ВАНКУ́ВЕР ((Vancouver) Джордж) (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),
англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДРЫЦКІ БОЙ 1943,
бой паміжпартыз. брыгадамі 99-й Калінкавіцкай (камандзір В.А.Караткевіч), 101-й Даманавіцкай (М.А.Чарнавусаў), Васілевіцкай імя П.К.Панамарэнкі (С.А.Смерцін) і ням.-фаш. захопнікамі 23 жн. ва ўрочышчы Ведрыч Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Гітлераўцы падрыхтавалі да адпраўкі ў Германію 2 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, нарабаванай у мясц. насельніцтва. Каб разграміць гарнізон, які ахоўваў базу, партызаны блакіравалі яго з боку чыг. ст. Васілевічы, падавілі дзоты ворага з боку магчымага падыходу падмацавання, авалодалі базай, знішчылі большую частку гарнізона, захапілі больш за 500 галоў жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІЧЫНЯ́ў матэматыцы,
колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас. катэгорыі колькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЗЕЛЬ (ад польск. węzeł вузел),
манаграма, пачатковыя літары тытула, імя і прозвішча адной або некалькіх асоб, якія звычайна пераплятаюцца паміж сабою і ўтвараюць своеасаблівы ўзор, малюнак. Мог быць упрыгожаны вянком, каронаю і інш. Вензель манархаў выкарыстоўваўся як геральдычны сімвал на грашовых знаках і інш. (напр., вензель вял. князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста — SA; Стафана Баторыя — SR; Яна II Казіміра Вазы — JKR). Выкарыстоўваецца і як фірменная марка.
В.С.Пазднякоў.
Вензелі каралёў польскіх і вялікіх князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста (1), Стафана Баторыя (2), Яна II Казіміра Вазы (3), Станіслава Аўгуста Панятоўскага (4).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛІЯ (Westfalen),
гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт.акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГАНД З МА́РБУРГА (Wigand von Marburg),
нямецкі храніст 14 ст. Герольд пры двары магістра Тэўтонскага ордэна. Аўтар хронікі, прысвечанай войнам і перамогам крыжакоў, з ідэалагічным абгрунтаваннем іх захопніцкай палітыкі. Вершаваны арыгінал на ням. мове не збярогся, захаваўся лац. пераклад, зроблены для польск. гісторыка Длугаша. Хроніка ахоплівае падзеі 1293—1394, да 1350 абапіраецца на звесткі т.зв. Аліўскай хронікі, хронікі Т.Вартберга і інш. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі Беларусі 13—14 ст. У ім шмат звестак пра адносіны паміж ордэнам і ВКЛ, пра рыцарскія паходы на землі Беларусі і Літвы, асабліва на Гродзеншчыну і Брэстчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗА (Франц. visa ад лац. visus прагледжаны),
1) зроблены службовай асобай на дакуменце надпіс, які надае яму юрыд. сілу і засведчвае яго аўтэнтычнасць.
2) Афіцыйная адзнака ў пашпарце пра дазвол на ўезд у іншую дзяржаву, праезд ці выезд з гэтай дзяржавы. Выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы на пэўны тэрмін. Бязвізавы ўезд, выезд ці транзіт можа быць устаноўлены спец. пагадненнямі паміж дзяржавамі. Выезд з Рэспублікі Беларусь бел. грамадзян (службовы, прыватны, на пэўны тэрмін, на пастаяннае жыхарства) рэгулюецца адпаведным заканадаўствам. Уязныя візы выдаюць дыпламат. прадстаўніцтвы або консульствы за мяжой, выязныя — МЗС, органы МУС рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКІ́ЦКІ (Барыс Андрэевіч) (3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),
рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І.Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміжПаўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШЧЫН,
гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст.паміжв. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЕВАДАРО́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія складаюцца з атамаў вугляроду і вадароду. У залежнасці ад будовы адрозніваюць ацыклічныя злучэнні, або аліфатычныя вуглевадароды, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у прамыя ці разгалінаваныя ланцугі, і карбацыклічныя злучэнні, або ізацыклічныя вуглевадароды, малекулы якіх утвараюць кольцы (цыклы). Гэтыя вуглевадароды падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні (цыклапарафіны) і араматычныя злучэнні. Ніжэйшыя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду) — газы, сярэднія (з 5—16 атамамі) — вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Большасць вуглевадародаў бясколерныя рэчывы, газападобныя і вадкія, звычайна маюць пах. Атрымліваюць з прыроднага газу, нафты і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці.