Жале́зка ’чыгунка’ (пераважна ў мове партызан у 1941–1945 гг., ТСБМ). Рус. кіраўск. желе́зка ’тс’ (СРНГ). Утворана на базе спалучэння жалезная дарога ў выніку кандэнсацыі пры дапамозе суфікса ‑к‑а; параўн. чыгунны шлях > чыгу́нка і г. д. (Ісачанка, Slavia, 27, 1958, 338). Магчыма разглядаць і як павышэнне актыўнасці слова, якое існавала яшчэ ў XIX ст., але магчыма новаўтварэнне. Уст. жале́зніца ’чыгунка’ (1881 г.) з укр. уст. желізниця (Жэлях.) ці залізни́ця (Гіст. лекс., 261). Параўн. у Коласа («На ростанях») жалязняк ’чыгуначнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлудзь ’картачная масць’ (Нас.). Рус. жлуди ’тс’. Фасмер (2, 58) лічыць форму жлуди ад желуди. Чарнышоў (Избр. тр., 2, 448) лічыў назву жолуда калькай чэш. < ням. назвы, а выпадзенне першай галоснай звязваў (там жа, 452) з формамі ўскосных склонаў мн. л. желуде́й, желудя́м > жлуде́й, жлудя́м, адкуль і другасная форма наз. скл. мн. л. жлуди. Трэба далучыць яшчэ магчымасць уплыву акцэнтнага варыянта жалу́д (гл.), прадстаўленага і ў бел. мове. Формы з мяккасцю апошняга зычнага вядомы і бел. мове (жолудзь, Шатал.). Гл. жолуд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́раз ’цяпер’, дыял. за́ра, за́рэ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. за́ра́з, укр. за́раз, польск. zaraz ’тс’, н.-луж. zaraz ’сабля, кінжал, нож’, в.-луж. zaraz ’удар’, чэш. zaráz, славац. zaraz ’цяпер’, чэш., славац. záraz ’удар; уражанне’. Ст.-рус. заразъ ’адразу’ (Курбскі). Націск указвае на магчымасць запазычання з польск., паколькі ў асноўным слова пашырана ў зах.-слав. мовах, дзе ўтворана з прыназоўніка za і назоўніка raz (гл. раз). Зыходнае значэнне ’за адзін удар, узмах’ (Брукнер, 645). Параўн. яшчэ і польск. teraz ’зараз’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палы́н ’пустазелле з моцным пахам і горкім смакам’. Рус. полы́нь, укр. поли́н, ст.-рус. пелынъ, пелынь, польск. piołun, ст.-польск. piołyn, чэш. peluň, pelyněk, серб.-харв. пѐлин ’шалфей’, славен. pelin ’тс’, балг. пели́н ’палынь’. Якой была прасл. форма, не зусім ясна. Звязваюць з polěti ’гарэць, палаць’ (Младэнаў, 417; Махэк, 443) або з назвамі колеру тыпу polvь (гл. пало́вы) (Праабражэнскі, 2, 103). Паралелі ўказваюць толькі ў лат.: pelane ’палын’, pelȇjums (мн.) ’тс’ (Мейе–Эндзелін, 3, 194). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 320.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ўла ’няўмека, непаваротлівы’ (Юрч.), ’мажная, непаваротлівая жанчына’ (ушац., Нар. сл.), ’непаваротлівы, тоўсты чалавек’ (паст., Сл. ПЗБ), то́ўлін ’які належыць няўмецы, непаваротлівай асобе’ (Юрч. СНЛ). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), роднаснае літ. tūlóti ’цёпла апранаць’, параўн. яшчэ ту́ля ’апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, якая выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Магчыма, генетычна звязана з тоўба (гл.), якое, як мяркуецца, можа паходзіць ад *toviti ’рабіць тучным’, тады ў аснове ўтварэння дзеяслоў тыпу балг. радоп. то̂вле̂м ’адкормліваць’, параўн. Куркіна, Этимология–1978, 40.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гу́рба, ‑ы, ж.

Куча снегу, намеценая ветрам. Напярэдадні ўсю ноч круціла завіруха, і па дарозе, яшчэ не ўезджанай, ляжалі гурбы снегу. Сіўцоў. Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты, згубіўшы свой фасон і від. Колас.

гурба́, ‑ы́, ж.

1. Група, гурт. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей: шэсць хлапчукоў і дзве дзяўчынкі. Шамякін. Не паспелі жанчыны заняць дзялянкі, як з-за гары паказалася вясёлая, гаманлівая гурба дзяўчат. Кулакоўскі.

2. у знач. прысл. гурбо́й. Групай, гуртам, усе адразу. На катку кружыліся, праносіліся віхорам канькабежцы; то па адным, то парамі, то, узяўшыся за рукі, цэлай гурбою. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бац ​1, выкл.

Разм.

1. Ужываецца для перадачы рэзкага адрывістага гуку. Тут адзін з рыбакоў размахнуўся і — бац! — абухом па лёдзе. Ігнаценка.

2. у знач. вык. Ужываецца для перадачы раптоўнасці, нечаканасці дзеяння. [Клест:] — І пацяклі на рахунак тысячы. А я тут бац, памесячнае авансаванне ўвёў, па тры рублі на працадзень. Шашкоў. [Зося:] — Толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не паспела вылезці з-за стала, як бац — хто ж ты думаеш? — Васіль у хату. Гартны.

бац ​2, баца, м.

Абл. Пацук. Збудаваў я палац, Многа фабрык, мастоў. Сам жа голы, як бац, — Пары дзве рызманоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вярну́цца ​1, вярнуся, вернешся, вернецца; зак.

1. Прыйсці, прыехаць назад у тое месца, адкуль выйшаў, выехаў. Партызаны, Напэўна, пайшлі на заданне і яшчэ не вярнуліся з цяжкага бою. Свірка. У пошуках спосабу жыць гэта сям’я на некалькі год трапіла На Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. // перан. Зноў з’явіцца, узнікнуць (пра пачуцці, настрой і пад.). Пакуль Стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачамі за яго павольнымі, важнымі рухамі, і ўчарашняе прыкрае пачуццё вярнулася зноў. Брыль.

2. Зноў заняцца ранейшай справай. Вярнуцца да сваёй пастаяннай работы.

вярну́цца ​2, вернецца; незак.

Разм. Нахіляцца на бок. Човен вернецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ганарлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Перакананы ў сваёй вартасці, годнасці; горды. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны. [Галіна], ганарлівая і прыгожая, пазірала на людзей і ішла, высока ўзняўшы сцяг. Галавач.

2. Ганарысты, фанабэрысты. Іван — малады яшчэ хлопец, рослы, статны, з прыгожым тварам. Па натуры .. добры, не ганарлівы, бо з людзьмі размаўляе ахвотна і ветліва. Кулакоўскі. // Які выражае гонар (у 2 знач.), поўны гонару. Ганарлівая ўсмешка. Ганарлівая самаўпэўненасць. □ — Жахліва, жахліва! — паўтараў.. [Вейс] і схіляў галаву. Куды падзелася ганарлівая звычка пазіраць на ўсіх з высока ўзнятай галавой? Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)