МАКАВЕ́І, Хасманеі,
дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны за р. Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
т. 9, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)