ФЕНАМЕНАЛІ́ЗМ,
філасофскае вучэнне, згодна з якім чалавечаму пазнанню лічыцца даступнай толькі сукупнасць элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчуванняў), а не аб’екты матэрыяльнага свету, што існуюць незалежна ад свядомасці. Адзінай даступнай чалавеку рэальнасцю прызнае пачуццёвыя ўспрыманні, якія складаюць змест яго пазнання. Гранічны Ф. адлюстраваны ў поглядах Дж.Берклі, які разглядаў рэчы як збор ідэй у выглядзе камбінацыі адчуванняў. Д.Юм лічыў рэчы прадуктамі ўяўлення, Дж.С.Міль — сукупнасцю актуальных і патэнцыяльных адчуванняў. Махісты (Э.Мах, Р.Авенарыус і інш.) пад рэчамі разумелі комплекс адчуванняў — элементаў «чыстага вопыту». Т. зв. аб’ектыўныя фенаменалісты прызнавалі існаванне аб’ектыўнага свету, але лічылі яго сукупнасцю непазнавальных «рэчаў у сабе», сцвярджалі, што пазнанне звязана толькі з фактамі свядомасці і не можа выйсці за яе межы (І.Кант, А.Шапенгаўэр, І.Ф.Гербарт, Р.Г.Лотцэ, Э.Гаргман і інш.). Элементы Ф. характэрны для англа-амер. неарэалізму, прадстаўнікі якога атаясамлівалі матэрыяльныя аб’екты з пачуццёвымі звесткамі, адначасова прызнавалі і залежнасць аб’ектыўнага свету ад суб’екта пазнання, і яго існаванне па-за межамі свядомасці індывіда. Прадстаўнікі неапазітывізму лічылі, што пазнанне павінна абмяжоўвацца непасрэдна дадзеным вопытам ці мовай. Лінгвістычны Ф. прызнае выказванні пра матэрыяльныя аб’екты эквівалентнымі выказванням пра пачуццёвыя звесткі.
В.Дз.Марозаў.
т. 16, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,
адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).
У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.
А.А.Гусак.
т. 16, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Па́гада ’буддыйскі храм у краінах Далёкага Усходу’ (ТСБМ). Відавочна, праз рус. па́года ’тс’ з ням. або франц. pagode, партуг. pagoda, якое лічыцца словам малайскага паходжання (Клюге, 430; Фасмер, 3, 183).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бараві́нка гатунак яблыкаў’ (БРС). Відаць, з рус. борови́нка ’тс’ (лічыцца, што назва ўзнікла ад імя тульскага садавода Бравіна, які вывеў гэты сорт). Гл. Фасмер, 1, 195; Шанскі, 1, Б, 170.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прасмулы́жыцца ’працерціся аж да зямлі (пра зімовую дарогу)’ (Касп.). Параўн. смурыжыць ’церці’ (Бяльк.), рус. цвяр. смурыгаць ’тс’. Апошняе лічыцца пазнейшым ітэратыўным утварэннем ад сморгать (Фасмер, 3, 693). Гл. сморгаць, шморгаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Выра́зны (БРС, Нас.). Відавочна, запазычанне з польск. wyrazny ’тс’, калі ўлічыць націск і фіксацыю ўжо ў Насовіча насуперак Гіст. мовы (2, 141 і наст.), дзе яно лічыцца новаўтварэннем пачатку XX ст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Праздо́нніца ’бяздонне, бездань’ (Касп.). Да дно; утварэнне аналагічнае польск. przezden ’тс’, дзе, паводле Банькоўскага (2, 923), выступае przez ’без’, што ў такім значэнні лічыцца “выключна польскім”. Паланізм? Параўн. бездань, прадонне, праз (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
туш 1, ‑а, м.
Кароткае музычнае прывітанне ў гонар каго‑н. у час віншавання, узнагароджвання, а таксама невялікая музычная п’еса фанфарнага складу. А потым пад урачысты туш уручалі ветэранам і перадавікам вытворчасці грашовыя прэміі і ганаровыя граматы. Місько.
[Ням. Tusch.]
туш 2, ‑ы, ж.
Чорная ці каляровая фарба для чарчэння або малявання. Лязо непрыкметна, мікрон за мікронам, здымала з паперы напісаныя тушшу літары. Новікаў. На фоне неба вяршыні старых елак здаваліся намаляванымі чорнай тушшу. «Беларусь».
[Ням. Tusche.]
туш 3, ‑у, м.
Выпадковы дотык да шэра, які лічыцца за ўдар у гульні на більярдзе.
[Фр. touche — дотык, датыканне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,
адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.
Літ.:
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;
Декарт Р. Первоначала философии // Соч. М., 1989. Т. 1;
Лейбниц Г.В. Монадология // Соч. М., 1982. Т. 1;
Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.
А.В.Рубанаў.
т. 1, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСАЛІТЭ́Т (франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),
сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст. юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)