умо́ўчаць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Сцярпець, не адказаць каму‑н. — Не еў, не еў! — як перадражняючы каго, усё крычыць [кот], ды з такою злосцю, што Юстап будзе маўчаць, маўчаць, ды і не ўмоўчыць — на жонку абавязкова пасварыцца: — Дала б ты гэтай здыхаце малака. Калюга.

2. Не сказаць, не ўпамянуць аб чым‑н. знарок. [Маці:] — Я таксама не хачу, каб няпраўду ты гаварыў. Але ж умоўчаць сёе-тое мог. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́зіць, уражу, уразіш, уразіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць вялікае ўражанне, моцна ўсхваляваць, устрывожыць. Партызанскі гарадок нас уразіў сваім выглядам і нейкай няўлоўнай урачыстасцю. Няхай. Сустрэча з цівуном і аратым так уразіла.. [Кастуся], што ён доўга не мог апамятацца. Якімовіч.

2. Балюча закрануць, пакрыўдзіць каго‑, што‑н. [Лабановіч] стараўся выправіць і адзначыць [памылкі] так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Словы гаспадыні так уразілі .. [Віцю], што хлопец разгубіўся. Адразу зрабілася горача. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаро́цца, успаруся, успорашся, успорацца; зак.

Разм.

1. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. Седзячы за рулём, .. [Каваль] мала аглядаўся па баках, быў заняты дарогай, увага канцэнтравалася на тым, каб не ўспароцца на стрэчныя машыны. Савіцкі.

2. Рана ўстаць, прачнуцца. — От жа ранняя птушка... — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара. С. Александровіч. Панця ўспароўся недзе каля першых пеўняў, пакрактаў, пастагнаў на ложку і пачаў марудна, нехаця збірацца... Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаце́цца, хочацца; безас. незак., чаго, з інф. і са злучн. «каб».

Адчуваць патрэбу ў чым‑н., вельмі жадаць чаго‑н. Мне хацелася смяяцца І спяваць, і бегчы ўдалеч... Панчанка. Бацька дастаў торбачку з хлебам і салам. Адкроіў мне добрую лусту хлеба. Адрэзаў ладны кавалак сала. Усё гэта я ўмалоў, і яшчэ мне хацелася. Сабаленка.

•••

І хочацца і колецца — пра адначасовае адчуванне жадання і нерашучасці зрабіць што‑н.

На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягло́, ‑а, н.

1. Гіст. У Рускай дзяржаве ў 15 — пачатку 18 стст. — дзяржаўныя павіннасці сялян і пасадскіх людзей.

2. Гіст. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18–19 стст.

3. зб. Сродкі цягі ў сельскай гаспадарцы. [Паходня:] — Зябліва таксама закончыце коньмі — цягло ў вас спраўнае. Хадкевіч. [Шаройка:] — У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь.. лес быў дома. Шамякін.

•••

Жывое цягло — рабочая жывёла, жывёла для цягі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́рствы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і чэрствы. [Паўлюк] цяпер ішоў дадому, жаваў чорствую скарынку хлеба і думаў. Колас. Я ведаў, што ты — пацалунак, Ты — дружба і радасць, Ты — чорствага хлеба скарынка І сок вінаграда. Танк. Са смакам дзеці хлеб той елі, Акрайцы чорствыя да крошкі; А бацька, успомніўшы ляцелі, Сяброў скалечаных, бамбёжкі, Гатоў быў рушыць зноў дарогай, Дзе кроў праліў, пазнаў шпіталі, Каб дзеці хлеба больш такога Ў жыцці сваім павек не зналі. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ска

(фр. masque < ст.-іт. mascara, ад ар. mashara = насмешка)

1) накладка на твар у форме звярынай морды або чалавечага аблічча, якую надзяваюць у час спектакляў, маскарадаў або проста накладка з прарэзамі для вачэй, каб не быць пазнаным;

2) засцерагальнае прыстасаванне для твару (напр. м. процівагаза);

3) слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і інш.;

4) перан. прытворства, якім спрабуюць скрыць што-н. (напр. м. абыякавасці);

5) адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Бу́рбалка1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́шчыць1 ’песціць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’прылашчваць, рабіць ласкавым, пяшчотным’ (Нас., Касп.), ’гладзіць жывёлу, забаўляцца з ёю’ (КЭС, лаг.), лашчыцца ’выяўляць ласку да каго-небудзь’, ’паддобрывацца, падлізвацца’ (ТСБМ, Янк. 1, Гарэц., Нас., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., КЭС, лаг.) ’мілавацца, галубіцца’ (Сл. паўн.-зах.), ла́шчыньня ’пялегаванне’ (Юрч. Вытв.). Укр. лащити, лащитися і ластитися, рус. беламор. лащить ’улашчваць’, смал. ’лашчыць’, валаг., беламор., пск., цвяр., смал. лащиться ’лашчыцца’, польск. łaszczyć się ’гнацца за чым-небудзь’, ’квапіцца’, ’лашчыцца’. Паўн.-слав. laščiti/laščiti sę ’лашчыцца’, ’ласавацца’. Утворана ад laska > ласка (гл.).

Ла́шчыць2, ла́шчыты ’прапітваць аснову шліхтой (Уладз.), ла́шчэння, лашчэ́нне ’насычэнне пражы растворам клейкай вадкасці, каб ніткі былі мацнейшыя і больш гладкія пры тканні’ (Уладз., Сцяшк., Інстр. 2). Запазычана з рус. лощить ’выгладжваць’. Зах.-палес. ла́шчыти мае націск на ла‑, відаць, пад уплывам ла́шчыць1 (рабіць паверхню гладкай, «ласкавай»).

Лашчы́ць ’вашчыць’ (паст., ганц., Сл. паўн.-зах.). З вашчыць < воск (гл.) пад уплывам лексемы ла́шчыць2, рус. лощить.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясе́лік1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік2, вяселік3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка1, весялу́ха2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)