ліст 1, ‑а і ‑у, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў і (разм.) лісці, ‑яў; м.
1. ‑а. Орган паветранага жыўлення і газаабмену раслін у выглядзе тонкай, звычайна зялёнай пласцінкі на чаранку. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Крапіва. Усё відаць, як на далоні .. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе. Лынькоў. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі.
2. ‑у; у знач. зб. Лісце. Ачнецца гай І з песнямі У зялёны ліст Адзенецца. Колас. // Засушанае лісце некаторых раслін, якое ужываецца як прыправа, а таксама для прыгатавання настояў, лекаў. Лаўровы ліст. Эўкаліптавы ліст. Александрыйскі ліст.
•••
Лістам слацца гл. слацца.
ліст 2, ‑а, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў; м.
1. Тонкі пласт якога‑н. матэрыялу (паперы, металу, фанеры і пад.). У дашчанай майстэрні Ігнась з грукатам і лёскатам выпростваў на холадзе вялікія лісты бляхі. Мурашка. Вулай скамечыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.
2. Пісьмо. Як шкада мне, Што паштовы голуб Ад цябе ліста не прынясе. Аўрамчык. Ліст ад геолага-сына Маці чытае старая — Аб сваіх справах хлапчына Піша з далёкага краю. Смагаровіч.
3. (звычайна з азначэннем). Дакумент, якім што‑н. пацвярджаецца або загадваецца. Абходны ліст. Маршрутны ліст. Бальнічны ліст. // Бланк для занясення якіх‑н. звестак. Падпісны ліст.
•••
Акладны ліст — афіцыйнае паведамленне аб аблажэнні падаткам, страхоўкай і пад.
Выканаўчы ліст — юрыдычны дакумент на права спагнання паводле рашэння суда.
Тытульны ліст — старонка ў пачатку кнігі, дзе надрукавана яе назва.
З ліста — адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі (іграць, чытаць і інш.).