МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),
расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.Агняцвет, А.Каско.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1976—77;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;
Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.Мартынова). Омск, 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ (сапр.Віленкін) Мікалай Максімавіч
(27.1.1885, г. Глубокае Віцебскай вобл. — 2.7.1937),
рускі пісьменнік, філосаф, перакладчык. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1905 арыштаваны за выданне бальшавіцкай газ. «Новая жизнь», у якой надрукаваў «Гімн рабочых» («Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»). У 1906 выехаў за мяжу, вярнуўся ў Расію пасля амністыі ў 1913. Пасля 1917 жыў у Берліне, Лондане (працаваў у сав. паўпрэдстве), Парыжы. Друкаваўся з 1876. Першы зб. «Вершы» (1883) канфіскаваны цэнзурай. Арт. «Старадаўняя спрэчка» (1884) — першы ў Расііліт. маніфест дэкадэнцтва. У рэлігійна-філас. працы «У святле сумлення» (1890) распрацаваў тэорыю меанізму, якая характарызуе накіраванасць да неіснуючага (Абсалюта, святыні) як сродку знаходжання сэнсу жыцця і пазбаўлення ад пакут. Ідэі меанізму спрабаваў увасобіць у творах розных жанраў: у лірыцы («Два шляхі», 1900), драматургіі («Альма», 1900), крытыцы і публіцыстыцы («Пра два шляхі дабра», 1903, і інш.). Аўтар зб-каў вершаў «Новыя песні» (1901), «З цемры да святла» (1922), паэм «Гефсіманская ноч» (1884, апубл. 1900), «Горад смерці» (1894), драм. трылогіі «Жалезны прывід» (1909), «Малая спакуса» (1910), «Хаос» (1912), кніг «Генрых Ібсен» (1897), «Рэлігія будучыні» (1905), «Ад Дантэ да Блока» (1922) і інш. Пераклаў «Іліяду» Гамера, творы П.Верлена, П.Б.Шэлі, Дж.Байрана, Г.Флабера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць мэблю для жылых і грамадскіх памяшканняў.
У гарадах Беларусі 16—17 ст. мэблю выраблялі спец. цэхі. Многія багатыя людзі прывозілі яе з Францыі, Германіі, Польшчы, Фінляндыі і інш. краін. Паводле іх узораў бел. майстры-ўмельцы выраблялі мэблевыя гарнітуры для магнатаў, у т. л. для абсталявання Нясвіжскага замка, Гомельскага, Жыліцкага і інш. палацаў. У пач. 20 ст. ў вялікіх гарадах Беларусі працавалі спец. майстэрні, фабрыкі, у т. л. ў Бабруйску мэблевая, Мінская сталярная.
У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 311 прадпрыемстваў і вытв-сцей М.п., на якіх вырабляецца мэбля самага рознага прызначэння: бытавая, дзіцячая, кухонная, для ўстаноў асветы, офісаў і інш. М.п. развіта ва ўсіх абласцях рэспублікі. Сярод найбуйнейшых прадпрыемстваў Мінская мэблевая ф-ка імя Дзімітрова, Калінкавіцкі мэблевы камбінат, Жлобінская мэблевая ф-ка, мэблевая ф-ка № 2 у Бабруйску, Сіняўская, Ружанская, Кобрынская мэблевая ф-кі. Мэблю вырабляюць таксама ў Вілейцы, Віцебску, Глуску, Крычаве, Паставах, Полацку, Слоніме, Слуцку, Шклове і ў інш. гарадах. У апошнія гады ствараюцца і сумесныя прадпрыемствы (напр., бел.-чэш. прадпрыемства «Мостэдэн»), мэблю выпускаюць таксама камерцыйныя прадпрыемствы. У 1997 бел. прадпрыемствы паставілі на экспарт мэблі на суму каля 240 тыс. долараў. М.п. найб. развіта у ЗША, ФРГ, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі, Польшчы, Чэхіі, Расіі.
П.І.Рогач.
Да арт.Мэблевая прамысловасць. Цэх мяккай мэблі Мінскай мэблевай фабрыкі.Да арт.Мэблевая прамысловасць. Гатовая прадукцыя Полацкай мэблевай фабрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАХІРУРГІ́Я (ад нейра... + хірургія),
раздзел хірургіі, які вывучае метады дыягностыкі, хірург. лячэння захворванняў і траўматычных пашкоджанняў цэнтр. і перыферычнай нерв.сістэм. Цесна звязана з неўрапаталогіяй.
Асн. нейрахірург. захворванні: пухліны галаўнога, спіннога мозга і нерваў, артэрыяльныя анеўрызмы сасудаў галаўнога і спіннога мозга, унутрычарапныя гематомы і кісты, абсцэсы і некат. паразітарныя хваробы галаўнога мозга, чэрапна-мазгавая і спінальная траўма, некат. віды неўралгій, эпілепсій і інш. У Н. выкарыстоўваюць камп’ютэрную, ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію і інш., мікрахірург. тэхніку і спец. інструменты. Першая ў Расіі клініка Н. арганізавана ў С.-Пецярбургу Л.М.Пусепам у 1912.
На Беларусі аддзяленне Н. адкрыў М.І.Грашчанкаў у 1949 у Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускім НДІ. Заснавальнік бел. школы нейрахірургаў Э.І.Злотнік, які ўпершыню ў СССР выканаў аперацыі выключэння артэрыяльнай анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, татальнага выдалення неўрыномы слыхавога нерва і інш.; па яго ініцыятыве адкрыты аддзяленні Н. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. Вядомыя бел. нейрахірургі Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Паўлавец, С.Ф.Секач, І.А.Склют, А.Ф.Смеяновіч і інш. Навукова-практычная база па Н. — аддзел Н. Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (Смеяновіч) і кафедра нерв. і нейрахірург. хвароб Мінскага мед. ін-та (Аляшкевіч).
Літ.:
Злотник Э.И. Аневризмы сосудов головного мозга. Мн., 1967;
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978;
Олешкевич Ф.В., Олешкевич А.Ф. Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Створана ў 1875 у Нясвіжы замест закрытага дамініканскага кляштара па ініцыятыве міністра асветы Расіі графа Дз.А.Талстога і папячыцеля Віленскай навуч. акругі М.А.Сергіеўскага як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». У розны час у Н.н.с. выкладалі К.Ф.Шчансновіч, С.А.Кулагін, І.Ф.Нікалаеўскі, П.Р.Бывалькевіч, Л.К.Лычкоўскі, Ф.В.Лукашэвіч, С.А.Гурыновіч, Ф.А.Кудрынскі, ксёндз В.Гадлеўскі і інш. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Фінансавалася з дзярж. бюджэту. Мела фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыю, актавую залу, клас для заняткаў ручной працай, інтэрнат для навучэнцаў. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пач. вучылішча, метэаралаг. станцыя (з 1900), музей (з 1910). У 1914 у фундаментальнай б-цы 3630 тамоў, у вучнёўскай — 1710. У жн. 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Вязьма Смаленскай губ. У час бежанства на вучобу прымаліся пераважна выхадцы з Беларусі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Н.н.с. дазвалялася прымаць асоб неправасл. веравызнання і жан. полу; створаны бел. вучнёўскі культ.-асв. гурток «Прасвета». Летам 1917 семінарыя рээвакуіравана ў Нясвіж. У час польскай акупацыі 1919 падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У розны час у семінарыі вучыліся А.Галіна, А.Багдановіч, П.Дземідовіч, К.Міцкевіч (Я.Колас), В.Камлюк, А.Сташэўскі, В.Сташэўскі, М.Раманоўскі (К.Чорны) і інш. Закрыта ў снеж. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОБ,
рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, адна з найб. рэк свету. Даўж. 3650 км (ад вытоку р. Катунь 4338 км, ад вытоку р. Іртыш 5410 км), пл. басейна 2990 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў рэк Бія і Катунь на Алтаі. Цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне ў шырокай даліне, якая паступова расшыраецца ад 5—10 км каля г. Барнаул да 50—60 км ніжэй упадзення р. Іртыш. Пойма О. парэзана рукавамі, пратокамі і азёрамі. Упадае ў Обскую губу Карскага м., утварае дэльту (пл. больш за 4 тыс.км²), дзе вылучаюцца рукавы: Хаманельская О. (левы) і Надымская О. (правы). Гал. прытокі: Том, Чулым, Кець, Тым, Вах (справа), Васюган, Вял. Юган, Іртыш, Паўн. Сосьва (злева). Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі, зімовая межань. Ледастаў у вярхоўях ад ліст. да крас., у ніжнім цячэнні ад кастр. да мая—чэрвеня. Сярэдні расход вады каля г. Салехард 12,5 тыс.м³/с, макс. — 42,8 тыс. мус, мінім. — 1,65 тыс.м³/с. Цвёрды сцёк 16 млн.т. Рыбны промысел пераважна ў ніжнім цячэнні. Новасібірская ГЭС і Новасібірскае вадасховішча. Суднаходная. У бас. О. здабыча нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), каменнага вугалю (Кузнецкі вугальны басейн), торфу і інш. На О. гарады Барнаул, Камень-на-Обі, Новасібірск, Калпашава, Стражавой, Ніжнявартаўск, Сургут, Нефцеюганск, Лабытнангі, Салехард. На левым беразе, у сярэднім цячэнні ракі — Юганскі запаведнік.
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1926). Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў П.Чысцякова і І.Крамскога, скончыў Пецярбургскую АМ (1871), у 1882—95 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1872—76 пенсіянер АМ у Італіі, Францыі, Германіі; працаваў у духу салоннага акадэмізму на тэмы зах.-еўрап. гісторыі («Права пана», 1874, і інш.). У 1876 мастак-карэспандэнт на серба-чарнагорска-тур. вайне, у 1877—78 — на руска-тур. З 1878 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Зазнаў уплывы А.Саўрасава і Ф.Васільева. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, у які прыўносіў жанравы і лірыка-асацыятыўны пачатак. У творах, якія вызначаліся кампазіцыйнай завершанасцю, дакладнасцю малюнка і свабоднай манерай пісьма, адзін з першых у рус. жывапісе перадаў пленэрную свежасць каларыту, увасобіў натуральнасць матыву рас. прыроды, непарыўна звязанай са штодзённым жыццём чалавека: «Маскоўскі дворык», «Бабулін сад» (абодва 1878), «Зарослая сажалка» (1879), «Залатая восень» (1893) і інш. Звяргаўся і да евангельскіх сюжэтаў, якім часта надаваў жанравую ці пейзажную афарбоўку («Хрыстос і грэшніца», 1886—87), да гуманіст. («Хворая», 1886) і рэв. («Барыкады на Садовай», 1905) тэматыкі. З 1873 афармляў спектаклі Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.І.Мамантава. У 1910—18 вёў у Маскве асветную дзейнасць па арганізацыі нар. тэатра. З 1917 жыў у сядзібе Барок (цяпер Паленава Тульскай вобл.), дзе стварыў маст. музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАРА́МА (ад пан... + грэч. horama від, відовішча) у мастацтве, 1) сінтэтычны від мастацтва, разлічаны на стварэнне зрокавай ілюзіі, эфекту прысутнасці пры адлюстраванай падзеі. Стужкападобная карціна, вертыкальна нацягнутая на ўнутр. паверхні цыліндрычнага падрамніка, спалучаецца з аб’ёмным пярэднім планам, макетам (бутафорскія і рэальныя рэчы і інш.). Разлічана на штучнае асвятленне. Змяшчаецца ў спец. будынках у круглай зале з пляцоўкай у цэнтры, адкуль вядзецца агляд П. Звычайна адлюстроўвае вял. падзеі (пераважна ваенныя), якія адбываюцца на вял. прасторы з вял. колькасцю ўдзельнікаў. У адрозненне ад дыярамы ахоплівае ўвесь гарызонт.
Першая П. створана ў канцы 18 ст. Р.Баркерам у Эдынбургу (Вялікабрытанія). Асабліва пашырыліся ў 19 ст. і адлюстроўвалі знакамітыя бітвы. Найб. значныя П. ў Расіі. Ф.Рубо «Абарона Севастопаля» (Севастопаль, Украіна, 1902—04, адноўлена ў 1954), «Барадзінская бітва» (Масква, 1911, адноўлена ў 1962); жывапісцаў студыі ваен. мастакоў імя Грэкава П.Мальцава, М.Самсонава і інш. «Сталінградская бітва» (Валгаград, 1981).
2) Пейзажны матыў, у якім прастора (навакольнае асяроддзе) адлюстравана праз выкарыстанне мастаком вельмі шырокага пункту агляду, пераважна з высокага пункта, з паветранай перспектывай і зыходзячым удалечыню гарызонтам. П. называюць таксама агульныя далевыя віды гарадоў, аб’яднаныя ў адзіны цыкл відавыя творы. Тэрмін ужываецца ў дачыненні да натуры і да яе адлюстравання. Да П. звярталіся бел. мастакі В.Грамыка, М.Данцыг, З.Літвінава, М.Назарчук, В.Цвірка і інш.