Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСОСЕПАДО́БНЫЯ (Salmoniformes),
атрад касцістых рыб. 8 падатр., 28 сямействаў. Вядомы з мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды. Прэснаводныя, прахадныя, марскія прыбярэжныя і глыбакаводныя рыбы. На Беларусі 8 відаў: рапушка еўрапейская, стронга ручаёвая, харыус звычайны (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі), пелядзь, сіг чудскі, стронга радужная (акліматызаваныя), кумжа, корушка азёрная.
Даўж. ад 2,5 см да 1,5 м, маса да 60 кг. Некат. віды (корушкавыя) захоўваюць рэшткі хорды ў асявым шкілеце і храсток у чарапной каробцы. Плавальны пузыр, калі ёсць, злучаны са страваводам. Луска дробная, цыклоідная. У час нерасту цела некат. ласосяў набывае яркую «шлюбную» афарбоўку. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],
катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды жывёл, адносна якіх паводле мясц., дзярж. ці міжнар. нарматыўных актаў, пагадненняў ці канвенцый дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для дадзенага рэгіёна, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікіх жывёл, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае рэзкае скарачэнне колькасці або знікненне з фауны. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырвонай кнізе Беларусі 182 віды ахоўных жывёл, у т. л. 14 млекакормячых (арэшнікавая соня, барсук, белавежскі зубр, буры мядзведзь, рысь і інш.), 75 птушак (аўдотка, беркут, змеяед, сапсан, філін і інш.), 2 паўзуноў (балотная чарапаха, мядзянка), 1 земнаводных (чаротавая рапуха), 5 рыб (сцерлядзь, стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач), 79 насякомых (апалон, жужаль цудоўны, жук-алень, махаон, падалірый, пустэльнік, чмель Шрэнка і інш.), 1 двухстворкавых малюскаў (жамчужніца звычайная), 5 ракападобных (бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, шыракапальцы рак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́Н,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 2273 км, пл.бас. 729 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схіле Станавога хрыбта, цячэ па Алданскім нагор’і, уздоўж паўд. падножжа Верхаянскага хрыбта, упадае за 160 км ніжэй Якуцка. Даліна ў межах Алданскага нагор’я складаецца з шырокіх і вузкіх каньёнападобных участкаў з перакатамі і шыверамі; у сярэднім цячэнні шырокая, з тэрасаванымі схіламі. Асн. прытокі: Тымптон, Учур, Мая, Алах-Юнь (справа), Амга (злева). Разводдзе з мая да ліп., у жн.—вер. паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 5150 м³/с. У бас. Алдана больш за 51 тыс. азёр. Рыбалоўства (асетр, сцерлядзь, харыус). Суднаходны на 1753 км ад вусця. Гал. прыстані: Тамот, Усць-Мая, Хандыга. У бас. Алдана радовішчы жал. руды, каменнага вугалю, золата, слюды-флагапіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФА́УНА (ад іхтыя... + ... фауна),
сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах.ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш.геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл.Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс.га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс.га.
Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., Іўеўскім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл.Засн. ў 1960 з мэтай аховы паляўнічай фауны і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнаўлення. Пл. 86,5 тыс.га. Займае паўд.-ўсх.ч. Налібоцкай пушчы ў бас. правых прытокаў р. Нёман — Бярэзіны і Усы. Асн.ч. заказніка — забалочаная Нёманская нізіна з невял. градамі і ўзгоркамі, рэкамі, ручаямі і меліярац. каналамі; воз. Кромань. 80% займаюць лясы (пераважае хвоя). У флоры 820 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 26 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 53 віды млекакормячых, 146 — птушак, 6 — паўзуноў, 11 — амфібій, 35 — рыб. Сярод іх: лось, казуля, дзік, ліс, заяц, вавёрка, бабёр, выдра, куніца, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, рабчык і інш. Рэакліматызуюцца зубр і алень еўрапейскі. 17 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. барсук, рысь, пугач, скапа, змеяед, харыус, апалон чорны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],
арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).
Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.