СТЭХІЯМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. stoicheion аснова, элемент + ...метрыя),

вучэнне аб колькасных суадносінах паміж масамі або аб’ёмамі рэчываў, што ўступаюць у хім. рэакцыю. Уключае правілы састаўлення хім. формул і ўраўненняў хімічных. Тэрмін «С.» ўвёў у 1793 ням. хімік І.​В.​Рыхтэр. Заснавана на масы захавання законе, эквівалентаў законе, Авагадра законе, Гей-Люсака законе (закон аб’ёмных адносін), пастаянства саставу законе, кратных адносін законе. Суадносіны, у якіх адпаведна законам С. рэчывы ўступаюць у рэакцыю, наз. стэхіяметрычнымі, таксама наз. злучэнні, састаў якіх адпавядае гэтым законам.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)