ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,

адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).

У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)