БАЙКА́Л,

возера ў Расійскай Федэрацыі, на Пд Усх. Сібіры (у Бураціі і Іркуцкай вобл.). 456 м над узр. м. Пл. 31,5 тыс. км², даўж. 636 км, найб. шырыня 79,4 км. Самае глыбокае (1620 м) і вялікае па аб’ёме прэснай вады (23 тыс. км³) у свеце, змяшчае каля ​1/5 сусв. запасаў прэснай вады (без ледавікоў). Пл. вадазбору больш за 550 тыс. км². У Байкал упадае 336 рэк, у т. л. Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Турка. Выцякае р. Ангара, якая выносіць за год каля 61 км³ вады. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання. Раён Байкала высокасейсмічны, шматлікія землетрасенні. 27 астравоў, найбольшы Альхон (пл. каля 730 км²). Байкал абкружаны горнымі хрыбтамі. Берагавая лінія слаба парэзаная. Самыя вял. залівы ў сярэдняй ч. возера: Баргузінскі, Чывыркуйскі (падзеленыя п-вам Святы Нос), Правал, губы Аяя і Фраліха. Ветравыя хвалі (да 5 м), згонна-нагонныя з’явы. Т-ра вады на паверхні ў жн. ў адкрытай частцы 12—14 °C, каля берагоў 18—20 °C, на глыбіні амаль пастаянная ўвесь год (3,2—3,5 °C). Ледастаў з канца снеж. — пач. студз. да пач. мая. У вытоку Ангары Байкал не замярзае. Вада адрозніваецца вял. празрыстасцю (да 40 м) і чысцінёй. Праводзяцца работы па памяншэнні адмоўнага ўплыву гаспадаркі навакольных раёнаў на водныя рэсурсы возера. Раён Байкала характарызуецца складанай сістэмай мясцовых вятроў: з ПнЗ — сарма (у раёне в-ва Альхон), з ПнУ — баргузін, з ПдЗ — култук. У флоры і фауне каля 2600 відаў і разнавіднасцяў, у т. л. ¾ эндэмікі: бычкі, жывародная рыба галамянка і інш. Прамысл. рыбы: байкальскі омуль, сіг, харыус, часцікавыя і інш. Водзіцца байкальскі цюлень. Развіты рыбалоўства, суднаходства. Гал. гарады Слюдзянка, Байкальск; прыстані Байкал, Лісцвянка, Танхой, Усць-Баргузін, Северабайкальск. У пас. Лісцвянка Лімналагічны ін-т Сібірскага аддзялення АН Расіі, у пас. Вялікія Каты гідрабіял. станцыя Іркуцкага ун-та. Паўн.-ўсх. ч. Байкала ў складзе Баргузінскага запаведніка, на паўд. узбярэжжы Байкальскі запаведнік, на зах. — Прыбайкальскі нац. парк і Верхняленскі запаведнік. Байкал і навакольныя мясцовасці — раён турызму і адпачынку. Па паўд. узбярэжжы Байкала праходзіць Транссібірская, па паўн. — Байкала-Амурская магістралі.

Воз. Байкал.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАЛО́ЎСТВА,

здабыўная галіна рыбнай прамысловасці. Сыравінная база — прыродныя рэсурсы акіянаў, мораў, азёр, рэк, вадасховішчаў і сажалак (рыба, малюскі, марскія млекакормячыя, ракападобныя і інш.). Падзяляецца на прамысл. і аматарскае, а па месцы здабычы рыбы і морапрадуктаў — на марское, далёкае ад берагоў, марское прыбярэжнае і азёрна-рачное. Прамысл. Р. грунтуецца на вывучэнні рыбных запасаў, біял. асаблівасцях аб’ектаў промыслу, раёнаў лоўлі, міграцыі рыб і марскіх жывёл. Адзін з найстарэйшых відаў чалавечай дзейнасці. Да эпохі палеаліту і неаліту адносяцца вынаходствы рыбалоўных прылад (кручкі, гарпуны, восці і інш.). З развіццём сельскай гаспадаркі Р. ператварылася ў дапаможную галіну. Формы, спосабы і прылады стараж. Р. амаль усе вядомы і ў наш час. Развіццё прадукцыйных сіл паступова ператварыла здабычу рыбы і морапрадуктаў у промысел, а потым і ў прамысловае Р. Асн. частку ўлову дае акіянскае і марское Р. ў межах кантынент. шэльфа. Да сярэдзіны 20 ст. прыкладна 75% улову прыпадала на паўн. ч. Сусв. акіяна, але ўжо ў 1970-я г. цэнтр Р. перамясціўся ў трапічныя раёны і Паўд. паўшар’е. Матэрыяльна-тэхн. базу складае рыбапрамысл. флот, рыбалоўныя парты, прадпрыемствы па вытв-сці прылад, сродкаў вытв-сці і іх рамонце. Гал. месца належыць тралаваму лову. Выкарыстоўваюцца таксама кашальковы, дрыфтэрны і ярусны лоў. Для павышэння эфектыўнасці распрацаваны метады ўздзеяння на рыбу святлом, электрычнасцю, хім. прэпаратамі і інш. Спалучэнне рыбных помпаў з тралам і нератам прывяло да распрацоўкі гідрамеханізаванай лоўлі бесперапыннага дзеяння. Касм. назіранні дазволілі пашырыць лоўлю ва ўсіх морах і акіянах. У марскім Р. існуюць аўтаномныя і экспедыцыйная формы арганізацыі лоўлі. Неабмежаваная лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў адмоўна адбіваецца на стане сыравінных рэсурсаў, таму парадак лоўлі і здабычы ў адкрытым моры вызначаецца міжнар. пагадненнямі, а ў тэр. водах — нац. заканадаўствам. Значныя страты наносяць браканьерская лоўля рыбы і здабыча марской жывёлы.

У 1998 у свеце вылаўлена 117,2 млн. т рыбы, ракападобных і малюскаў, у т. л. 30,9 млн. т у сажалках і пры выкарыстанні інш. метадаў штучнага развядзення. 10 краін, дзе найб. развіта Р., вылавілі 78,1 млн. т, у т. л. Кітай 38 млн. т, Японія 6 млн. т, Індыя і ЗША па 5,2 млн. т, Расія 4,5 млн. т, Інданезія і Перу па 4,4 млн. т, Чылі 3,6 млн. т, Тайланд 3,5 млн. т, Нарвегія 3,3 млн. т. Ад 1 да 2 млн. т штогод вылоўліваюць Паўд. Карэя, Ісландыя, Філіпіны, Данія, Мексіка, Малайзія, Іспанія, Аргенціна, Бангладэш, Вялікабрытанія, В’етнам, Канада, Тайвань. Значная здабыча (ад 0,5 да 1 млн. т) у Бразіліі, Эквадоры, Францыі, Італіі, Марока, Нідэрландах, Новай Зеландыі. Пакістане, Сенегале, ПАР, Венесуэле і Турцыі. Унутрыкантынент. дзяржавы арганізуюць Р. (акрамя ўнутр. вадаёмаў) у моры на зафрахтаваных або сваіх суднах. У спарт. і рэкрэацыйных мэтах з дапамогай ручных прылад (вуды, спінінгі, перамёты, дарожкі і інш.) развіваецца аматарскае Р.

На Беларусі Р. ажыццяўляюць рыбакамбінаты, сажалкавыя рыбгасы, азёрна-таварныя гаспадаркі, рыбзаводы і інш. Ва ўнутраных вадаёмах Беларусі ўлоў рыбы склаў 13,6 тыс. т (1998). Абмежавана лоўля рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (сцерлядзь, ручаёвая стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сві́нка 1 ‘хвароба залоз, заушніца’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр., рус., балг. сви́нка, польск. świnka ‘тс’. Ад свіння (гл.) з прычыны пухліны, якая значна патаўшчае шыю. Аналагічна лац. scrōfula ‘пухліна на шыі’ ад scrōfa ‘свіння, свінаматка’, грэч. χοιράς ‘апухлыя шыйныя залозы’ ад χοῖρος ‘парася, свіння’ (Фасмер, 3, 578; Вальдэ-Гофман, 2, 501; ЕСУМ, 5, 190; БЕР, 6, 550).

Сві́нка 2 ‘від рыбы на рацэ Буг’ (беласт., Ніва, 1973, 16 вер.), свінюк ‘рыба падуст, Chondrostoma nasus (L.)’ (Жук., рэдка на Нёмане), ‘харыус’ (Інстр. 2). Рус. сви́нка ‘падвід падуста, волжскі падуст’, укр. дыял. сви́нька ‘дняпроўскі падуст’, сви́нка ‘падуст’, польск. świnka, славац. švinka ‘тс’. Да свіння (гл.). Назва дадзена па знешнім выглядзе, таму што ў гэтай рыбы рот знаходзіцца пад храсткаватым носам, які моцна вытыркаецца (гл. Сабанееў, Жизнь, 506 і наст.). Параўн. таксама іншыя назвы гэтай рыбы: пад‑уст, насар, ням. Schweinfisch < Schwein ‘свіння’. Агляд матэрыялу па розных славянскіх мовах гл. Усачова, Этимология–1973, 93.

Сві́нка 3 ‘грыб таўстуха’ (Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Нік., Оч.; Сл. рэг. лекс.), ‘грыб сіняватага колеру’ (Нас.), свіння́, сві́нка ‘назвы грыбоў, пераважна розных відаў сыраежак’ (Сярж.–Яшк.). Ад свіння 1 (гл.) у форме памяншальнасці, што наогул прадуктыўна ў назвах раслін (гл. Мяркулава, Очерки, 155). Адносна семантыкі назвы параўн. свінуха 2 (гл.).

Сві́нка 4 ‘гульня са спецыяльнай калодачкай або мячыкам з анучак (свінкай): хто будзя пасвіць свінку?’ (гродз., Нар. словатв.), свінья́ ‘старажытная гульня, пры якой цурку заганяюць у ямку’ (ТС). Укр. сви́нка ‘від гульні, а таксама драўляны шар, які ганяюць палкай’, рус. сви́нка ‘пацурбалак, цурка або чушка для гульні ў свінкі’, балг. сви́нка ‘мячык і гульня, пры якой імкнуцца закаціць яго ў ямку’, славен. svínjka ‘драўляны мячык’, серб. дыял. свињћа ‘цурка або камень, якую адзін з гульцоў (“свињар”) спрабуе кійком загнаць у ямку, чаму перашкаджаюць іншыя гульцы; сама гульня’. Да свіння 1; да семантыкі параўн. рус. чу́шка ‘свіння’ і ‘злітак, брусок свінцу або чугуна’. Менш верагодна вывядзенне з прасл. *sъvinъka < sъvi(nǫ)ti (параўн. укр. зви́нка ‘мячык з шэрсці; гульня ў мяч’ ад звити ‘звіць’), гл. ЕСУМ, 5, 190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)