Ару́д 1 ’засек’, гару́д (Гіст. мовы, 2, 59), ару́да (Яруш.). Рус. зах. ару́д ’тс’, польск. вільн. (h)orud ’тс’. Ст.-бел. орудъ (Гіст. лекс., 148). Беларускае (як і польскае) з літ. arúodas (Грынблат, Белор., 152; Кіпарскі, Лекс. балт., 14; Аткупшчыкоў, Лекс. балт., 32; Курс суч., 159 — у форме аруда; Гіст. лекс., 148; Урбуціс, Baltistica, V (I), 1969, 47–48). Карскі (Труды, 391) адзін з першых высунуў думку пра літоўскае паходжанне бел. аруд, лічыў беларускае слова рэдкім, без пратэтычных в або г і з неславянскім коранем. Адзначым, што ў не так ужо рэдкага беларускага слова ёсць і форма з пачатковым г‑, а таксама, што ў старабеларускай на пачатку пісалі о‑; этымалогію літоўскага слова нельга лічыць бездакорнай. Параўн. рус. орудница ’кладоўка зброі’ (ці не орудий?). Гл. Супрун, Балтийские яз., 42.

Ару́д 2 ’парушальнік грамадскіх правіл паводзін’ (КЭС, брэсц.). Магчыма, бязафіксны назоўнік ад дзеяслова арудаваць, параўн. укр. дыял. оруда ’праца, кіраўніцтва’ (застар.), ’клопат’, орудар ’верхавод’, ці не сюды ж прозвішча Арудко (Бірыла, Бел. антр., 242). Параўн. смал. а́ред ’шум, непарадак’, магчыма, звязанае з а́ред ’стары чалавек, чорт’, сувязь аруд са словам аред няпэўная (адрозненні ў фанетыцы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асё́л. Рус. осёл, укр. осел, польск. osioł, серб.-луж. wosoł, чэш. osel, славац. osol, балг. осел, серб.-харв. осао, славен. ȏsel. Палаб. asål з с.-н.-ням. esel (Лер-Сплавінскі–Палянскі, 20). Ст.-слав., ст.-рус. осьлъ, ст.-бел. оселъ. Праслав. запазычанне з герм. (гоцк.) asilus < лац. asinus, збліжанае з утварэннямі на ‑ьlъ тыпу *kozьlъ, *orьlъ. Кіпарскі, Gemeinslav., 208; Стэндар–Петарсан, Slav.-germ., 133, 369, 534; Брух, Зб. Крэчмеру, 12; Мартынаў, Лекс. взаим., 98–99, дзе гл. іншую літаратуру. Лац. asinus і грэч. ὄνος праз фракійска-ілірыйскае пасрэдніцтва з неўдакладненай малаазіяцкай мовы (Вальдэ-Гофман, 1, 73); Траўтман, 14, дапускаў балта-славянскі характар слова (параўн. літ. ãsilas), аднак балтыйскія словы маглі быць запазычаны самастойна (Фасмер, 3, 157) ці з усходнеславянскіх моў (Фрэнкель, KZ, 63, 204), Буга (Rinkt., 3, 763–764) указвае на беларускую мову як крыніцу літоўскага слова. Думка Мейе, Études, 186; Сабалеўскага, ЖМНП, 1911, 5, 163, пра лац. asellus як крыніцу славянскага слова не сустракае падтрымкі. Беларускі фразеалагізм асёл маляваны, паводле Янкоўскага, БФ, 57, пайшоў ад вандроўных цыркаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атра́ма, тра́ма ’бэлька ў хаце, што падтрымлівае іншыя бэлькі’ (БРС, ЭШ, Касп.), атраміна (Касп.); трам, трамо́к, отра́ма (Шушк.); атран (КЭС). Пра рэалію — трам гл. Малчанава, Мат. культ., 95. З XVII ст. трамъ (Булыка, Запазыч.). Укр. трам ’бэлька, вага’, отрамувати ’абчасаць, зрабіць бэльку чатырохграннай’, трям, трямок ’бэлька; частка ткацкага станка’. Польск. (з XVI ст.) — tram, чэш. (і ст.-чэш.), славац. tram, в.-луж., н.-луж. trama (і н.-луж. tramʼ), славен. trȃm(e) ’тс’. Брукнер (574, 575), Махэк₂ (649) абгрунтавана лічаць запазычаннем з ням. Tram, ст.-в.-ням. trame ў заходнія славянскія мовы (і славенскую); беларускае і ўкраінскае з заходнеславянскіх, для беларускай верагодная крыніца — польская. А‑ мае пратэтычны характар. Цяжка згадзіцца з меркаваннем Цыхуна (Лекс. балтызмы, 50) пра запазычанне з літ. atramà ’падпора, устой’, паколькі семантыка літоўскага слова супадае з беларускай, а незафіксаваная ў літоўскай форма без a‑ пашырана ў беларускай мове больш, чым з а‑; націск у літоўскай таксама адрозніваецца ад беларускага, які супадае з польскім. Агульнасць польскай, беларускай і літоўскай форм можа азначаць (насуперак Цыхуну) і пашырэнне польскай формы, прадстаўленай хаця і без пратэзы ва ўсіх заходнеславянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аце́ц ’бацька, татка’ (Бяльк., Шн., Хрэст. дыял., Яшкін, Бел. мова, 145), ’бацька; зварот дзяцей да бацькі’ (Ян.), оцец (ocieć) (Маш.), ацецкі: «людзі чэсныя, сыны ацецкія» (з песні, Рам. 8, 163), ст.-бел. отецъ (часам «отец рожоный» ’родны бацька’ ў адрозненне ад «отца духовного», параўн. Булахаў, З жыцця, 6), укр. отець, рус. отец, польск. ojciec, славац., чэш. otec, в.-луж. wótc, wóćec, н.-луж. wóść, славен. oče, серб.-харв. о̀тац, р. скл. о̀ца, макед. отец (уст.), балг. оте́ц (уст.), ст.-слав. отьць. Прасл. otьcь з otьkъ, вытворнага ад otъ ’бацька’, якое ўзнаўляецца на падставе ст.-рус., ц.-слав. отьнь ’бацькаў, бацькоўскі’ і рускіх дыялектных форм, параўн. отька, атёк, а́тка ’бацька’ (гл. Шарапава, УЗ МОГТИ, 193, 323 і наст.); грэч. ἄττα ’бацька’, лац. atta, гоц. atta, алб. at, ірл. aite ’апякун, выхавацель’, хец. attaš ’бацька’ і інш. Паходзіць з дзіцячай мовы, як і іншыя тэрміны роднасці, параўн. маці. Гл. Фасмер, 3, 170; Трубачоў, История терм., 25 і наст. Сучаснай беларускай літаратурнай мове слова невядома, аднак сустракаецца ў народных песнях; у дыялектнай мове — русізм або царкоўнаславянізм, параўн. Яшкін, Бел. мова, 145. Гл. айцец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бая́рын. Рус. боя́рин (ст.-рус. бояринъ), укр. боя́рин, ст.-слав. болꙗринъ (мн. болꙗре), балг. боля́рин, боля́р, серб.-харв. бо̀љарин, бо̀љар, славен. boljár. Слова, якое выступае толькі ў паўд. і ўсх. славян. Найбольш верагоднай з’яўляецца версія пра запазычанне з адной з старых цюркскіх моў. Параўн. пратабулг. тытулы, запісаныя грэчаскім пісьмом: βωυλε, βοιλα, βοηλα, βουληα і г. д. Першапачаткова (л)ꙗр(е) было канчаткам мн. ліку ў пратабулг. мове (параўн. цюрк. ‑lar). З ст.-слав. мовы слова папала да ўсх. славян. Геаргіеў, ИИБЕ, 1952 (2), 89; БЕР 1, 66. Шматлікія іншыя тлумачэнні і версіі (у тым ліку і фанетычныя) гл. у Фасмера, 1, 203–204. Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне (гл. Шанскі, 1, Б, 182) слова з слав. крыніцы (< bojь ’бітва’). Няпэўная таксама кельтская этымалогія Шахматава (AfslPh, 33, 86). Агляд версій гл. таксама ў Шанскага, 1, Б, 181–182. Форма бая́рынь (Шат.) пад уплывам бая́рыня (рус.), як ба́рынь (гл.) пад уплывам ба́рыня. У песнях і да т. п. сустракаюцца формы бая́рка ’пані’ (Нас.), ’шаферка’ (Касп.), бая́рʼе, боя́ре (Нас.), быя́ря (Бяльк.), бая́рыя ’панства’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йстар, ма́йсцер, ма́йсцяр, ма́йстра, майсцёр ’спецыяліст у якім-небудзь рамястве, галіне вытворчасці’, ’мастак, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе’, ’зух’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Нас.), шчуч. ’бацька маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. майстеръ, майстръ, мастеръ ’майстар, начальнік’ (XVI ст.); ст.-рус. мастеръ ’магістар ордэна’ (XIII ст.), ’майстар’ (XVI ст.). Запазычана праз польск. majster з с.-в.-ням. majster < ст.-в.-ням. meistar < лац. magister < magis ’большы’ (Булыка, Запазыч., 195). У бел. майсьцер ’майстар’ (Нас., Шат., Бяльк.) і майстырь (Бяльк.) другая частка слова аформлена пад уплывам рус. мовы. Формы майстра, майстря ’тс’ (Гарэц., Бяльк., Сл. ПЗБ) — арыгінальныя беларускія (як це́сля). Сюды ж майстрова ’маці маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), майстрыха, майсьцерыха, майстровая ’жонка майстра’, майстроўка ’дачка майстра’, майстравы ’рабочы, рамеснік’ (ТСБМ, Нас.), майстэрскі, майстэрства (ТСБМ). Гл. яшчэ майстраваць. Махэк₂ (365) мяркуе, што чэш., польск. і в.-луж. (mistr, mistř, mistra; mistrz; mištr) формы паходзяць з лац. magister, славац. majster, з ням. Meister, у іншых слав. — з грэч. μάγιστρος, μαίστωρ або з італ. ma(e)stro. Фасмер (2, 578) дапускае ў рус. мове польскае пасрэдніцтва або (магистръ) праз с.-грэч. μάγιστρος.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́нна 1 ’ежа’, таксама ў выразе: манна нябесная (біблейскі, (разм.), ’манныя крупы’ (ТСБМ, смарг., Сл. ПЗБ). Укр. манна (небесна) ’тс’, рус. манна ’манна нябесная’, ст.-рус. мана, манна, маньна ’манна’, ст.-слав. ман(ъ)на; маньна (Пацлава, Paleoslov., 120). З грэч. μάννα ’ежа’, якое з арам. mannā́ ’дар, ежа’. У зах.-слав. мовах mana, manna з с.-лац. manna, якое таксама з грэч. мовы. Разглядаючы італ. manna Бацісці–Алесьё (3, 2351), дапускаюць, што біблейская манна суадносіцца з раслінай Lecanora esculenta (гл. манна 2).

Ма́нна 2 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.) R. Br.’, ’застылы сок гэтай і некаторых іншых раслін’ (маг., Кіс.; ТСБМ). Укр. манна, манна трава, маннова трава, польск. manna, mannianka, słodycz ’маннік’, чэш. manna, польск. manna samorodna ’расічка, Digitaria, рус. манна, славац. manna jeḋla ’манна ядомая, Lecanora esculenta’ і інш. — да прасл. mana (гл. мані́цы). Раней у жыцці старажытных славян (на Беларусі нават і ў XIX ст.) маннік шырока выкарыстоўваўся ў ежы ў выглядзе каш, а з застылага соку, які збіралі перад узыходам сонца, рабілі напіткі («мяды»), параўн. рус. мёд из манны (Махэк, Jména rostl., 280 і 294).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мова ’размоўная, літаратурная мова’, ’спосаб вымаўлення слоў, манера гаварэння’, ’размова’, ’гаворка, гутарка’, ’казань’, ’здольнасць гаварыць’, ’слова’ (ТСБМ, Нас., Мал., Гарэц., Булг., Яруш., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; паўд.-усх.). Укр. мова, рус. мо́лва́, ст.-рус. мълва, польск. mowa, в.-луж. mołwić, чэш. mluva, славац. mluviť, славен. mółviti, балг. мълва́, ст.-слав. млъва. Прасл. mъlva, mъlviti. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. bráviti, авест. mraoiti ’гаворыць’, зенд. mraviti ’тс’. Сэмерэньі («Emérita», 22, 1954, 159) мяркуе аб роднасці слав. лексемы і лац. pro‑mulgāre ’гаварыць уголас, публічна’, *molgā ’размова’, ст.-грэч. гамер. νυκτός ἀμολγῷ ’у начной цішыні’ < *mel‑g‑, авест. mar‑, ст.-грэч. μέλοσ ’песня’, прасл. mъlv‑ < *mel‑w‑, ням. melden, хец. meld‑ ’даваць абяцанне’ < *mel‑dh‑ (Бернекер, IF, 8, 286; Трубачоў, Дополн., 2, 641–642; Бязлай, 2, 194; Плюта; JP, 40, 1961, (2), 126). Памылкова Кюнэ (Poln., 78) і Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) гавораць аб запазычанні з польск. мовы, але ў ёй яшчэ ў XIV ст. было mołwa, а пераход ł > u̯ адбываўся ў канцы XVI — пачатку XVII ст. У ст.-бел. мове пераход ъл > ў ужо да XIV ст. закончыўся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Князь 1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь 2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)