СЯРГЕ́ЕЎ Канстанцін Міхайлавіч (5.3.1910, С.-Пецярбург — 1.4.1992),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1957). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1930), у 1938—40 і з 1973 маст. кіраўнік у ім (з 1991 Акадэмія рус. балета імя А.​Ваганавай, С. — прэзідэнт). У 1930—61 вядучы танцоўшчык, у 1951—55 і 1960—70 гал. балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета. Танцоўшчык лірыка-рамант. плана, выканаўца асн. класічнага рэпертуару т-ра. Сярод партый: Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Папялушка» С.​Пракоф’ева), Яўген («Медны коннік» Р.​Гліэра), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага) і інш. Сярод пастановак: «Папялушка» Пракоф’ева (1946, 1964), «Сцежкаю грому» К.​Караева (1958), «Гамлет» М.​Чарвінскага (1970). Здзейсніў рэдакцыі класічных балетаў, у т. л. «Раймонда» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949). Зняўся ў кінафільмах-канцэртах, у т. л. «Майстры рускага балета» (1953). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў-канцэртаў «Дыялог са сцэнай» (1988), «Нараджэнне танца» (1991). Творчасці С. прысвечаны тэлефільм «Канстанцін Сяргееў. Старонкі харэаграфіі» (1976). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1951. Прэмія Парыжскай акадэміі танца (1965).

С.​В.​Гуткоўская.

К.Сяргееў у ролі Прынца.

т. 15, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)