МЕСЕРЭ́Р (Асаф Міхайлавіч) (19.11.1903, Вільнюс — 7.3.1992),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў студыі М.​Мордкіна (1918—19), у Маскоўскім харэаграфічным вучылішчы (1919—21, педагог А.Горскі), у 1923—60 выкладаў у ім. У 1921—54 саліст, з 1946 педагог Вял. т-ра ў Маскве. З 1925 выступаў як балетмайстар. Яго выкананне вылучалася высакароднай манерай, жыццярадаснасцю, віртуозным тэхн. майстэрствам. Узбагаціў тэхніку мужчынскага танца. Сярод лепшых партый: Кален («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Зігфрыд, Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), сарацынскі танец і Бернар («Раймонда» А.​Глазунова), Пятрушка і Арап («Пятрушка» І.​Стравінскага), Раб і Пірат («Карсар» А.​Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Піліп («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева). Як балетмайстар аднаўляў і ставіў у новых рэдакцыях класічныя балеты (у т. л. «Лебядзінае возера» ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1978), танцы ў операх, ствараў і сам выконваў канцэртныя нумары, у т. л. «Футбаліст» на муз. А.​Цфасмана. Яго творчасці прысвечаны дакумент. тэлефільм «Асаф Месерэр» (1989). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947.

Тв.:

Уроки классического танца. М., 1967;

Танец. Мысль. Время. 2 изд. М., 1990.

Літ.:

Большой театр СССР. М., 1958.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)