СПО́РАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага р-наў Брэсцкай вобл. Засн. ў. 1991 (пашыраны ў 1999) для аховы унікальных мезатрофных нізінных балот, эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў з комплексамі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 19 384 га (2000). Ландшафты старажытна-алювіяльных нізінных раўнін з шырокімі і слаба дрэніраванымі поймамі і надпоймавымі тэрасамі, азёрамі, катлавінамі. Разнатраўна-гіпнава-асаковыя лугі і гіпергідрафільныя травяністыя фітацэнозы займаюць 74%, лясы (карэнныя пушыстабярозавыя, чорнаальховыя, хваёвыя) і хмызнякі — 9,6% тэрыторыі. У флоры 543 віды раслін, з іх 11 у Чырв. кнізе: венерын чаравічак сапраўдны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік яйцападобны і інш. У фауне 20 відаў млекакормячых, 112 — птушак, 6 — рэптылій, 8 — амфібій, з іх 22 у Чырв. кнізе: паганка малая, бугаі вялікі і малы, бусел чорны, падворлік малы, арлан-белахвост, чарапаха балотная, чмялі мохавы і Шрэнка і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)