КАГАДЗЕ́ЕЎ (Аляксей Пятровіч) (7.4.1926, г.п. Альхаватка Данецкай вобл., Украіна — 23.7.1997),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт.Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Г.Зелянковай). З 1959 хормайстар, у 1960—93 гал. хормайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1958 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі. Спектаклі, пастаўленыя з яго ўдзелам, вызначаліся высокай якасцю хар. гучання: оперы «Арэстэя» С.Танеева і «Атэла» Дж.Вердзі (1963), «Багема» Дж.Пучыні (1968), «Хаваншчына» (1970) і «Барыс Гадуноў» (1974) М.Мусаргскага, «Міндыя» А.Тактакішвілі (1973), «Лаэнгрын» Р.Вагнера і «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), сцэн. кантата «Карміна Бурана» К.Орфа (1983) і інш. Аўтар метадычных прац, кн. «Тэхніка харавога дырыжыравання» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт.Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ШНІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (5.3.1923, Мінск — 28.9.1994),
бел. акцёр. Засл.арг.Беларусі (1967). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1951). З 1951 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, у 1990—94 у Мінскім абл. т-ры лялек «Батлейка» ў Маладзечне. Характарны акцёр. Вобразы, створаныя К. у нац. рэпертуары, вызначаюцца мяккай лірычнасцю, сакавітасцю акцёрскіх фарбаў: у Дзярж. т-ры лялек — Дзед, Кароль Дурымонт («Дзед і Жораў», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Цар («Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча), Дзед («Ліпавічкі» паводле У.Галубка), Бацька («Званы твайго лёсу» А.Вольскага і П.Макаля), пёс Мамент і Паромшчык («Чаканне сабакі Тэафіла» Г.Марчука) і інш.; у т-ры «Батлейка» — Чорт, Чараўнік і Кароль («Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.Туравай), Бацька, Каваль, Казачнік («Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва), Пёс Барбос («Чароўны камень» В.Лукшы), Удаў («Прывітанне для мартышкі» Р.Остэра і «Насарог і жырафа» Х.Гюнтэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РСКІ ((Konarski) Шыман) (17.3.1808, в. Дабкішкі Аўгустоўскага пав., Польшча — 11.3.1839),
дзеяч нац.вызв. руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У складзе корпуса ген. Хлапоўскага ўдзельнічаў у баях каля Гайнаўкі, Ліды, Вільні. Пасля паражэння паўстання жыў у Прусіі, Францыі. У 1833 удзельнічаў у ваен. экспедыцыі. якую рыхтаваў Ю.Заліўскі. Арыштаваны аўстр. ўладамі ў Кракаве, але адпушчаны. Жыў у Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі. Зблізіўся з Х.Лялевелем. Адзін са стваральнікаў арг-цый «Маладая Польшча» (1834) і «Садружнасць польскага народа» (1835). У 1834 у Парыжы выдаваў двухтыднёвік «Północ» («Поўнач»). У 1835 вярнуўся ў Кракаў, потым нелегальна ў Расію. Дзейнічаў на Украіне, Беларусі і ў Літве, меў на мэце падрыхтоўку паўстання супраць царскага самадзяржаўя. Стварыў некалькі тайных ячэек арг-цыі «Садружнасць польскага народа», наладзіў сувязь з афіцэрамі і салдатамі царскай арміі ў Вільні, Бабруйску, Брэсце. У маі 1838 арыштаваны, расстраляны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТЭЛЬ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.5.1937, в. Галяшы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад.Нац.АНБеларусі (1996; чл.-кар. 1986), д-рбіял.н. (1984), праф. (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1967 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АНБеларусі (у 1978—94 нам. дырэктара, з 1985 адначасова заг. лабараторыі, з 1994 дырэктар). Навук. працы па малекулярнай генетыцы і генет. трансфармацыі раслін, пытаннях селекцыі і генетыкі драўняных раслін, радыяцыйным мутагенезе с.-г. раслін, праблемах генет. і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Распрацаваў метад генет. трансфармацыі, стварыў трансгенныя расліны бульбы, распрацаваў малекулярна-генет. карту жыта, атрымаў новыя даныя пра ролю паўтораў ДНК у структурна-функцыян. арганізацыі генома раслін, падрыхтаваў тлумачальны слоўнік па генетыцы.
Тв.:
Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989;
Фитогормоны и фитопатогенность бактерий. Мн., 1994 (разам з А.У.Лабанок, В.У.Фамічовай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),
навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл.Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АНБеларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел.НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫ́ (Felis),
род драпежных млекакормячых сям. кашэчых. Каля 20 падродаў, 31 від. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 5 падвідаў. На Беларусі 1 від — рысь еўрапейская; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 46—197, хваста 15—91 см, маса 1,5—105 кг. Выш. ў крыжы большая за выш. ў плячах. Кіпцюры ўцяжныя (акрамя суматранскага К.). Афарбоўка густога футра рознага малюнку і адценняў: аднатонная, плямістая або паласатая. Нараджаюць звычайна 3—4 кацянят (зрэдку да 7), некат. віды — двойчы за год. Аб’екты промыслу, футра малакаштоўнае (акрамя рысі).
Свойскія К. (F. catus) паходзяць ад лівійскага падвіду дзікага К. Сталі хатнімі жывёламі 3—5 тыс.г. назад. Існуе каля 300 парод свойскіх К., якія адрозніваюцца даўж. і афарбоўкай поўсці. На Беларусінайб. пашыраны караткашэрсныя пароды, у т. л. руская блакітная, сіямская, з даўгашэрсных — персідская, сібірская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),
сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл.Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл.Лебедзі), чэрнець белавокая (гл.Чэрнеці).
Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),
старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс.н.э. (зах. Літва). На Беларусінайб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс.н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Да арт.Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.