СТУ́ПА,

традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы ў розных народаў. Выкарыстоўвалася і для інш. мэт. На Беларусі былі пашыраны ручная і нажная С. Ручную рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы вышынёю 110—120 см. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку глыбінёй 40—50 см. Зерне ў С. таўклі таўкачом — тоўстай палкай з паўкруглымі канцамі, даўжынёй да 90—100 см. Часта таўклі ў 2 таўкачы. Нажныя С. бытавалі на Палессі, часткова на Міншчыне (пры раскопках Мінскага замчышча 11—12 ст. знойдзены 2 нажныя і 1 ручная С). Вышыня нажной С. 50—60 см. У 4-вугольным або круглым цурбане (калодзе) выдзёўбвалі конусападобную ці круглую адтуліну для зерня. Калоду нярэдка ўкопвалі ў зямлю. Таўкач мацавалі на канцы доўгага бруса (рычага), замацаванага рухома на восі ці на падстаўцы. Рычаг прыводзіўся ў рух нагою.

Л.​І.​Мінько.

Ступы: ручныя, нажная (ніжняя).

т. 15, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)