т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.
З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Беніна.Да арт.Бенін. Вёска народа сомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАІ́ЦІ (Haïti),
Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,9 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).
Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс.ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс.ж., Ганаіў — 63 тыс.ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.
Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр.з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш.с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.
Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах.ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх.ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.К.Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.Б.Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыяАмер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.Прэваль. Гаіці — чл.ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер.эканам. супольнасці. Найб.паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.