Та́рка ’прадмет кухоннага ўжытку, які служыць для раздрабнення, расцірання’ (ТСБМ, Нас., Шымк., Касп., Растарг., Варл., Сержп. Грам., Арх. Вяр.), сюды ж ’дошка для мыцця бялізны’ (Сцяц. Сл., Сцяц.; ваўк., Сл. ПЗБ), ’церніца (лён церці)’ (трак., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарка ’тарка’: тарку купили в дорогу (1682 г., КГС); таркава́ць ’церці на тарцы’ (Скарбы, Сцяшк., Янк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), таркава́ць ’тс’ (ТС, ЖНС, Лекс. Бел. Палесся), таркава́ны ’сцёрты на тарцы’ (Сцяшк.; паст., швянч., Сл. ПЗБ; лун., Шатал.), таркава́ная ка́ша ’бабка (страва)’ (паст., ЛА, 4). Запазычана з польск. tarka ’кухонная прылада’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 58).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпаты́на ’сумесь смалістых рэчываў для атрымання шкіпінару і каніфолі, жывіца’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’шкіпінар’ (Гіл., Скарбы, Сл. Брэс., Сцяшк., Сцяц. Сл., Сцяц.), тарпаты́н ’шкіпінар’ (Сл. Брэс., Сцяшк.), тарпаты́н ’шкіпінар, тарпатына’ (Сержп. Прымхі; шальч., стаўб., ганц., брасл., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.), тарпанты́на ’прадукт смалакурэння, шкіпінар’ (гродз., Нар. сл.; ашм., Стан.), тэрпанты́на ’тс’ (Некр. і Байк.), тэрпаты́на ’шкіпінар, тарпатына’ (беласт., смарг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. терпентина, терпетина ’тэрпенцін’; сюды ж тарпаты́нніца ’смалакурня’ (шчуч., ЛА, 3). Праз ст.-польск. terpentyna ’тс’ з с.-лац. terpentinus (Булыка, Лекс. запазыч., 149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Торп 1 ’бакавыя часткі ў гумне, застаронкі, зададзеныя збожжам’ (Сл. ПЗБ; астрав., Ск. нар. мовы; Сцяшк., Сержп. Прымхі; паўн.-зах. і цэнтр., ЛА, 2), ’абарог для сена’ (Касп.), ’сцірта ў гумне паміж двума слупамі’ (ашм., Стан.), ст.-бел. торпъ ’адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Гл. тарпа 1.

Торп 2 ’торф’ (Мат. Гом., Жд. 2, Жд. 3), то́рпа ’тс’ (Скарбы), тарпа́ ’тс’ (Касп.). З торф (гл.) з заменам не ўласцівага народнай мове гука ф на п, магчыма, пад уплывам папярэдняга слова, бо выкапаны торф складвалі для прасушкі ў выглядзе сціртаў. Параўн. тарпа 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ўба ’тоўсты, нязграбны чалавек’ (шчуч., Сл. ПЗБ; ТС), ’тоўстая, здаровая жанчына’ (гродз., ЖНС; Скарбы; Юрч. СНЛ), то́ўбіна, то́ўбішча, то́ўбачка ’тс’ (Юрч. СНЛ), то́ўбік ’таўстун’ (Юрч. Мудр.). Укр. то́вба ’непаваротлівы, няўклюдны, тоўсты чалавек (часцей — жанчына)’. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), не зусім яснае слова: магчыма, звязана з літ. taũbė ’тоўба’, якое ўзыходзіць да яўрэйскага імя Taube, параўн. ням. Taube ’голуб’. Зубаты (Studie, 1, 2, 164) супастаўляе са стаўбе́ня ’тоўсты, нязграбны чалавек’, укр. товпи́га, лат. stúlbs ’дурны’. Магчыма, утварэнне на -ба ад *toviti/*tyti ’адкормліваць, рабіцца тучным’ (гл. тучыць), параўн. тоўла, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́нак ‘напітак’, ‘алкагольны напітак’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Гарэц., Федар. 4, Сцяшк., Яруш., Бес., Адм., Скарбы; астрав., Сл. ПЗБ), ‘віно’ (Сцяшк.), ‘прыправы’ (Жд. 3), пераносна ‘атрута (пра гарэлку)’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘пітво, піццё’ (полац., Нар. сл.), ст.-бел. трунокъ ‘напітак, трунак’ (1538 г., ГСБМ): хмелний трунек (Кітаб Луцкевіча). Запазычана са ст.-польск. trunek ‘тс’, ‘глыток, лык’ (Булыка, Лекс. запазыч., 117), якое з с.-в.-ням. trunc, trunkes ‘глыток’, tranc, trankes ‘напой, трунак’ > ням. Trunk ‘глыток’, ‘напітак’, Trank ‘напітак, трунак’ (Борысь, 644–645; Брукнер, 578; Шустар-Шэўц, 1538; Вінцэнц).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́ца ‘драўлянае колца ў калаўроце, праз якое шнурам перадаецца рух шпульцы’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.); тры́цык, крэ́цэк, тры́цік ‘тс’ (малар., Сл. Брэс., Уладз.). Яшчэ раней трыца ‘блок у шыбеніцы’, гл. Гардзееў, Магдэбургская Гародня. Мінск, 2008, 51. З польск. tryc, trycek, tryca, trycka ‘колца ў калаўроце’, ‘блок, на якім спускаецца ланцужок у гадзінніку’, а таксама ‘равок (выраз) у блоку, на які навіваецца шнур’, якія з ням. Tritze ‘хадавое кола’ (Фалінская, Sł. tkac., 2/1, 90; Вінцэнц). Меркаванні пра запазычанне стры́ца (гл.), тры́ца ‘калёсіка на калаўроце’ праз ідыш гл. Галай, БМ, 8, 54.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́птаць ‘працаваць дома; таптацца, хадзіць цэлы дзень паціху, не спяшаючыся’ (Федар. 4, Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы), ‘біць капытамі’ (Нар. Гом.), ту́птаці ‘хадзіць, тупаць’ (ТС), ст.-бел. туптати ‘тс’ (ГСБМ); сюды ж тупата́ць, тупаце́ць ‘стукаць нагамі’ (ТСБМ), тупота́ти ‘тс’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́птати ‘таптацца, хадзіць узад і ўперад’, тупота́ти ‘часта тупаць’, тупоті́ти ‘тс’, рус. дыял. тупоте́ть, тупоти́ть ‘стукаць нагамі’, польск. tuptać ‘таптацца дробнымі крокамі’, ‘мітусіцца’, tupotać ‘таптаць’, ‘тупацець, тупаць’, в.-луж. tupotać ‘перабіраць нагамі’, макед. тупти ‘стукаць, удараць’, ‘біцца (аб сэрцы)’, балг. туптя́ ‘тс’, ‘працаваць (аб маторы)’. Дзеясловы суадносяцца з тупат (гл.), што да *tъpъtъ/*tupotъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перабіра́ць ’пластаваць сена; сартаваць; чысціць (кішкі); перабіраць з ядой; выбіраць, перабіраць з дзяўчатамі’ (Сл. ПЗБ); ’прыцэньвацца, таргавацца; гаварыць лішняе; нанава вязаць світэр’ (ЖНС), пірабіра́іць (вушамі) ’стрыжэ (аб кані)’ (сен., ЛА, 1), перабіра́ць ’патрашыць рыбу’ (лаг., глыб., там жа). Прасл. *per‑birati са значэннем шматразовага дзеяння, утворанае ад *per‑bьrati. Да пера- і браць (гл.). Сюды ж перабіраны ’сабраны ў фалды’, перабіра́нец ’даматканы ручнік’, перабіра́чка ’дзяруга, вытканая асаблівым, складаным спосабам’ (ЖНС), перабі́рысты ’від дывана, які ткаўся спосабам перабору рознакаляровых нітак’ (Скарбы); перабіра́нка, перэбіра́нка ’посцілка, вытканая перабіраным спосабам (у 4–6–8 нічальніц), саматканы дыван’ (маладз., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ, ТС; жытк., Мат. Гом.; З нар. сл.; валож., Жыв. сл.; глус., Мат. Маг., Сцяшк. Сл.), ’пласт сена’ (Юрч.); пераборы ’падрыхтоўка да ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірабіра́ньне ’нарад, падрыхтоўка да ткацтва’: перва ныря́д здзе́лыюць, а тады ткуць (мсцісл., Жыв. сл.); пірабіра́ньніца ’жанчына, якая нараджае, г. зн. рыхтуе кросны да ткацтва’ (там жа); пірябі́ркі ’рэшткі пасля неаднаразовага перабірання’ (Юрч. СНС), перабірка ’рэшткі, адыходы’ (Скарбы), астрав. перабіранка ’адабраная для пасадкі бульба’, перабіра́нік ’саматканы дыван, вытканы ніткамі аднаго колеру на чорнай ці белай аснове’ (Сл. рэг. лекс.). Паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), перабі́ранкі ’саматканыя пасцілкі з узорамі’ калькуе літ. rinktíniai ’тс’, што цяжка давесці, хутчэй наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярмя́га ’верхняе адзенне з даматканага сукна, світка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 4), сермя́га (сѣрмя́га, сѣрьмяга) ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шпіл.), сірні́га, сернега, серня́га ’тс’ (Тарн., Сакал., Горбач, Зах.-пол. гов.), сырне́га ’тс’ (кобр., Ск. нар. мовы), сверме́га ’тс’ (Сл. Брэс.), памянш. сярмя́жка, сярмя́шка, сермя́жка, ’верхняя жаночая вопратка свабоднага пакрою’ (Жд. 2), ’кароткае мужчынскае адзенне, звычайна з шэрага сукна’ (Скарбы), шырма́га ’світка’ (Бяльк.), ст.-бел. сермя́га ’род сялянскай вопраткі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сермʼя́га ’даматканае грубае сукно; адзенне з такога сукна’, рус. сермя́га ’світка’, польск. siermięga ’грубая тканіна’, ст.-польск. szermiąga ’тс’, каш. šerḿąga, ’брадзяга, абарвала; кляча’, širḿęga ’сялянская вопратка з грубай самаробнай тканіны’. Слова без пэўнай этымалогіі. Брукнер (489) параўноўваў з літ. šìrmas ’шэры’, лат. sir̃ms ’сівы’, што падмацоўваецца народнымі назвамі світкі з даматканага сукна — шарак, сярак (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 10) бачыць у слове пранікненне з мовы голядзі, пра што, магчыма, сведчыць фанетыка (першапачатковае s‑ > літ. š‑), прадуктыўны балтыйскі суф. *‑ingas, і тэрыторыя распаўсюджання, звязаная з міграцыяй голядзі; на карысць балтыйскага паходжання па фанетычных прычынах таксама Варбат, Этим. исслед., 2, 89–91; Анікін, Опыт, 275; супраць гл. Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 107. Крытычны агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 609; ЕСУМ, 5, 220; SEK, 5, 76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)