МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА ў Мінску.

Заснаваны ў 1997, адкрыты ў 1998. Складаецца з выставачнай залы (пл. 147,7 м²), малой выставачнай залы (пл. 54,2 м²), галерэі (пл. 68,3 м²), хола для фотавыставак (пл. 102,8 м²). У зборы больш за 1450 экспанатаў (2000). Аснову калекцыі складаюць творы бел. мастацтва 20 ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, фатаграфія), захоўваюцца творы замежнага мастацтва. Праводзіць выстаўкі бел. і замежнага мастацтва, у т. л. ў інш. выставачных залах Беларусі і за яе межамі.

Л.​І.​Дабравольская.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЎГ ((Pogue) Уільям) (н. 23.1.1930, г. Окіма, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (у адстаўцы). Бакалаўр пед. н. (1951), магістр матэматыкі (1960). З 1951 у ВПС. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Дж. Карам і Э.Гібсанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 13 гадз 31 мін). Правёў у космасе 84 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць ​1.

2. у знач. прым. Раскрыты, адкрыты (пра вочы). Аляксандра Пятроўна ляжала з расплюшчанымі вачыма, намагалася заснуць, але не магла. Каршукоў.

расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць ​2.

2. у знач. прым. Плоскі, прымяты. П адагнаў лодку, .. глянуў на Марусава з-пад казырка мокрай, расплюшчанай шапкі. М. Стральцоў. // Расціснуты, раструшчаны. На падлозе расплюшчаная каробка тэлефона, раструшчаны нагамі тынк. Навуменка. У руцэ ў мяне расплюшчаная ліпкая цукерка, загорнутая ў бліскучую паперку. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНТЫМУТАГЕ́НЫ (ад анты... + мутагены),

хімічныя і фізічныя фактары, здольныя паніжаць або прадухіляць дзеянне мутагенаў, у выніку чаго змяншаецца частата мутацый.

Адкрыты ў 1950-я г. Натуральныя антымутагены забяспечваюць захаванне пэўнага ўзроўню спантанных мутацый. Сярод іх важнейшымі з’яўляюцца некаторыя ферментныя сістэмы і метабаліты, якія «выпраўляюць» папсаваныя мутагенам участкі храмасом або перашкаджаюць іх узнікненню. Пры штучным мутагенезе мутацыйны эфект можа быць паніжаны або зняты радыепратэктарамі (сульфгідрыльныя злучэнні, моцныя аднаўляльнікі тыпу Na2S2O3, некаторыя спірты і вуглякіслыя солі) або ўздзеяннем некаторых фіз. фактараў (святло, т-ра, ультрафіялетавыя прамяні) рознай інтэнсіўнасці.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІН ((Bean) Алан) (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.​Конрадам і Р.​Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.​Гэрыётам і Дж.​Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́НІЙ (лац. Actinium),

Ac, радыеактыўны хімічны элемент з ліку актыноідаў, ат. н. 89. Вядомы 12 ізатопаў; найб. устойлівы ​227Ac (перыяд паўраспаду 21,7 года — α- і β-выпрамяняльнік). У прыродзе сустракаецца ў рудах урану і торыю. Адкрыты франц. вучоным А.​Дэб’ернам (1899). Серабрыста-белы метал, у выніку радыеактыўнага распаду свеціцца ў цемнаце, tпл 1050 °C. Хім. ўласцівасцямі блізкі да лантану.

Атрымліваюць пры апрамяненні ​226Ra нейтронамі ў ядз. рэактарах. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах. Высокатаксічны, ГДК у вадаёмах 34,8 Бк/л, у паветры 1,3∙10​−6 Бк/л.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́Т,

антыфрыкцыйны сплаў на аснове волава ці свінцу. Некаторыя маркі бабіту маюць у сабе сурму, медзь, нікель, мыш’як, кадмій, тэлур, магній і інш. элементы. Адкрыты амер. вынаходнікам І.​Бабітам (1839). Уласцівасці сплаву абумоўлены яго гетэрагеннай структурай: наяўнасцю цвёрдых часціц у мяккай пластычнай аснове. Асн. з іх: параўнальна нізкая т-ра плаўлення (320—430 °C), высокая пластычнасць, нізкі каэф. трэння. Выкарыстоўваецца бабіт для заліўкі падшыпнікаў, якія працуюць са змазкай пры вял. нагрузках і скарасцях слізгання (у аўтамабільных і трактарных рухавіках, пасажырскіх і таварных вагонах, тэндарах).

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДГАСТА́ЙН (Badgastein),

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА (Браніслаў Фартунатавіч) (14.2.1860, Віцебская вобл. — 13.6.1925),

расійскі фізіёлаг. Вучань І.​М.​Сечанава і І.​П.​Паўлава. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881) і Ваенна-мед. акадэмію (1886). У 1897—1914 праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе, з 1917 у Пермскім ун-це. Адкрыты ім уплыў кіслароду на здольнасць крыві звязваць вуглякіслы газ атрымаў назву эфекту Вярыгі. Навук. працы па электрафізіялогіі. Эксперыментальна даказаў скачкападобнае пашырэнне нервовага імпульсу. Даследаванні па фізіялогіі імунітэту і анафілаксіі. Аўтар падручніка «Асновы фізіялогіі чалавека і вышэйшых жывёл» (т. 1—2, 1905—10).

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЙНЫХ МАС ЗАКО́Н,

вызначае суадносіны паміж канцэнтрацыямі прадуктаў рэакцыі і зыходных рэчываў у стане раўнавагі хімічнай, адзін з асн. законаў фіз. хіміі. Адкрыты ў 1864—67 нарвежскімі вучонымі К.​Гульдбергам і П.​Вааге, якія назвалі «дзейнай масай» рэчыва — колькасць яго ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыю), адсюль назва.

Паводле Дз.м.з. пры нязменнай т-ры скорасць элементарнай гамагеннай рэакцыі прама прапарцыянальная здабытку канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў у ступенях, роўных стэхіяметрычным каэфіцыентам гэтых рэчываў ва ўраўненні хім. рэакцыі (гл. Ураўненні хімічныя). Дз.м.з. карыстаюцца пры разліках у хім. кінетыцы і тэрмадынаміцы.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)