агульная назва прэснаводных форм кумжы (еўрап., або ручаёвыя, С.) і стальнагаловага ласося (радужныя С.). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы, акліматызаваны ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд. Афрыцы і інш. У ручаях і рэках жывуць ручаёвыя С., у азёрах — азёрныя. На Беларусі 2 формы С.: ручаёвая (Salmo trutta morpha fario) у бас. рэк Вілія, Дняпро, Нёман, занесеная ў Чырв. кнігу, і радужная (S. irideus), завезеная ў 1956 для сажалкавых гаспадарак.
Даўж. да 122 см (радужная С.), маса да 30 кг (азёрныя формы), ручаёвай — да 70 см, маса да 12 кг. Колер — ад цёмнага да светлага; па ўсім целе і на спінным плаўніку чорныя і чырв. плямкі, у С, радужнай па баках цела — радужная паласа (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі і дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і развядзення.