ФРАЛО́Ў Ігар Іванавіч (н. 23.6.1933, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1959). З 1959 у ін-це «Магілёўграмадзянпраект» (у 1973—98 гал. архітэктар), адначасова ў розныя гады выкладчык у Магілёўскім машынабуд. ін-це і буд. каледжы. З 1999 ва ўпраўленні архітэктуры Магілёўскага гарвыканкома. Асн. работы ў Магілёве: мікрараёны Магілёў 2 (1960—61), Мір 1 і 2 (1962), Юбілейны (1967—68), Задняпроўе 3 і 4 (1969—70); жылы раён па Мінскай шашы (1961), будынак КДБ (1963), забудова праспекта Пушкіна (1965—66) і праспекта Міру (зах. ч., 1965—74), жылы дом з цэнтр. універсамам і рэстаранам «Габрава» і інш. прадпрыемствамі абслугоўвання па вул. Першамайскай (1973—78), будынак пед. ін-та (1974, у сааўт.), скверы Вілірбана і прывакзальны (1980), рэканструкцыі вул. Першамайская (1972—73), бульвара па вул. Міронава (2001) і інш. Аўтар кн. «Магілёўграмадзянпраект» (1998), навуч. дапаможнікаў для праекціроўшчыкаў.
Т.Р.Мартыненка.
т. 16, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)