Вош (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.). Рус. вошь, укр. вош, ст.-рус. въшь, польск. wesz, чэш. veš, в.-луж. woš, н.-луж. weš, серб.-харв. ва̑ш, у̑ш, славен. ùš, балг. въ́шка, макед. вошка. Хутчэй за ўсё з і.-е. *u̯es‑/*u̯os‑ (*us > vъx‑ь > vъšь) ’паядаць, пажыраць’ (Мартынаў, вусн. паведамл.). Роднаснымі лічаць літ. vévesa ’гусіная вош’ (рэдуплікацыя ад *u̯es‑, Мікала, IF, 26, 295 і наст.), víevesa, vievesà з *veivesa (Буга, РФВ, 67, 247 і наст.; Траўтман, 336); далей параўноўваюць з гоц. frawisan ’пажыраць’, з літ. usnìs, лат. usna ’чартапалох’, алб. usht ’колас’ (Фрэнкель, 1172). Шульцэ, якога падтрымліваюць Голуб-Копечны (413) і Махэк₂ (686), аб’ядноўвае прасл. *vъšь, літ. utė̃., ст.-інд. yū‑ka, герм. lûs ’вош’ у адной праформе на *lʼu‑, што неверагодна па фанетычных прычынах. Мала верагодна і версія Міклашыча (396) (сувязь з літ. utė̃ ’вош’, лат. uts ’тля’). Апошнія аддзяляюцца ад этымалагізуемай групы (Эндзелін, RS, 11, 37; Фасмер, 1, 359 і наст.; Шанскі, 1, В, 180).