дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны за р. Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ ДО́ШКА,
пліта (звычайна з каменю, металу) з надпісам і выявай (рэльеф, гравіроўка), якая ўвекавечвае памяць пра выдатную асобу ці знамянальную падзею. Устанаўліваецца звычайна на фасадах, радзей у інтэр’ерах будынкаў. М.д. вядомы ў Стараж. Рыме. З 19 ст. пашыраны ў многіх краінах Зах. Еўропы, у т. л. на Беларусі (А.Міцкевічу ў Навагрудку, У.Сыракомлі ў касцёле езуітаў у Нясвіжы). Шмат М.д. устаноўлена ў 1960—90-я г. (В.І.Казлову і інш.). Для ўзбагачэння маст. вобраза ў кампазіцыю М.д. часта ўключаюць выявы-сімвалы віду дзейнасці асобы, якой яны прысвечаны: капітэль іанічнага ордэра на М.д. архітэктару У.А.Каралю, фрагмент габелена на дошцы А.Кішчанку, кніга на дошцы Міколу Гусоўскаму, форму разгорнутай кнігі маюць М.д. пісьменнікам П.Глебку, А.Куляшову, М.Лынькову, А.Пашкевіч (Цётцы); у выглядзе дрэва — І.Мележу, партрэтнай выявы мастака з палітрай В.Цвірку, тэатр. заслоны на М.д. П.Малчанаву, Л.Александроўскай, Л.Ржэцкай, Г.Глебаву, Б.Платонаву; выява цымбалаў на М.д. Р.Шырме; і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСЕРЭ́Р Асаф Міхайлавіч (19.11.1903, Вільнюс — 7.3.1992),
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў студыі М.Мордкіна (1918—19), у Маскоўскім харэаграфічным вучылішчы (1919—21, педагог А.Горскі), у 1923—60 выкладаў у ім. У 1921—54 саліст, з 1946 педагог Вял.т-ра ў Маскве. З 1925 выступаў як балетмайстар. Яго выкананне вылучалася высакароднай манерай, жыццярадаснасцю, віртуозным тэхн. майстэрствам. Узбагаціў тэхніку мужчынскага танца. Сярод лепшых партый: Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Зігфрыд, Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), сарацынскі танец і Бернар («Раймонда» А.Глазунова), Пятрушка і Арап («Пятрушка» І.Стравінскага), Раб і Пірат («Карсар» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Піліп («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева). Як балетмайстар аднаўляў і ставіў у новых рэдакцыях класічныя балеты (у т. л. «Лебядзінае возера» ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1978), танцы ў операх, ствараў і сам выконваў канцэртныя нумары, у т. л. «Футбаліст» на муз. А.Цфасмана. Яго творчасці прысвечаныдакумент. тэлефільм «Асаф Месерэр» (1989). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЛЕ́ТАПІС,
адзін з першых гісторыка-літаратурных твораў, напісаных на бел. землях. Не збярогся, таму час узнікнення, аўтар, змест і характар дакладна не высветлены. Вядомы паводле нешматлікіх прамых і ўскосных звестак у розных пісьмовых крыніцах. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева і інш. вучоных, асобныя ўрыўкі П.л. ёсць у Кіеўскім летапісе, які збярогся ў складзе Іпацьеўскага летапісу (звесткі пра полацкія падзеі 2-й пал. 12 ст.). Найб. значны і цікавы з іх — апавяданне, датаванае 1159 (фактычна 1158), пра вяртанне ў Полацк выгнанага палачанамі кн. Рагвалода Барысавіча, напісанае рукой відавочцы падзей жыва, з яркімі дэталямі, з выкарыстаннем простай мовы. Як сведчыць рас. гісторык В.М.Тацішчаў, у П.л., адным са спісаў якога ён карыстаўся пры напісанні «Гісторыі Расійскай», расказвалася пра полацкіх, віцебскіх, мінскіх і інш.зах.-рус. князёў. Відаць, летапіс быў прысвечаны гісторыі Полацкай зямлі 10—13 ст. Паводле меркаванняў некат. гісторыкаў (А.П.Сапуноў, М.М.Ціхаміраў), сапраўдным урыўкам з П.л. з’яўляецца і т.зв. аповесць пра Святохну, змешчаная пад 1216 у «Гісторыі Расійскай» Тацішчава (т. 3), хаця большасць даследчыкаў прызнае яе літаратурным творам 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІЎКА (Polivka) Іржы (6.3.1858, г. Энс, Аўстрыя — 21.3.1933),
чэшскі фалькларыст, лінгвіст, гісторык л-ры. Праф. Карлава ун-та ў Празе (1895). Чл. Чэшскай АН (1908), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1901). Вучыўся ў Пражскім і Заграбскім ун-тах. Асн. працы прысвечаны параўнальнаму вывучэнню казак слав. народаў. Належаў да пазітывісцкай школы параўнальна-гіст. вывучэння фальклору і л-ры. Гал. фактарам развіцця міжнац. сувязей лічыў культ.-геагр. ўмовы. Кніга П. «Славянскія казкі» (ч. 1, 1932) пра гісторыю вывучэння і аналіз стыліст. асаблівасцей бел., рус. і ўкр. казак. Рэцэнзаваў зборнікі бел. казак Е.Раманава, М.Федароўскага, А.Сержпутоўскага, У.Дабравольскага. У 5-томным каментарыі да казак бр. Грым (з І.Больтэ, 1913—32) напісаў раздзелы пра казкі славян, выкарыстаў усе бел. зборнікі казак да 1932.
Літ.:
Sbornik praci věnovanýeh prof. dr. J.Polivkovi: K šedesatým narożeninam. Usporadal Dr. J.Horak. Praha, 1918 (са спісам прац П. 1879—1918);
Horak J. Jiři Polivka: Vspomínka jubilejni // Národopisný véstnik ćeskoslovenský. 1928. №1 (ea спісам прац П. 1918—1928);
Ćeskoslovenské prace o jazyce dējinach a kultuře slovanských národu od r. 1760: Biograficko-bibliográficky slovnik. Praha, 1972. С. 389—392.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАДРУКАВА́НАЯ КНІ́ГА, старадрукі,
умоўная назва кніг, выдадзеных у пэўнай краіне на працягу некат. перыяду пасля ўзнікнення ў ёй кнігадрукавання. Храналагічныя рамкі ўжывання тэрміна «С.к.» ў розных краінах не супадаюць. Зах.-еўрап. кнігі, выдадзеныя ў 15 ст., называюць інкунабуламі, кнігі І-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. У Расіі старадрукамі называюць кнігі 16—17 ст. (зрэдку і 18 ст.). Кнігі першага ўсх.-слав. і бел. першадрукара Ф.Скарыны, С.к. кірыліцкага шрыфту, выдадзеныя на Беларусі ў 16—18 ст., улічаны ў паказальніках «Бібліяграфічны спіс беларускіх старадрукаваных выданняў XVI—XVIII стст.» (складальнік Г.Я.Галенчанка, 1961), «Каталог беларускіх выданняў кірыліцкага шрыфту XVI—XVII стст.» (складальнік В.І.Лук’яненка; вып. 1—2, 1973—75), «Кніга Беларусі» (1986). Апісанню ўсх.-слав. старадрукаў прысвечаны каталогі выданняў кірыліцкага шрыфту, складзеныя кнігазнаўцамі А.С.Зёрнавай, І.В.Паздзеевай, Я.Л.Неміроўскім, Ю.А.Лабынцавым, Я.Дз.Ісаевічам, Т.А.Быкавай і інш. С.к., выдадзеныя на Беларусі на замежных мовах, найб. шырока прадстаўлены ў «Польскай бібліяграфіі» К.Эстрэйхера. С.к. збіраюцца, зберагаюцца і навукова апрацоўваюцца ў многіх б-ках свету. На Беларусі самыя вял. калекцыі старадрукаў захоўваюцца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАСЕ́ВІЧ Іван Нічыпаравіч (9.1.1929, в. Мядзведня Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 11.9.1998),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1958). У 1958—95 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (з 1980 праф.). Пісаў сюжэтна-тэматычныя карціны, пейзажы, нацюрморты. Творам характэрны стрыманасць каларыту, манументалізацыя вобразнага ладу. У палотнах «У беларускіх балотах» (1958), «Брэсцкая крэпасць» (1961), «Няскораныя» (1966), «Клятва» (1967), «Радасная сустрэча» (1968), «Суровае юнацтва» (1971), «Плачуць бярозы» (1975), «Вызваленне Барысаўшчыны» (1980), «За Беларусь. Аперацыя «Баграціён» (1984) і інш. увасоблена тэма Вял.Айч. вайны. Тэме працы прысвечаны карціны «Ангара-Ангара» (1960), «Шахцёры Салігорска» (1963), «Полацкі нафтазавод» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.М.Сакольчыка (1972), Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава (1973), «Сын палка. В.Дончык» (1974), лётчыка Г.Лі (1975), Г.У.Юшкевіча і Героя Сав. Саюза В.З.Каржа (1978), «Партызаны, партызаны... (партрэт Я.Купалы)» (1980), мастака А.Бембеля (1983) і інш. Стварыў цыклы краявідаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчыны (1971—75), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975), В’етнама (1985), шэраг нацюрмортаў.
Літ.:
Шныпаркоў А.М. І.Н.Стасевіч. Мн., 1985.
І.Стасевіч. Партрэт Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588»,
комплекснае выданне, якое прысвечана выдатнаму помніку прававой культуры і юрыд. думкі феад. грамадства 16 ст. — Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 з нагоды яго 400-годдзя і з’яўляецца першай на Беларусі яго поўнай публікацыяй. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1989. Уключае: нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.», дзе раскрыты ўмовы, пры якіх адбывалася падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне Статута; арыгінальны тэкст Статута (факсімільнае ўзнаўленне), яго арыгінальны тэкст і пераклад на рус. мову; энцыклапедычны даведнік з 820 артыкулаў; паартыкульны каментарый; тэрміналагічны і імянны паказальнікі. Асн. частка матэрыялаў даведніка — артыкулы пра тагачасныя адм.-тэр. падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, саслоўі, службовыя асобы і пасады, судовы лад; віды злачынстваў і правапарушэнняў, меры пакарання і ўздзеяння за іх; грашовая сістэма, адзінкі вымярэння і інш. Змешчаны артыкулы пра крыніцы Статута і інш. прававыя акты і дакументы 15—16 ст., пра гісторыю падрыхтоўкі і выдання Статута, яго паліграфічныя і маст. асаблівасці. Шэраг артыкулаў прысвечаны выкарыстанню, збераганню і гісторыі даследавання Статута. У каментарыях разглядаецца прававая сутнасць і гісторыя распрацоўкі кожнай з уключаных у яго норм.
Г.А.Маслыка.
«Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» Мінск, 1989. Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛІ́ЦКІ (Sielicki) Францішак (29.11.1923, в. Мікуліна Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.2001),
польскі літ.-знавец-славіст, фалькларыст. Д-рфілал.н. (1966). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1978 праф. Ін-та слав. філалогіі гэтага ун-та. Аўтар кніг «Аповесць мінулых гадоў»: Гістарычна-літаратурная характарыстыка, пераклад і каментарый» (1968), «Максім Горкі сярод польскіх спраў» (1971), «Падарожжа баярына Барыса Шарамецева праз Польшчу і Аўстрыю ў Рым, а таксама на Мальту, 1697—1698» (1975). Даследаваў рус. класіку (творы І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава). Выдаў падручнік «Беларускі фальклор» (1983). Аўтар прац «Беларускія вясельныя абрады і песні з вёскі Мікуліна...» (1979), «Беларускія жартоўныя песні і вершы з ваколіц вёскі Мікуліна» (1980), «Пахавальныя і дзядоўскія песні, якія выконваліся ў б. Вілейскім павеце», «Відовішчы ў вёсцы Мікуліна б. Вілейскага павета ў міжваенны перыяд» (абедзве 1982). Арт. «Францыск Скарына ў польскай навуцы» (1990) прысвечаны скарыназнаўству ў Польшчы.
Тв.:
Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie. Warszawa;
Wrocław, 1989;
Krzyż w wierzeniach ludu Wilejszczyźny // Наш радавод. Гродна, 1991. Кн. 3, ч. 3;
Pieśni białoruskie i rosyjskie śpiewane na Wileńszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1992;
Podania, legendy, anekdoty i przysłowia na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРГЕ́ЕЎ Канстанцін Міхайлавіч (5.3.1910, С.-Пецярбург — 1.4.1992),
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1957). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1930), у 1938—40 і з 1973 маст. кіраўнік у ім (з 1991 Акадэмія рус. балета імя А.Ваганавай, С. — прэзідэнт). У 1930—61 вядучы танцоўшчык, у 1951—55 і 1960—70 гал. балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета. Танцоўшчык лірыка-рамант. плана, выканаўца асн. класічнага рэпертуару т-ра. Сярод партый: Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Папялушка» С.Пракоф’ева), Яўген («Медны коннік» Р.Гліэра), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.Адана), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага) і інш. Сярод пастановак: «Папялушка» Пракоф’ева (1946, 1964), «Сцежкаю грому» К.Караева (1958), «Гамлет» М.Чарвінскага (1970). Здзейсніў рэдакцыі класічных балетаў, у т. л. «Раймонда» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949). Зняўся ў кінафільмах-канцэртах, у т. л. «Майстры рускага балета» (1953). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў-канцэртаў «Дыялог са сцэнай» (1988), «Нараджэнне танца» (1991). Творчасці С. прысвечаны тэлефільм «Канстанцін Сяргееў. Старонкі харэаграфіі» (1976). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1951. Прэмія Парыжскай акадэміі танца (1965).