БРУХА́ЦКІ (Аляксандр Леанідавіч) (н. 25.8.1945, с. Панова Шаткоўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Расіі (1984). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1966). У 1966—87 працаваў у Горкаўскім акад. драм. т-ры імя М.​Горкага: Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.​Растана), Курчаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Мальер («Кабала святош» М.​Булгакава), Алёшка, Сацін («На дне» М.​Горкага), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Мікалай («Парог» А.​Дударава) і інш. З 1988 у Рус. драм. т-ры Беларусі. Сярод роляў: Крысабой («Майстры» паводле Булгакава), Журналіст, Фізік («Звалка» Дударава), Рычард («Усё ў садзе» Э.​Олбі), Муж («Свабодны шлюб» Д.​Фо і Ф.​Рамэ).

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЬШЧЫКО́Ў-САМА́РЫН (сапр Сабальшчыкоў) Мікалай Іванавіч

(9.4.1868, С.-Пецярбург — 20.7.1945),

расійскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Расіі (1934). З 1892 акцёр, рэжысёр, перыядычна і антрэпрэнёр тэатраў, пераважна прыволжскіх гарадоў. Садзейнічаў стварэнню высокамаст. акцёрскіх ансамбляў, быў прапагандыстам драматургіі А.​Чэхава і М.​Горкага. З 1917 працаваў у Адэсе, з 1924 маст. кіраўнік, акцёр і рэжысёр т-ра ў Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод пастановак: «Мяшчане» М.​Горкага (1927, 1-я пастаноўка 1903), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Страх» А.​Афінагенава (усе 1932), «Байцы» Б.​Рамашова (1934) і інш. Сярод лепшых роляў: Акцёр і Сацін, Бяссеменаў і Цяцераў («На дне», «Мяшчане» М.​Горкага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага).

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСЭ́Т,

жаночая безрукаўка, састаўная частка бел. нар. касцюма. Лакальныя назвы кабат, шнуроўка, станік. Апраналі паверх кашулі да святочнага ўбору. Шылі гарсэт на падшэўцы (у 19 — пач. 20 ст. спец. краўцы) з даматканых і фабрычных тканін (сацін, шарсцянка, танныя гатункі парчы, аксаміт, тонкае сукно) чорнага, малінавага, фіялетавага, сіняга колераў. Спераду зашпільвалі на гузікі ці гаплікі або зашнуроўвалі. Паводле крою падзяляліся на кароткія (не дасягалі таліі), прамыя, якія нагадвалі ліф (турава-мазырскі, капыльска-клецкі строі); доўгія, прышытыя да спадніцы (краснапольскі, давыд-гарадоцка-тураўскі строі); прыталеныя з адразной баскай у кліны ці фальбоны (дамачаўскі, калінкавіцкі, навагрудскі, ляхавіцкі строі). Упрыгожвалі гарсэт стракатымі пампонамі і мохрыкамі, гузікамі, нашыўкамі і аблямоўкамі з каляровай тасьмы, тканін, скуры, галуна, вышыўкай, узорыстым натыканнем.

М.​Ф.​Раманюк.

Святочны дзявочы касцюм з гарсэтам. Светлагорскі раён. Пач. 20 ст.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЯ́Н,

спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам; састаўная частка нар. жаночага адзення беларусаў Падняпроўя ў 19 — пач. 20 ст. Шылі з баваўняных ці льняных тканін з вузкімі плечавымі шлейкамі ліфа і глыбокім выразам проймы. Спадніцу звычайна кроілі з 4 полак андарачнай тканіны, ліф-гарсэт — з фабрычнай (аксаміт, сацін, шарсцянка, парча, шоўк). У паўн.-ўсх. раёнах С. шылі з ільняных пярэстатканых ці маляўніча-набіваных тканін сіняга ці блакітнага колеру. Апраналі паверх кашулі і падпяразвалі вузкім поясам. На Беларусь С. трапіў, відаць, з Зах. Еўропы, дзе быў верхнім адзеннем феад. знаці і духавенства ў 16—18 ст. (шылі з аксаміту, парчы, сукна пераважна чорнага, сіняга, шэрага колераў; складаўся з 2 частак — шчыльнага ліфа з лямкамі або кароткімі рукавамі і фалдзістага нізу). Сустракаецца ў адзенні рускіх, украінцаў (сарафан).

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчынка ў саяне. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́БРЫС ((Sebris) Карліс) (н. 18.2.1914, пас. Сіноле Гулбенскага р-на, Латвія),

латышскі акцёр. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў драм. курсы пад кіраўніцгвам Э.​Зелтмаціса (1938) і паступіў у трупу Нац. т-ра Латвіі ў Рызе. Стварыў яркія вобразы, адметныя высокім майстэрствам пераўвасаблення: Сацін («На дне» М.​Горкага), Парфірый Пятровіч («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), сэр Тобі, Фальстаф («Дванаццатая ноч», «Генрых IV» У.​Шэкспіра), Філіп II («Дон Карлас» Ф.​Шылера), Кала Бруньён («Кала Бруньён» паводле Р.​Ралана), Йынь («Йынь з вострава Кіхну — дзікі капітан» Ю.​Смуула) і інш. Зняўся ў кінафільмах: «Каўгурскае паўстанне» (1941), «За лебядзінай чарадой аблокаў» (1957), «Чужая ў пасёлку» (1959), «Табага» змяняе курс» (1965), «Эдгар і Крысціна» (1966), «Слугі д’ябла» (1970), «Караль Лір», «Балада пра Берынга і яго сяброў» (абодва 1971), «Слугі д’ябла на чортавым млыне» (1972), «Напад на тайную паліцыю» (1975), «Дзюма на Каўказе» (1980), «Забытыя рэчы» (1982) і інш.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

вядучая падгаліна тэкстыльнай прамысловасці, якая вырабляе з бавоўны тканіны, ніткі, корд, нятканыя матэрыялы і інш. Уключае прадзільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную (на прадпрыемствах закончанага цыкла) і круцільна-нітачную вытворчасці. Прадукцыя ідзе на выраб адзення, абутку, мэблі, тары, тэхн. дэталяў.

Ручны выраб баваўняных нітак і тканін вядомы з глыбокай старажытнасці ў Індыі, Егіпце і Кітаі. Баваўняная прамысловасць у Еўропе ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. і адна з першых перайшла на машынную вытв-сць. У Расіі значныя прадпрыемствы ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. У дарэвалюцыйны час 50% бавоўны-сырцу завозілася з ЗША і Егіпта. У 1920-я г. пачалося буд-ва новых прадпрыемстваў, да 1940 пабудавана 13, у т. л. «Чырвоная Талка» ў Іванаве, першыя чэргі Ташкенцкага і Барнаульскага баваўняных камбінатаў. Баваўняная прамысловасць была створана ў асн. раёнах баваўнаводства (Узбекістан, Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан, Азербайджан). Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя прадпрыемствы, у т. л. на Беларусі і Украіне; пабудаваны новыя ў Чымкенце, Чэбаксарах, Бішкеку, Барнауле, Душанбе і інш. Былы СССР займаў 2-е месца ў свеце па выпуску баваўняных тканін.

Першае прадпрыемства на Беларусі працавала з пач. 19 ст. ў мяст. Зялёны Прудок Магілёўскай губ. (выпускала хусткі і папяровую тканіну). У 1900 створана бавоўнапрадзільная ф-ка «Дняпроўская мануфактура» паблізу Дуброўна (Дубровенская тэкстыльная фабрыка). Усяго да 1-й сусв. вайны на прадпрыемствах баваўнянай прамысловасці было 327 ткацкіх станкоў, з іх 198 механічных. Сучасная баваўняная прамысловасць Беларусі фарміравалася з 1960-х г. У 1960—69 створаны Баранавіцкі баваўняны камбінат, у 1963—67 — Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, у Ветцы на базе арцелі «Чырвоны тэкстыльшчык» (засн. ў 1949) — Веткаўская баваўняная ф-ка, у 1976 — Віцебскае тэкстыльнае вытв. аб’яднанне (з 1991 «Віцтэкс»), Баваўняную прадукцыю выпускалі (1992) каля 20 прадпрыемстваў Беларусі, сярод іх, акрамя названых, Дзяржынская, Слуцкая і Талачынская тэкст. ф-кі, Рэчыцкае ткацкае вытв. аб’яднанне, Бабруйскі камбінат нятканых матэрыялаў і інш. Асн. прадукцыя баваўнянай прамысловасці Беларусі: паркаль, бязь, сацін, тканіны на бялізну і плацце, мэблева-дэкар., хустачныя, ручніковыя, махровыя, тэхн., тарныя, паковачныя, з устойлівым аздабленнем, з водаўстойлівым і супраць гніення насычэннем, баваўняныя мяшаныя тканіны, марля, вата, ніткі, нятканыя матэрыялы. У 1993 выраблена 35,2 тыс. т баваўнянай пражы (найб. у 1990—91 — 50,5 тыс. т); 102 млн. м² тканіны (найб. у 1991 — 142 млн. м²).

У свеце выпускаецца каля 46 млрд. м² баваўняных тканін (1985). Прадукцыя баваўнянай прамысловасці ў розных краінах складае 66—95% ад прадукцыі тэкст. прам-сці. Найб. вытворцы бавоўны-сырцу (1994) — Кітай, ЗША, Індыя і Пакістан, баваўняных тканін (у пач. 1990-х г.) — Кітай, краіны СНД (найб. у Расіі), Індыя, ЗША, Японія, Тайвань, Італія, Егіпет і інш.

В.​М.​Логвінка.

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)