ВІТКЕ́ВІЧ Ян Праспер

(Іван Віктаравіч; 6.7.1808, мяст. Пашаўша, цяпер у Кельмескім р-не, Літва — 20.5.1839),

падарожнік, дыпламат. У 1823 за стварэнне тайнага т-ва «Чорныя браты» ў мяст. Крожы (цяпер Кражай, Літва) у падтрымку зняволеных філаматаў выключаны з гімназіі і сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1832 атрымаў чын афіцэра. Сябраваў са ссыльнымі кіраўнікамі руху філаматаў Т.Занам і А.Сузіным. У 1835—36 зрабіў экспедыцыйную паездку праз Казахстан у Бухару, яе навук. апісанне прадыктаваў У.І.Далю. У 1837—38 па заданні Мікалая І на чале рас. дыпламат. місіі наведаў Афганістан. Абяцаў кабульскаму эміру Дост-Мухамеду ваен. падтрымку Расіі напярэдадні 1-й англа-афганскай вайны (гл. ў арт. Англа-афганскія войны), аднак царскі ўрад пабаяўся псаваць адносіны з Вялікабрытаніяй. Місія была спынена, Віткевіч адкліканы ў Пецярбург. Скончыў самагубствам.

Літ.:

Грицкевич В.П. От Нёмана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 111—112, 116—122, 128.

В.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)