камяні-валуны з поўнасцю ці часткова выбітай выявай слядоў чалавека (імітацыя босай ці абутай ступні або рукі) або розных жывёл ці міфічных істот. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. трапляюцца ў Афрыцы. С. — праяўленне язычніцкіх культаў. Мяркуюць, што культ камянёў-С. узнік у бронзавым веку ў 2-м тыс. да н.э. Бытуюць легенды, нібыта раней камяні былі больш мяккія і розныя істоты пакідалі на іх сляды. Вада са слядоў лічылася гаючай. З пашырэннем хрысціянства многія С. набылі функцыі прошчаў. На Беларусі вядома больш за 70 С., сканцэнтраваных пераважна на Пн і ў цэнтры краіны. Найб. вядомыя камяні-С. каля вёсак Дзераўно Лагойскага р-на і Кудзінавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл., Малькавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Наўгароды Міёрскага р-на Віцебскай вобл., Сянежычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Да арт.Следавікі. Камень са «слядамі» Багародзіцы каля в. Сянежычы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПО́РАЎСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага р-наў Брэсцкай вобл.Засн. ў. 1991 (пашыраны ў 1999) для аховы унікальных мезатрофных нізінных балот, эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў з комплексамі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 19 384 га (2000). Ландшафты старажытна-алювіяльных нізінных раўнін з шырокімі і слаба дрэніраванымі поймамі і надпоймавымі тэрасамі, азёрамі, катлавінамі. Разнатраўна-гіпнава-асаковыя лугі і гіпергідрафільныя травяністыя фітацэнозы займаюць 74%, лясы (карэнныя пушыстабярозавыя, чорнаальховыя, хваёвыя) і хмызнякі — 9,6% тэрыторыі. У флоры 543 віды раслін, з іх 11 у Чырв. кнізе: венерын чаравічак сапраўдны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік яйцападобны і інш. У фауне 20 відаў млекакормячых, 112 — птушак, 6 — рэптылій, 8 — амфібій, з іх 22 у Чырв. кнізе: паганка малая, бугаі вялікі і малы, бусел чорны, падворлік малы, арлан-белахвост, чарапаха балотная, чмялі мохавы і Шрэнка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́НГІ, фарэлі,
агульная назва прэснаводных форм кумжы (еўрап., або ручаёвыя, С.) і стальнагаловага ласося (радужныя С.). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы, акліматызаваны ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд. Афрыцы і інш. У ручаях і рэках жывуць ручаёвыя С., у азёрах — азёрныя. На Беларусі 2 формы С.: ручаёвая (Salmo trutta morpha fario) у бас. рэк Вілія, Дняпро, Нёман, занесеная ў Чырв. кнігу, і радужная (S. irideus), завезеная ў 1956 для сажалкавых гаспадарак.
Даўж. да 122 см (радужная С.), маса да 30 кг (азёрныя формы), ручаёвай — да 70 см, маса да 12 кг. Колер — ад цёмнага да светлага; па ўсім целе і на спінным плаўніку чорныя і чырв. плямкі, у С, радужнай па баках цела — радужная паласа (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі і дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́ПА,
традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы ў розных народаў. Выкарыстоўвалася і для інш. мэт. На Беларусі былі пашыраны ручная і нажная С. Ручную рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы вышынёю 110—120 см. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку глыбінёй 40—50 см. Зерне ў С. таўклі таўкачом — тоўстай палкай з паўкруглымі канцамі, даўжынёй да 90—100 см. Часта таўклі ў 2 таўкачы. Нажныя С. бытавалі на Палессі, часткова на Міншчыне (пры раскопках Мінскага замчышча 11—12 ст. знойдзены 2 нажныя і 1 ручная С). Вышыня нажной С. 50—60 см. У 4-вугольным або круглым цурбане (калодзе) выдзёўбвалі конусападобную ці круглую адтуліну для зерня. Калоду нярэдка ўкопвалі ў зямлю. Таўкач мацавалі на канцы доўгага бруса (рычага), замацаванага рухома на восі ці на падстаўцы. Рычаг прыводзіўся ў рух нагою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПО́ЛЯ (Populus),
род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Растуць у прырэчных і горных лясах, утвараюць невял. гаі. На Беларусі 3 віды Т.: белая, або серабрыстая (P. alba), дрыжачая, або асіна, і чорная, або ясакар (H. nigra). У культуру ўведзена каля 30 відаў, форм і гібрыдаў. Найб. вядомыя Т.: бальзамічная (P. balsamifera), духмяная (P. suaveolens), дэльтападобная (P. deltoides), канадская (P. canadensis), пірамідальная (P. pyramidalis) і інш.
Лістападныя, двухдомныя, ветраапыляльныя дрэвы выш. 30—45 (60) м. Жывуць да 150 гадоў. Крона шатра-, яйцападобная ці пірамідальная. Лісце чаргаванае, чаранковае, суцэльнае, залозіста-зубчастае або лопасцевае. Цвітуць пераважна да распускання лісця. Кветкі ў павіслых цыліндрычных каташках даўж. 3—15 см. Плод — каробачка. Драўніна лёгкая, белая, мяккая, выкарыстоўваецца ў папяровай, фанернай, мэблевай, запалкавай вытв-сцях, кара — для вырабу і афарбоўкі скур у жоўты колер. Дэкар., тэхн., лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАНІ́НА ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ,
выраб, атрыманы ў працэсе ткацтва перапляценнем нітак — падоўжных (аснова) і папярочных (уток); найб.пашыраны выраб тэкстыльнай прамысловасці.
Вырабляецца на ткацкіх станках. Знятая з ткацкага станка тканіна. наз. суравізнай. Яна становіцца гатовай для выкарыстання пасля адбельвання, фарбавання, спец. прамочвання (напр., апрэтавання, мерсерызацыі) і інш. відаў апрацоўкі. Таўшчыня Т.т. — 0,1—5 мм, шырыня — 0,4—1,5 м (тканіны шырынёй да 0,4 мназ. стужкамі). Т.т. падзяляюць на аднародныя (з аднаго віду валокнаў — баваўняная тканіна, ільняная тканіна, шарсцяная тканіна, шаўковая тканіна), мяшаныя (з нітак, атрыманых з некалькіх відаў валокнаў), неаднародныя (з розных нітак). Вырабляюць тканіны з гладкай паверхняй і з ворсам (гл.Ворсавая тканіна), стракатыя (з рознакаляровых нітак) і меланжавыя (гл. ў арт.Меланж), гладкафарбаваныя (афарбаваныя ў адзін колер) і набіўныя (з друкаваным узорам на добрым баку; гл.Друкаванне тканін), адна- і мнагаслойныя. Выкарыстоўваюць у быце (Т.т. бытавога прызначэння — бялізнавыя, адзежныя, дэкаратыўныя і інш.) і тэхніцы (гл.Тэхнічная тканіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУКА́НАВЫЯ, перцаедныя (Rhamphastidae),
сямейства птушак атр. дзятлападобных. 5—7 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Гняздуюцца ў дуплах. 1 від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 63 см, маса да 300 г. Афарбоўка апярэння кантрастная, пераважае чорны колер з яркімі ўчасткамі жоўтага, зялёнага. чырв. і інш.; у дробных відаў пераважаюць адценні зялёнага. Дзюба вял. (часам амаль роўная даўж. цела), лёгкая ( з пнеўматычнымі поласцямі), сціснутая з бакоў, ярка афарбаваная, загнутая ўніз; краі зазубраныя. Язык доўгі, вузкі, яго канец і краі махрыстыя. Крылы кароткія, шырокія. Хвост у большасці відаў кароткі. Ногі вял., моцныя. Расліннаедныя, могуць паядаць таксама насякомых, малюскаў. яшчарак і інш. Манагамы. Адкладваюць да 4 яец. Лёгка прыручаюцца. Аб’ект промыслу.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Туканавыя: 1 — тока, або вялікі; 2 — туканчык ізумрудны, або зялёны; 3 — тукан рыбны; 4 — арасары зялёны; 5 — арасары стракаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУР,
першы летапісны князь Тураўскага княства. «Аповесць мінулых гадоў» пад 980 паведамляе, што «...бе бо Рогволод пришел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася...». Адны вучоныя (В.М.Тацішчаў, В.В.Ключэўскі, У.З.Завітневіч, М.М.Ціхаміраў) лічаць Т. гіст. асобай на той падставе, што яго імя змешчана ў летапісе побач з гістарычна сапраўдным Рагвалодам. Другія вучоныя (А.А.Шахматаў, М.В.Доўнар-Запольскі, А.С.Грушэўскі, Дз.С.Ліхачоў) лічаць паведамленне летапісу этымалагічнай легендай для тлумачэння паходжання назвы г. Тураў, а Т. асобай легендарнай. На думку гісторыка П.В.Галубоўскага, Т. — мясцовы язычніцкі бог, раўназначны Ярылу. Канчаткова пытанне пра гістарычнасць Т. не вырашана. Магчыма, гэта прозвішча мясц. князя, бо ў слав. мовах пашыраны тапонімы з коранем «тур», а горад, несумненна, мае назву, звязаную з імем асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫТА́НУ АКСІ́ДЫ,
аксіды, якія ўтварае тытан. Вядома каля 15 Т.а., найважн. з іх монааксід TiO, сэсквіаксід Ti2O3 і дыаксід TiO2 (найб.пашыраны ў тэхніцы).
Тытану дыаксід, ці аксід тытану (IV) — бясколерныя крышталі, tпл 1870 °C. Не раствараецца ў вадзе, разбаўленых мінер. к-тах (акрамя плавікавай). Пры сплаўленні або спяканні з аксідамі і карбанатамі металаў утварае тытанаты. У прыродзе трапляецца ў 3 мадыфікацыях — мінералы рутыл. анатаз і брукіт. Атрымліваюць: з рутылу; ільменіту FeTiO3 і інш. руд сернакіслотным метадам; спальваннем тэтрахларыду TiCl4. (гл.Тытану галагеніды) у кіслародзе пры 1200—1700 °C. Выкарыстоўваюць як пігменты (гл.Бялілы) і напаўняльнік у лакафарбавай прам-сці. вытв-сці паперы. пластмас, гумавых вырабаў. а таксама ў вытв-сці керамічных дыэлектрыкаў і аптычнага шкла. як кампанент белай эмалі, абмазкі электродаў для электразваркі і інш. Пыл TiO2 выклікае бранхіт, пнеўмасклероз і інш. пашкоджанні лёгкіх; ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³, у вадзе 0,1 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКЛА́Д ГРАМА́ДСКА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ сістэма эканам. адносін, якая характарызуе грамадскую форму вытв-сці; тып гаспадарання з пэўнай формай уласнасці, спецыфічным кіраваннем. Сацыяльны бок У.г.-э. вызначаецца ступенню ўдзелу ўласніка, кіраўніка і працаўніка ў працэсе прымання гасп. рашэнняў. Паняцце «У.г.-э.» з’явілася ў марксісцкай тэорыі для характарыстыкі сац.-эканам. змен у ходзе пераходу ад аднаго тыпу грамадства да другога. Так, калі ў Сав. Расіі праводзілася адзяржаўленне ўсіх відаў уласнасці, вылучалася 5 У.-г.э.: патрыярхальны, дробнатаварны, прыватна-капіталістычны, дзярж.-капіталістычны і сацыялістычны; ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы пераважаў дзярж.-сацыялістычны ўклад (дзярж. сацыялізм). Пазней у СССР шматукладнасць у нар. гаспадарцы паступова знікала. У постсацыялістычных краінах пераход да рыначнай эканомікі характарызуецца фарміраваннем розных тыпаў гаспадарання, мноствам форм уласнасці і арганізацыйна-прававых форм прадпрыемстваў. У іх вылучаюць дзярж. формы гаспадарання, прыватныя (індывідуальныя і калектыўныя) і змешаныя; пашыраны кааператывы, акц. і інш. віды т-ваў.