СЛЕДАВІКІ́,

камяні-валуны з поўнасцю ці часткова выбітай выявай слядоў чалавека (імітацыя босай ці абутай ступні або рукі) або розных жывёл ці міфічных істот. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. трапляюцца ў Афрыцы. С. — праяўленне язычніцкіх культаў. Мяркуюць, што культ камянёў-С. узнік у бронзавым веку ў 2-м тыс. да н.э. Бытуюць легенды, нібыта раней камяні былі больш мяккія і розныя істоты пакідалі на іх сляды. Вада са слядоў лічылася гаючай. З пашырэннем хрысціянства многія С. набылі функцыі прошчаў. На Беларусі вядома больш за 70 С., сканцэнтраваных пераважна на Пн і ў цэнтры краіны. Найб. вядомыя камяні-С. каля вёсак Дзераўно Лагойскага р-на і Кудзінавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл., Малькавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Наўгароды Міёрскага р-на Віцебскай вобл., Сянежычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. і інш.

Да арт. Следавікі. Камень са «слядамі» Багародзіцы каля в. Сянежычы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)