Вожык (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп.). Рус. ёж, укр. їж, ст.-рус. ожь, ожик, польск. jeż, каш. jež, в.-луж. jěž, н.-луж. jež, чэш. ježek, серб.-харв. је̑ж, славен. jež, балг., макед. еж. Прасл. ezi̯o. Роднасныя: літ. ežỹs, лат. ezis ’вожык’, ст.-в.-ням. igil (н.-в.-ням. Igel) ’вожык’, арм. ozni, грэч. ἐχῖνος ’вожык’. Далей, магчыма, роднасна грэч. ἔχις ’змяя’, арм. iž ’тс’, ст.-інд. áhi ’змяя’, г. зн. першапачаткова гэта была табуістычная назва ’пажыральнік змей’ (Петарсан, Kelt. Gr., 1, 99; Покарны, 144, 292 і наст.; Голуб-Копечны, 153; Фасмер, 2, 10; Махэк₂, 226; Слаўскі, 1, 572 і наст.). Другія даследчыкі асноўным значэннем протасл. ezi̯o лічаць ’калючы’ і ўзводзяць да і.-е. кораня *egh‑ ’калоць, пракалоць’ (Бернекер, 266 і наст.; Праабражэнскі, 1, 212 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299; Шанскі, 1, Д, 252; там жа падрабязна гл. літаратуру). Аб пачатковым о‑ ва ўсходнеславянскіх мовах гл. Шахматаў, Очерк, 141; Ільінскі, Slavia, 2, 232 і наст.; Бернштейн, Фонетика, 225 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вош (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.). Рус. вошь, укр. вош, ст.-рус. въшь, польск. wesz, чэш. veš, в.-луж. woš, н.-луж. weš, серб.-харв. ва̑ш, у̑ш, славен. ùš, балг. въ́шка, макед. вошка. Хутчэй за ўсё з і.-е. *u̯es‑/*u̯os‑ (*us > vъx‑ь > vъšь) ’паядаць, пажыраць’ (Мартынаў, вусн. паведамл.). Роднаснымі лічаць літ. vévesa ’гусіная вош’ (рэдуплікацыя ад *u̯es‑, Мікала, IF, 26, 295 і наст.), víevesa, vievesà з *veivesa (Буга, РФВ, 67, 247 і наст.; Траўтман, 336); далей параўноўваюць з гоц. frawisan ’пажыраць’, з літ. usnìs, лат. usna ’чартапалох’, алб. usht ’колас’ (Фрэнкель, 1172). Шульцэ, якога падтрымліваюць Голуб-Копечны (413) і Махэк₂ (686), аб’ядноўвае прасл. *vъšь, літ. utė̃., ст.-інд. yū‑ka, герм. lûs ’вош’ у адной праформе на *lʼu‑, што неверагодна па фанетычных прычынах. Мала верагодна і версія Міклашыча (396) (сувязь з літ. utė̃ ’вош’, лат. uts ’тля’). Апошнія аддзяляюцца ад этымалагізуемай групы (Эндзелін, RS, 11, 37; Фасмер, 1, 359 і наст.; Шанскі, 1, В, 180).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лан ’старажытная мера зямлі (ад 10 да 30 дзесяцін)’ (Гарб., Гарэц.), кобр. ’вялікае поле’ (Выг.), ’панскае поле’ (Бес.), ’поле’ (Федар. 1, КТС), ’мера зямлі ў тры валокі’ (Бяльк.). Ст.-бел. ланъ (з XIV ст.) ’мера зямлі’, укр. лан ’мера раллі да 30 дзесяцін’, ’поле, ніва’, рус. лан ’ніва’, ’участак поля’. Запазычана з польск. łan ’тс’ — пераважна (каля 17 га) у малапольскіх гаворках; чэш., славац. lȧn, ст.-чэш. lán, н.-луж., в.-луж. łan ’мера поля, зямлі’ — усе з с.-в.-ням. lehen, lein ’тс’ (параўн. лен ’спадчыннае зямельнае ўладанне ў эпоху феадалізму’) (Міклашыч, 160; Голуб-Копечны, 129; Праабражэнскі, 1, 433; Брукнер, 306; Фасмер, 2, 456; Слаўскі, 4, 457). Нельга прыняць меркаванне Бернекера (1, 689) і Бугі (РФВ, 71, 56) аб запазычанні і роднасці з лат. lāns ’пушча’, lāma ’лагчына’. Таксама наўрад ці слав. lanъ (?) з’яўляецца роднасным да ланита, як мяркуе Ягіч (AfslPh, 3, 751). Недакладна ў Юрэвіч–Яновіч (Зб. Крапіве, 291). С.-лац. laneus (Праабражэнскі, 1, 433; Карскі, Труды, 378) утворана са слав. lán/lan.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ма, ма ’маці’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’дарослая дзеўка’ (Нас.), ма́мка ’мама’, ’жанчына, якая корміць чужое дзіця, нянька’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’гумавая соска’ (трак., беласт., Сл. ПЗБ), ’пчала-карміцелька’ (Анох.); смарг. маманя ’матуля’ (Сл. ПЗБ), мамуля (Грыг., ТСБМ), мамулька (Бяльк.), матуля ’тс’ (ТСБМ); ма́мачка, ма́міначка, ма́монька, маму́ленька ’ласкавы зварот да любой жанчыны, да дзяўчынкі, дзіцяці’, ’выказванне бясконцага захаплення, здзіўлення, спалоху, жалю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Ян.). Укр., рус. ма́ма, польск. mama (mameczka, [mamula], mamulińka, [mamka]), каш. mama < mëma, mëmka, н.- і в.-луж. mama, чэш. máma, славац. mama, славен. máma, серб.-харв. ма̏ма, макед., балг. мама. Слова з мовы дзіцяці. Аналагічна літ. mamà, усх.-літ. momà, лат. mama, ст.-в.-ням. muoma ’цётка’, новав.-ням. Mamme ’тс’, лац. mama ’тс’, ’грудзі’, ’мамка’, ірл. mam, н.-перс. mām, māmā, māmi ’маці’, ст.-грэч. μάμμα, μάμμη ’маці, матухна, бабуля’, алб. mëmë ’маці’, ст.-інд. māma ’дзядзька’ (Бернекер, 2, 14; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 565; Голуб-Копечны, 215; Скок, 2, 365; Бязлай, 2, 164).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мла́кі ’балота з іржавай вадой’ (лельч., ЛАПП), укр. паўн.-жытом. мла́ка ’тс’, зах., адэск. млако́вина ’трава, якая расце на багне’, польск. młoka, młaka, чэш. mláka, паўд. mlačina, славац. mláka, славен. mláka, mlakúža, серб.-харв. мла̏ка, макед. млака, балг. млака́. Прасл. melka і molka (Скок, 2, 440; Бязлай, 2, 187), калі ўзяць ад увагу ст.-рус. молокита ’дрыгва’, рус. чарапавецк. ’балотная расліна’, роднасныя да лат. plācis ’балота’ (мена пачатковых губных, як у прасл. mъrky ’морква’). Аўтары ЕСУМ (3, 489) мяркуюць, аднак, што ўкр. і польск. лексемы запазычаны з усх.-раманскіх моў (малд. мла́кэ, рус. mlácǎ), а апошнія з паўд.-слав. моў. Голамб (JP, 32 (5), 1952, 207–208 і МЈ, 10 (1–2), 1959, 26) лічыць, што польск. і ўкр. лексемы прыйшлі са славац. (чэш.) мовы, а туды — з паўд.-слав. тэрыторыі. Гэтак жа Талстой (Геогр., 153). Голуб-Копечны (226) і Махэк₂ (367) выводзяць прасл. форму ў выглядзе mlaka, што, паводле аўтараў ЕСУМ, з’яўляецца недастаткова абгрунтаванай рэканструкцыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зда́рыцца ’адбыцца’. Укр. уст. зда́ритися ’ўдавацца’ (Жэлях.), польск. zdarzyć się ’адбыцца’, н.-луж. zdariś se ’ўдавацца’, чэш. zdařiti se, славац. zdariť sa. Традыцыйнае тлумачэнне ад darъ < dati (Бернекер, 1, 179; Брукнер, 649; Голуб-Копечны, 434) з улікам чэш. разм. прывітання na zdar ’на шчасце, на здароўе’ выклікае семантычныя цяжкасці — перш за ўсё значэнне прэфікса, складаны шлях утварэння zdar (da‑ti > darъ > dariti > sъdariti > sъdarъ?), няпоўную вытлумачальнасць семантыкі ў цэлым. На гэта звярнуў увагу Зубаты (I, 1, 131–138), прапануючы сувязь з іншым *dar‑, якое прадстаўлена ва ўдар, ударыць (паводле Фасмера, 4, 149, да драць, гл.), што падтрымлівае Махэк₂, 110–111. Гэта, аднак, не рашае праблемы. Магчыма, трэба шукаць яе рашэння ў суадносінах з карнямі, што маюць значэнне ’тварыць’. Магчыма, zьdariti (’стварыцца’ >) ’адбыцца’ < zьdarъ ’стварэнне’ < zьdati ’тварыць’ (< ’будаваць’ < ’ляпіць’). Пра корань гл. здань. Іншае тлумачэнне праз суадноснасць з і. е. *dher‑, *dherǝ‑ ’трымаць’ (Покарны, 1, 253), прадстаўленым літ. derė́ti ’быць патрэбным’, darýti ’рабіць’, лат. derêt, darît ’тс’; семантычны ход: ’атрымацца’ > ’адбыцца’ ці ’зрабіцца’ > ’адбыцца’. Патрэбны далейшыя даследаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́кла ’месца, дзе церпяць вечныя пакуты душы памерлых грэшнікаў; месца, дзе адбываюцца жахлівыя падзеі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мік., Яруш., Мядзв., Шпіл., Мал., Касп., Растарг., Шат., Сл. ПЗБ), пе́кло ’тс’ (ТС), ’цяжкая работа’ (Шат.). Укр. пе́кло, зах.- і паўд.-рус. пе́кло ’пекла’, рус.-ц.-слав. пькълъ ’смала’ (1073 г.), ст.-слав. пьцьлъ ’тс’, пьклъ ’пекла’, польск. piekło, ст.-польск. pkieł, Р. скл. piekła, н.-луж. pjakło, в.-луж. pjekło ’тс’, славац. peklo, чэш. peklo, ст.-чэш. pkelná vrata ’вароты пекла’, славен. pekȅl, pekèl ’смала’, ’пекла’, ’дзёгаць’, серб.-харв. па́као ’смала, пекла’, макед. пекол і пекло ’пекла’, балг. пъ́къл, пъ́кло, пъкло́ ’смала, дзёгаць’. Прасл. pьklъ ’смала’, што выводзіцца з і.-е. кораня *pĭ‑k‑: лац. pix, picis, ст.-грэч. πίσσα (< *pik‑i̯a), алб. pisë ’смала’; ст.-в.-ням. pëh (з лац. мовы). Значэнне ’пекла’ прыйшло да зах. славянаў з Захаду, а потым пашырылася і на ўсх.-слав. тэрыторыі (Брукнер, 407; Фасмер, 3, 226; Голуб-Копечны, 269; Махэк₂, 441–442; Бязлай, 3, 22).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́язнь ’сяброўства; сяброўская прыхільнасць’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), ст.-бел. приязнь ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж прыя́знасць ’уласціваць прыязнага; сяброўскія, добразычлівыя адносіны’ (ТСБМ), прыя́зны ’прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам; добразычлівы, спагадлівы; які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць’ (ТСБМ; бабр., маг., Шн. 2; Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), прыя́зніцца ’моцна сябраваць’ (Нас.), прыя́злівасць ’сяброўская прыхільнасць’, прыя́злівы ’які выказвае прыязнасць’, прыя́зліва ’па-сяброўску’ (Нас.), ’прыязна, прыхільна’ (Бяльк.). Рус., укр. при́язнь ’тс’, польск. przyjaźń ’сяброўства’, н.-луж. pśijazń ’ласкавасць, міласць’, в.-луж. přijazny ’міласцівы, добразычлівы’, чэш. přízeń ’добразычлівасць; роднасць’, славац. priazeń ’прыязнасць, добразычлівасць’, славен. prijázen ’мілы, ветлівы’. Прасл. *prijaznь ’добразычлівасць, ветлівасць’, *prijaznъ ’добразычлівы, ветлівы’, утвораны ад *prijati (гл. прыяць) з суф. ‑znь (гл. Слаўскі, SP, 1, 119); гл. яшчэ Фасмер, 3, 369; Махэк₂, 495; Голуб-Копечны, 302; Брукнер, 445; Банькоўскі, 2, 935; Сной₂, 575). Прыя́знасць і прыя́злівы ў беларускай могуць быць запазычаннямі з польск. przyjazność і przyjazliwy; паводле Булахава (Развіццё, 12), апошняе слова — калька з рускай, што цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скупы́ ‘празмерна ашчадны (пра чалавека)’, ‘няпоўны (пра памер)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ), скупу́ ‘тс’ (ТС), скупэ́й ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), скупы́й ‘тс’ (Бяльк.). Укр. скупи́й, рус. скупо́й, ст.-рус. скупъ, польск. skąpy, в.-луж. skupje ‘скупа, недастаткова’, н.-луж. skupé ‘тс’, чэш. skoupý, славац. skúpy, серб.-харв. ску̑п ‘дарагі; скупы’, славен. skọ̑p ‘скупы’, балг. скъп ‘дарагі, скупы’, макед. скап, ст.-слав. скѫпъ. Прасл. *skǫpъ не мае агульнапрынятай этымалогіі. Пашыраная гіпотэза — ад і.-е. *skom‑, якое ў аскома, шчымець (гл.) з фармантам ‑p; гл. Брукнер, 493; Голуб-Копечны, 334; Скок, 3, 273; Шустар-Шэўц, 1299. Ад і.-е. каранёў са значэннем ‘рэзаць’ утвараюць Младэнаў (588) (< *sek‑) і Сной₁ (574) (< *skap‑ < *skep‑). Іншыя супастаўленні, напрыклад, з літ. kum̃pas ‘крывы’, kum̃pti, kumpstú ‘выгінацца’, грэч. καμπή ‘выгін’ (Цупіца, Gutturale, 108), або Махэка₂ (548) з рус. гоно́бить, гоноши́ть ‘капіць, збіраць’ лічацца сумніўнымі; гл. Фасмер, 3, 662. Агляд этымалагічных версій гл. яшчэ БЕР, 6, 817–818.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турча́ць, турчэ́ць ‘адзывацца гукамі (пра насякомых, земнаводных, птушак, хатніх жывёл і інш.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Варл., Растарг., Шатал., Сл. ПЗБ, Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ‘муркаць, варкатаць’ (Байк. і Некр., Растарг.): кошка турчы́ць (Сержп. Прымхі), ‘крычаць, шумець’ (Абабур.), ‘гаварыць пустое’ (рагач., Мат. Гом.), ‘туркатаць, тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы)’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., ДАБМ, камент., 895; ашм., Сл. ПЗБ), ‘цуруліць’ (жлоб., добр., ветк., Мат. Гом.), ‘дзюрчаць’ (воран., Сл. ПЗБ, Юрч. Сіш), турчы́ць ‘бурліць (пра бягучую ваду)’ (в.-дзв., воран., слонім., клец., слаўг., чавус., ЛА, 2). Да ту́ркаць 1 (гл.), дзеяслоў працяглага дзеяння на гукапераймальнай аснове. Параўн. Фасмер, 4, 126; ЕСУМ, 5, 681. Сюды ж вытворныя турча́нне ‘пранізлівы крык жабаў’ (Нас.), ‘балбатня, пустое плявузганне’ (Нас.), турчэ́нне ‘птушыны свіст’ (Юрч. Вытв.), турчо́к ‘цвыркун’ (смарг., Шатал.; полац., ЖНС; в.-дзв., луцэ., Сл. ПЗБ, Рэг. сл. Віц.), турчу́к, ту́рчык ‘мядзведка’ (Сл. ПЗБ), ту́рчык ‘голуб, туркаўка’ (Байк. і Некр.), турчы́ца ‘жаба, якая ўвесну моцна квакае’ (Сцяшк. Сл.), ту́рчалка ‘туркаўка’ (лельч., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)