САКО́ВІЧ Касьян (свецкае імя Калікст; 1578?, в. Пацеліч Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 1647),

украінскі пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Скончыў Кракаўскую і Замойскую акадэміі. У 1620—24 выкладчык, потым рэктар Кіеўскай брацкай школы. За рэдагаванне і выданне «Апалогіі...» М.​Сматрыцкага (1628, на польскай мове) пракляты кіеўскім правасл. саборам. У 1641 перайшоў з уніяцтва ў каталіцызм, быў прапаведнікам у Кракаве. Пісаў на польскай, стараж. бел. і ўкр. мовах. Аўтар філас. трактата «Арыстоцелевы праблемы» і царк.-багаслоўскіх твораў, накіраваных супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў: «Трактат пра душу» (1625), «Кіеўскі сабор...», «Пра мытарствы», «Дыялог, або Размова Мацка з Дзянісам, папом схізматыцкім» (усе 1641), «Перспектывы» (1642). З паэт. спадчыны зберагліся «Вершы на жалобнае пахаванне... Пятра Канашэвіча Сагайдачнага, гетмана войска... запарожскага» (1622, на ўкр. мове), у якіх аўтар апявае яго гераічнае жыццё.

Літ.: Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М, 1981; Wiszniewski M. Historya literatury polskiej. T. 8. Kraków, 1851; Siarczyński F. Obraz wieku panowania Zygmunla III... T. 2. Poznań, 1858.

У.​Г.​Кароткі.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РДЭЛЬ Леанід Ісакавіч (н. 14.8.1933, г. Крывы Рог Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. кампазітар. Скончыў Крыварожскі горна-рудны ін-т (1956), Бел. кансерваторыю (1968, кл. А.​Багатырова). Працаваў у Крыварожскім НДІ мех. апрацоўкі чорных металаў. З 1963 канцэртмайстар Мінскага пед. ін-та і дзіцячага хору Бел. тэлебачання і радыё. З 1968 выкладчык Маладзечанскага муз. вучылішча, з 1974 — Рэсп. школы-інтэрната па музыцы і выяўл. мастацтве. Аўтар музыкі для дзяцей і юнацтва, якая вызначаецца меладызмам і прастатой апрацовак бел. нар. песень для дзіцячага, мяшанага і жаночага хароў. Сярод твораў: сімфонія, кантаты «Размова з сынам» (абедзве 1968), «Рознакаляровая зямля» (1975), араторыя «Дзень добры, родны край» (1983), сюіта для дзіцячага хору і нар. арк. «Беларускія карцінкі» (1981), харавы цыкл «У заапарку» (1979—87), вак.-харэагр. кампазіцыя «Нам хораша жыць» (1983); балады для хору і сімф. арк. «Лаўскі бой» (1982) і «Песня лясных волатаў» (1987) і інш.; музыка для спектакляў. З 1990 жыве за МЯЖОЙ.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛАПАЎ Міхаіл Рыгоравіч (н. 15.10.1924, с. Пакроўскае Цярбунскага р-на Ліпецкай вобл., Расія),

бел. баяніст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Засл. дз. культуры Беларусі (1963). Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Праф. (1993). Скончыў Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1955). З 1948 у Брэсце, выкладчык муз. навуч. устаноў, арганізатар калектываў маст. самадзейнасці, у т. л. сімф. аркестра пры муз. вучылішчы (1950—67), хору настаўнікаў (кіраўнік у 1961—63) і інш.; у 1967—70 дырэктар Раснянскай дзіцячай муз. школы Камянецкага р-на. З 1966 у Бел. акадэміі музыкі (у 1973—79 заг. кафедры). Аўтар апрацовак і інструментовак для аркестраў і ансамбляў розных складаў, сольных п’ес, песень, рамансаў. Склаў вучэбна-пед. рэпертуар для баяна, акардэона, фп., цымбалаў, у т. л. «Падручнік для класа цымбал» (1977), праграмы па класе баяна для муз. каледжа пры Бел. акадэміі музыкі і па ўводзінах у спецыяльнасць для муз. вучылішчаў. Даследуе праблемы прафес. выканальніцкага мастацтва і маст. самадзейнасці. Складальнік кн. «І.​І.​Жыновіч ва ўспамінах сучаснікаў» (1997).

А.​В.​Скорабагатчанка.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛТАН Уладзімір Яўгенавіч (9.1.1953, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 1.6.1997),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1979, кл. А.​Багатырова). З 1983 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. Творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, інтанацыйнай выразнасцю, эмацыянальнай напружанасцю, нац. акрэсленасцю. Асн. дасягненні ў жанры оперы і віяланчэльнай музыкі. Сярод твораў: оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» (паводле аповесці У.​Караткевіча, паст. 1989), «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К.​Тарасава «Чорны шлях», 1990), «Мілавіца» (паст. 1994); 2 сімфоніі (1981, 1983), 2 канцэрты для віяланчэлі з арк. (1987, 1997); для камернага арк.: сюіта «Думкі і настроі» (1978), канцэрт (1983), лірычная кантата «Мая Беларусь» на тэксты нар. і бел. паэтаў (1981); камерна-інстр. творы, у т. л. стр. квартэт, фп. трыо, саната для фп., элегія для віяланчэлі; вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, А.​Таркоўскага, хары на вершы Я.​Купалы, Ф.​Цютчава; песні, музыка да кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Літ.:

Галушко М. Национальный сюжет — современное прочтение // Сов. музыка. 1990. № 4.

Р.​М.​Аладава.

У.Я.Солтан.

т. 15, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́ЕЎ Віктар Іванавіч (4.4.1864, Масква — 12.7.1924),

бел. архітэктар. Скончыў Строганаўскае вучылішча і вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892) у Маскве. З 1893 у Мінску, епархіяльны архітэктар, у 1914 выкладчык малюнка ў жан. епархіяльным вучылішчы, інжынер буд. адзела губ. праўлення МУС, з 1915 губ. архітэктар. З 1920 архітэктар рэсп. пададдзела К-та дзярж. збудаванняў. У 1921 дэкан арх. аддзялення Мінскага арх.-буд. дарожнага тэхнікума, адначасова архітэктар Нар. камісарыята асветы, у 1923 акруговы архітэктар Зах. мытнай акругі, у 1924 Мінскі гар. архітэктар. Паводле яго праектаў узведзены: Мінская царква Аляксандра Неўскага, будынак Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, званіца Барысаўскага Васкрасенскага сабора, мураваныя цэрквы ў г. Лунінец (1907), г.п. Любча (1908), вёсках Зембін Барысаўскага (1901), Камень Валожынскага, Мядзведзічы Ляхавіцкага (1904), Латыголічы Чашніцкага (1906), Тарасава Мінскага (1908) р-наў. У 1909—12 выканаў праекты мураваных будынкаў школ для гарадоў Тураў, Заслаўе, вёсак Ракаў Мінскага (узорныя), Даманавічы Салігорскага, Бабчын Хойніцкага р-наў. Распрацаваў 5 тыпавых праектаў царк.-прыходскіх школ (1912).

В.​М.​Чарнатаў.

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАЗЕ́ВІЧ Георгій Станіслававіч (н. 17.7.1937, в. Слабада Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны і парт. дзеяч Беларусі. Канд. тэхн. н. (1969). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1959), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1987). З 1959 інжынер-геадэзіст, выкладчык Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту. З 1969 нач. Бел. картаграфічнага геад. прадпрыемства. У 1974—79 1-ы сакратар Савецкага райкома КПБ г. Мінск, 2-і сакратар Мінскага гаркома партыі. З 1980 старшыня Мінскага гарвыканкома, з 1983 1-ы сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1985—89 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР. У 1989—91 старшыня камісій Вярх. Савета СССР. З 1991 старшыня К-та па геадэзіі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1993 1-ы нам. міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у 1994—95 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Чл. ЦК КПБ у 1974—91, ЦК КПСС у 1986—91. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1980—90, Вярх. Савета СССР у 1985—89. Нар. дэп. СССР у 1989—91.

Г.С. Таразевіч.

т. 15, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЛО́Ў Ігар Іванавіч (н. 23.6.1933, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1959). З 1959 у ін-це «Магілёўграмадзянпраект» (у 1973—98 гал. архітэктар), адначасова ў розныя гады выкладчык у Магілёўскім машынабуд. ін-це і буд. каледжы. З 1999 ва ўпраўленні архітэктуры Магілёўскага гарвыканкома. Асн. работы ў Магілёве: мікрараёны Магілёў 2 (1960—61), Мір 1 і 2 (1962), Юбілейны (1967—68), Задняпроўе 3 і 4 (1969—70); жылы раён па Мінскай шашы (1961), будынак КДБ (1963), забудова праспекта Пушкіна (1965—66) і праспекта Міру (зах. ч., 1965—74), жылы дом з цэнтр. універсамам і рэстаранам «Габрава» і інш. прадпрыемствамі абслугоўвання па вул. Першамайскай (1973—78), будынак пед. ін-та (1974, у сааўт.), скверы Вілірбана і прывакзальны (1980), рэканструкцыі вул. Першамайская (1972—73), бульвара па вул. Міронава (2001) і інш. Аўтар кн. «Магілёўграмадзянпраект» (1998), навуч. дапаможнікаў для праекціроўшчыкаў.

Т.​Р.​Мартыненка.

т. 16, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАХО́Л Мікалай Рыгоравіч (5.1.1948, в. Чырвоная Зорка Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1997),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1971). Трэнер спарт. т-ва «Працоўныя рэзервы» (1975—80), трэнер-выкладчык Мінскага аблсавета «Дынама» (1980—82), прафес.-тэхн. вучылішчаў (1982—85), дырэктар і інструктар-метадыст спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ па веславанні (1990—94). Чэмпіён свету і Еўропы на байдарцы-адзіночцы ў эстафеце 4×500 м (1970, Капенгаген) і на дыстанцыі 500 м (1971, Бялград), бронз. прызёр на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіён свету (1973, Тамерэ, Фінляндыя) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м, сярэбраны прызёр на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён СССР (1971, 1973) на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 м і на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м; на байдарцы-двойцы ў эстафеце 4×500 м (1973); на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м (1974). Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1971) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНЫ (Černý) Адольф (19.8.1864, г Градзец-Кралаве, Чэхія — 27.12.1952),

чэшскі пісьменнік, вучоны-славіст. Д-р філал. н. (1946). Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1925). Скончыў настаўніцкі ін-т (1883). У 1898 заснаваў час. «Slovanský přehled» («Славянскі агляд»), у якім змяшчаліся матэрыялы пра грамадскае, культ. і літ. жыццё слав. народаў, у т. л. і беларусаў. У 1898—1904 заг. Этнагр. музея, у 1901—20 выкладчык слав. моў Карлава ун-та ў Празе. У 1890-я г. наведваў Беларусь, запісваў бел. фальклор («Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні», 1895). Надрукаваў арт. «Беларускі часопіс» (1906) і «З Беларусі» (1909), прысвечаныя бел. газетам «Hama доля» і «Наша ніва». У арт. «Беларускія нацыянальныя і культурныя імкненні ў 1909—1910 гг.» (1911) характарызаваў літ. рух на Беларусі. Аўтар кніг і артыкулаў пра славян «Славянства ў час сусветнай вайны» (1919), «Выбраныя паэтычныя творы» (т. 1—4, 1928—29). Пераклаў на чэш. мову асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 17, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБУ́НЯ Канстанцін Іванавіч (28.10.1912, в. Даўгінічы Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 13.10.1984),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р гіст. н. (1964), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1937). У 1940—41 выкладчык гісторыі ў БДУ. З 1946 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. З 1948 у ЦК КПБ (кансультант, заг. сектара, нам. заг. аддзела). З 1956 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (заг. сектара публікацый, гісторыі Беларусі дасав. грамадства), адначасова выкладаў у ВНУ Мінска. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі Беларусі ў 2-й пал. 19 ст., сял. рух у рэвалюцыю 1905—07, дзейнасць арг-цый РСДРП. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 тамах (т. 1—2, 1972), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» у 4 тамах (т. 1, 1984).

Тв.:

Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962.

М.​М.​Смальянінаў.

К.І.Шабуня.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)