Анцімо́нія ’доўгая пустая гутарка’ (Бяльк.). Рус. антимо́ния (у выразе «разводить антимонию» — весці доўгую непатрэбную гутарку), фіксуецца з сярэдзіны XIX ст., смален. антимония ’хітрыкі’ (Дабр.). Форма анцімонія ўказвае на рус. паходжанне (Шанскі, 1, А, 115). Антымонія, магчыма, узнікла ў выніку метатэзы з антыномія або ў жаргоне семінарыстаў (Фасмер, 1, 79), або пад уплывам назвы нямецкай секты антыномаў, якія не лічылі патрэбным выкананне рэлігійных загадаў (слова antynom у гэтым значэнні вядома польскай мове XVI ст. — Sł. XVI w.). Аб магчымасці польск. пасрэдніцтва для бел. слова (пры метатэзе) БМ, 48. Менш верагодна Зяленін, РФВ, 54, 113: семінарская пераробка слова антифоны ’царкоўныя спевы з частымі паўторамі’, а тым больш Міхельсон (Рус. мысль, 1, 21) ад антымоній — хім. элемент, які, паводле падання, паволі атручваў манахаў нейкага манастыра. Параўн. назву сурмы: Antymon у польск. і шэрагу еўрапейскіх моў (с.-лац. antimonium, магчыма, з араб. *ithmid), адкуль і ўсх.-слав. назвы мінералаў антыманіт (БелСЭ) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грыф ​1, ‑а, м.

1. У антычнай міфалогіі — крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва.

2. Вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай.

[Грэч. gryps.]

грыф ​2, ‑а, м.

1. Доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны. Гітара была добрая, з прыгожымі малюнкамі на версе, з вялікім чырвоным бантам на канцы грыфа. Васілёнак.

2. Стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі.

[Ням. Griff.]

грыф ​3, ‑а, м.

1. Штэмпель з узорам чыйго‑н. афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля. Бланк з грыфам установы. □ Светла-жоўтыя, горда аздобленыя двухмоўным грыфам паўпрэдства СССР пакеты прыходзяць на лагерную пошту амаль штодня. Брыль.

2. Надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. Апублікаваць брашуру пад грыфам: «На правах рукапісу». □ Палкоўнік запісаў.. [лічбы] на бланку з грыфам «Сакрэтна», затым утаропіўся ў іх вачамі і задумаўся. Дудо.

[Ад фр. griffe — кляймо, штэмпель.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРО́ДНЫЯ СПЕВАКІ́,

творчыя носьбіты мясц. традыцый нар. спеву. Вядомы ўсім народам свету. На Беларусі наз. «спявухі», «пеюны», «пяюллі», «пяўчыцы», «песнахоры» і «песнахоркі». У вясковым побыце традыцыі спеву з даўніх часоў суправаджалі ўсе бакі жыцця (працу, адпачынак, звычаі і абрады, урачыстыя падзеі і святкаванні), і ва ўсіх выпадках роля Н.с. вызначальная. Яны «вядуць парадак» спявання строга прымеркаваных да пэўнага часу ці абставін каляндарных песень, выступаюць своеасаблівымі цырымоніймайстрамі пэўных этапаў сямейна-абрадавых дзеянняў (вяселля, радзін, пахавання), завадатарамі (закапёршчыкамі) нар. святкаванняў (на ігрышчах, карагодах, бяседах). У адрозненне ад прафес. спевакоў або ўдзельнікаў арганізаваных самадз. калектываў гал. асаблівасць майстэрства Н.с. — творчая імправізацыя: песня не проста выконваецца ў пэўным зафіксаваным выглядзе, а кожны раз нібыта нараджаецца нанава. Імправізацыйны пачатак у аднолькавай ступені выяўляецца ў адзіночным і хар. нар. спяванні: у свабодным распеве аднаго голасу, гетэрафонных адхіленнях (пералівах) пры выкананні аднагалосых песень хорам, у вар’іраванні меладычнай лініі падгалоска пры выкананні шматгалосых песень. Шматвяковая маст. практыка спявання на адкрытым паветры («на волі») спарадзіла свайго роду школу тэмбрава маляўнічага галаснога спеву з выдатнымі яго майстрамі, якія заўсёды вылучаліся ў працэсе стыхійнага спаборніцтва нар. самародкаў. Сярод Н.с. яны — карыфеі, якія вядуць за сабой увесь хор або ансамбль (гурт). Найчасцей гэта запявала («запявайла», «пачынальнік», «зачынальнік»), які «заводзіць песню», а таксама верхні падгалосак («падгалоснік», «падводка», «гаравік»), што «падымаіць песню». Майстроў галаснога спеву найчасцей можна сустрэць сярод пастухоў, леснікоў, працаўнікоў палёў, раней і сярод плытагонаў. Ад бел. Н.с. спецыялістамі запісана шмат узораў нар.-песеннага мастацтва. Дзякуючы фалькл. зборнікам і даследаванням, муз.-этнагр. канцэртам, дакумент. кінастужкам, грамзапісу аўтэнтычнага фальклору многія знаўцы песень і майстры нар. спеву вядомы на Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: у зах. рэгіёне — Захвея Хвораст (в. Шакуны), Мікола Смаль (в. Росахі, абедзве Пружанскі р-н), Таццяна Місевіч (в. Доўгая, Шчучынскі р-н), Кацярына Пышка (в. Зачэпічы), Надзея Бурак (в. Ахонава, абедзве Дзятлаўскі р-н); у Паазер’і — Еўдакея Зуева (в. Цясты, Верхнядзвінскі р-н), Зося і Тоня Прускія (в. Аношкі, Лепельскі р-н); на Палессі — Алесь Каранчук, Адам Масальскі, Юзік Русак (в. Клятная, Пінскі р-н); Сцяпан і Марыя Дубейкі, Ганна Вянгура (в. Тонеж), Феня Алесіч, Наля Андрэйкавец (в. Букча), Ілья Зенькавец, Іван Прыбора (в. Глушкавічы, усе Лельчыцкі р-н); ва ўсх. рэгіёне — Домна Чачуга, Таццяна Лапаціна (в. Азершчына), Есіп Сілко (в. Лазараўка, абедзве Рэчыцкі р-н); Прося Гарэцкая (в. Багацькаўка, Мсціслаўскі р-н), Кацярына Манжэрава (в. Беразоўка, Быхаўскі р-н), Міхась Басякоў (в. Антонаўка, Чавускі р-н).

Літ.:

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962;

Ширма Г. Двести белорусских народных песен. М., 1958;

Можейко З. Песенная культура белорусского Полесья. Мн., 1971;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. М., 1984. Вып. 2. С. 11—12.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 11, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паго́ня 1 ’праследаванне таго, хто ўцякае, і тыя, хто праследуе’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), паго́н (Нас.), паго́нь (ТС) ’тс’. Рус. пого́ня, укр. пого́ня, пого́нь, ст.-рус. погон, погоня, погона (13 ст.), польск. pogoń ’тс’, серб.-харв. погон ’рухаючая сіла цягі’, славен. pogon ’пагоня’. Ад pogъnati (гл. гнаць) з рознымі суф.: ъ, ja, jь. Праславянская мадэль з іншай аналагічнай ступенню ў назоўніку.

Паго́ня 2 ’невялікае балота’ (Шатал.), пого́ня ’невялікае балота, заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), пого́ня ’месца, якое заліваецца вадой у час паводкі або пасля дажджу; сена, якое скошана на такіх месцах’ (Клім., 58), ’нізіна, балоцістая даліна’ (ТС), ’вузкая лагчына, месца сцёку вод пры вясновым раставанні і атмасферных ападках’, ’вузкая і доўгая нізінная мясцовасць сярод больш узвышанай’, ’вельмі густыя зараснікі, якія цягнуцца больш на балоце і нізкіх месцах’ (Талстой, Геогр., 196). Палескі геаграфічны тэрмін. Ад pogъnati з суф. ‑ja: утворана па праславянскай мадэлі з унутранай формай ’месца, дзе гоніць ваду’ (гл. Талстой, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баліна ’саланчак’ (ст.-бел., Нас. гіст.). Бясспрэчна, да бел. ба́лка ’роў; гразкая яма на дарозе; гразкая дарога’ (Яшкін), рус. ба́лка, укр. ба́лка, ба́вка ’стэпавы яр’, ба́лище ’тс’ і ’вузкая, доўгая даліна’. Польск. bałka ’маленькае возера; яр’ (мабыць, з укр.). Словы вельмі цёмнага паходжання. Думаюць аб: 1) роднаснасці з слав. bolto ’багна’, літ. balà ’тс’, ст.-в.-ням. pfuol ’лужына, багнішча’ і г. д. Бернекер, 40; Мюлейбах–Эндзелін, 1, 253; 2) роднаснасці з тапанімічнай назвай Балка́н (Сабалеўскі, РФВ, 71, 439); 3) запазычанні з цюрк. моў (тур. bulak ’крыніца’ і г. д.; Развадоўскі, RS, 2, 103; кірг. balkaš ’багністае месца’, Фасмер, RS, 3, 255 і наст.). Параўн. яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 103; Фасмер, 1, 115–116. Шпэхт (Ursprung, 318, 116, 120) выстаўляе і.-е корань *bhel‑, *bher‑ ’шэры’. Няпэўна. Цікавай з’яўляецца думка пра сувязь з такімі словамі, як обвал, провал і г. д. (так ужо Нас. гіст.). Адносна гэтай магчымасці параўн. і серб.-харв. о̏бала ’бераг’ (< *обвала; упершыню Брандт, РФВ, 18, 7).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ціна ’высакародны метал шаравата-белага колеру’ (ТСБМ). З рус. платина ’тс’, якое праз ням. platina ці непасрэдна з ісп. platina ’кепскае срэбра’, вытворнага ад ісп. plaki срэбра’ (Фасмер, 3, 275), — апошняе адпавядае прасл. *platu: у гой час сярэбраны посуд уваходзіў у манетарную сістэму (Мартынаў, вусн. паведамл.).

Плаці́на 1 ’гідратэхнічнае збудаванне на рэках і вадаёмах для падняцця ўзроўню вады’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ). Да плот (гл.) і суф. ‑ін‑а. Найбольш імаверна, што слова прыйшло з рус. моўнай тэрыторыі. Параўн. рус. паўн. плоти́на́ ’пярэспа’, разан., варонеж. ’гаць’, омск. ’ніжнія бярвёны плыта’, арх. ’фундамент дома з бярвенняў і інш. пабудоў’.

Плаці́на 2 ’невялікі кавалак палатна, анучы’ (Шат.), плаці́нка ’абрэзак матэрыі’ (ТС). Да плат, палатно (гл.).

Плаціна́ ’агароджа з жэрдак’ (слуц., ДАБМ, камент., 811), ’доўгая і тонкая жардзіна для плота’ (Варл.), плаці́на ’жэрдка ў плоце’ (астрав., Сл. ПЗБ), плаця́нка ’накрытая паветка, сцены якой з паркану’ (Варл.). Да плот (гл.). Сюды ж пла́ціна ’жэрдка (з плоту)’ (гом., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Суня́тла, суня́тло ’трайня ў возе’ (Маслен.), сыня́тло ’частка воза, развілка’ (Маслен., Тарн.), ’адтуліна, куды ўваходзіць дышаль’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), свыня́тло, свіня́тло ’доўгая жэрдка, у канцы раздвоеная, якая злучае задок і перадок воза’ (Маслен.; брэсц., ЛА, 2; Бел.-укр. ізал.), ’раздвоеная жэрдка, што мацуецца да разворы’ (Маслен.). Укр. дыял. суня́тло, свиня́тло, синя́тло, сня́тло ’частка воза, развілка, трайня, развора’ (Нікан., Трансп.). Беларуска-ўкраінскі рэгіяналізм няяснага паходжання. Дзендзялеўскі (Sslav., 22, 295) мяркуе, што тэрмін утвораны ад асновы дзеепрыметніка залежнага стану *су‑йнят‑ьл‑о ’тое, што аб’ядноўвае, злучае (задок і перадок воза)’, гл. няць. У такім выпадку варыянт свіня́тло (свыня́тло) — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння са свіння, гл. Аднак рэдкая фіналь ‑тло (адносна фарманта ‑tlo, параўн. Трубачоў, Этимология–1963, 38) і варыянтнасць асновы слова сведчаць, хутчэй за ўсё, на карысць запазычання, параўн. серб. дыял. са̀јтне, са̀јнтали, санита́ли, са̀нтал ’планка ў драбінах воза’, іншая назва ауфсајтне ’тс’ (германізм?), гл. Војвођанска коларска терминологија. Нови Сад, 1984, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

істу́жка і сту́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Палоска каляровай тканіны, якая скарыстоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і інш. мэт. Чырвоная істужка. □ Выйшла на пляц.. [Аксеня] — у шаўковых істужках, заплеценых у косы. Пестрак. // Палоска шаўковай тканіны пэўнага колеру і памераў для ордэнскага знака, медаля; нашыўка; знак адрознення. Ордэнская істужка. □ Гарэлі на сонцы чырвоныя істужкі на шапках у партызан. Шамякін.

2. Доўгая вузкая палоска з якога‑н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб. Ізаляцыйная істужка. □ Некаторы час тэлеграф маўчаў. І вось паплыла белая стужка з кропкамі і працяжнікамі. Алешка.

3. перан.; чаго. Тое, што ўецца, цягнецца вузкай доўгай паласой. Вузкая істужка рэек ляжала ўпоперак цераз Пнівадку. Чорны. За лугам сіняй істужкай вілася рэчка. Пестрак.

4. Рухомае перадатачнае палатно ў некаторых механізмах, транспартных прыстасаваннях. Канвеерная істужка. □ Пабеглі па бясконцай істужцы транспарцёра ўгору цагліны. Паслядовіч.

•••

Кінематаграфічная істужка — празрыстая істужкападобная плёнка з нанесеным на яе слоем святлоадчувальнай эмульсіі; кінаплёнка.

Кулямётная істужка — парусінавая або металічная палоска з гнёздамі для патронаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казыта́ць, казычу, казычаш, казыча; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб. Сена казытала то шчаку, то шыю, то забівалася за каўнер. Лупсякоў. Лейба прыціснуў да губ голы жывоцік маленькае Ханы, і яна смяялася і дрыгала ножкамі, бо доўгая барада і вусы казыталі яе. Чарнышэвіч. // Выклікаць лёгкае раздражненне ў носе, горле (пра моцны пах, дым і пад.). Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос, — такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Бядуля. Прагорклы пах газы і гарэлага машыннага масла казытаў ноздры. Хадкевіч. // безас. Пра раздражненне ў горле, носе. Ад болю крывіўся.. [Бораў] твар, вочы наліваліся нечым пякучым, а ў горле казытала, нейкая горнасць апаноўвала ўсяго. Кавалёў. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй сыпаліся слёзы. Гурскі.

2. перан. Прыемна ўзбуджаць. Тое, што Грамабой хваліў яго за добрасуседскае абыходжанне, казытала трохі Язэпаў гонар і як бы ўзнімала яго вышэй над Рыгорам. Крапіва. Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карава́н, ‑а, м.

1. Група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы і людзей у пустыні, у стэпе. — Наш невялікі караван вярблюдаў з медыкаментамі, харчамі і ўсім неабходным для экспедыцыі ішоў следам. Васілевіч. [Па гасцінцы] якраз і ішлі караваны ў той благаславёны Алатау. Васілёнак. // перан. Доўгая чарада аднародных істот, прадметаў, якія рухаюцца ў адным напрамку. Скора гусей караваны Сэрца напоўняць журбою. Непачаловіч. Караван ялавак і бычкоў пацягнуўся з калгаса да жывёла-нарыхтоўчай канторы. Дуброўскі. Скрозь семафоры адкрыла яна [восень] паравозам, Што караваны вагонаў па рэйках вядуць. Куляшоў.

2. Група суднаў, якія ідуць адно за другім або выконваюць агульную задачу. [Бамбардзіроўшчыкі] двойчы наляталі на караван у моры і затапілі адзін карабель. Шамякін. // Група злучаных несамаходных суднаў або плытоў, якія ідуць адно за другім на буксіры. Да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак. В. Вольскі. Ля ракі сёння вяжуць Караван плытагоны. Кірэенка.

3. у знач. прысл. карава́нам. Чарадой, адзін за другім. Пралятаюць, Раняючы крыкі, Караванам даўгім жураўлі. Аўрамчык. Паплывуць караванам плыты Да далёкага сіняга мора. Астрэйка.

[Перс. kār(e)vān.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)