паці́снуць, ‑цісну, ‑ціснеш, ‑цісне; зак.
1. што. Сціснуць (чыю‑н. руку, пальцы, локаць і пад.) у знак прывітання, удзячнасці або на развітанне. [Сцёпка] няспрытна падаў руку, а яна [Аленка] так слаўна, па-прыяцельску паціснула і патрэсла яе. Колас. Рамір узяў яе пальцы ў свае, удзячна паціснуў іх. Асіпенка.
2. што і на што. Налегчы цяжарам; націснуць. Чалавек .. паціснуў бокам ці плечуком на грошы і ўціснуў іх у спарахнелы пласт моху. Чорны. Цёця ўстала і паціснула пальцам уключа[льнік]. Брыль.
3. Разм. Рушыць, пайсці. Сяляне, зліўшыся ў .. грамаду, павольна паціснулі да каморніка. Колас. [Рыгор] набраў поўныя пляшкі крынічнай вады і паціснуў у лес. Ваданосаў.
4. Увабрацца ў сілу, памацнець. Нанач яшчэ больш паціснуў мароз. Пташнікаў. У канцы лістапада, пасля зацяжных дажджоў, паціснулі маразы. Жук.
5. каго-што і без дап. Наступаючы, прымусіць адступіць, адысці. — Адтуль, — і Антось паказаў на ўсход, — маецца заданне. У гэту ноч раніцай, зрабіць тут на .. [белапалякаў] налёт. Наступ іх затрымаць.. А на фронце ў гэты час бальшавікі паціснуць. Нікановіч.
6. што. Разм. Пасунуўшы, наблізіць да чаго‑н. [Волька] пераставіла столік, паціснула да шафы крэслы. Скрыган.
7. Ціснуць некаторы час.
•••
Паціснуць плячамі (плячыма) — зрабіць рух плячамі ў знак няведання, неразумення, здзіўлення і пад. — Скажыце, вас напэўна падвысяць па службе? — Прыстаў, яшчэ малады і даволі просты чалавек, паціснуў плячамі. Колас.