СТАНІСЛА́ЎСКІ (сапр.Аляксееў) Канстанцін Сяргеевіч
(17.1.1863, Масква — 7.8.1938),
расійскі рэжысёр, акцёр, педагог, тэарэтык тэатр. мастацтва. Нар.арт.СССР (1936). Рэфарматар т-ра, заклаў фундамент навукі аб сцэн. мастацтве (гл.Станіслаўскага сістэма). Тэатр. дзейнасць пачаў у 1877 на аматарскай сцэне як акцёр і рэжысёр. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Т-ва мастацтва і л-ры (1888). Найб. поўна і ярка талент С. раскрыўся ў Маск. маст. т-ры (МХТ), які ён заснаваў з У.Неміровічам-Данчанкам у 1898. У першай пастаноўцы «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога дасягнуў гіст. праўды, акцёрскай верагоднасці, дакладнай распрацоўкі масавых сцэн. З адкрыццём новага кірунку ў сцэн. мастацтве звязаны пастаноўкі п’ес А.Чэхава «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901), «Вішнёвы сад» (1904, усе з Неміровічам-Данчанкам), якім уласцівы глыбокі псіхалагізм, высокая паэтычнасць, ансамблевасць ігры, зладжанасць усіх маст. кампанентаў. Грамадзянскім гучаннем вызначаліся пастаноўкі драматургіі М.Горкага «Мяшчане» і «На дне» (1902, апошняя з Неміровічам-Данчанкам). Наватарствам, дакладным прачытаннем літ. твораў адметныя спектаклі «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1906), «Рэвізор» М.Гогаля (1908), «Жывы труп» Л.Талстога (1911), «Дзе тонка, там і рвецца» І.Тургенева (1912, усе з Неміровічам-Данчанкам). Сац. напоўненасцю і завостранасцю, яркасцю фарбаў вызначаліся спектаклі «Гарачае сэрца» А.Астроўскага (1926), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1927), «Мёртвыя душы» паводле Гогаля (1932). Вобразам, створаным С.-акцёрам, уласціва тонкая псіхал. распрацоўка (Трыгорын — «Чайка», Астраў — «Дзядзька Ваня», Вяршынін — «Тры сястры»), высокі грамадзянскі пафас (Сацін — «На дне», Штокман — «Доктар Штокман» Г.Ібсена), сатыр. завостранасць, тэатр. яркасць, кідкасць (Фамусаў — «Гора ад розуму», Круціцкі — «На ўсякага мудраца хапае прастаты» Астроўскага, Арган — «Прытворна хворы» Мальера). Вёў пед. работу ў драм. і оперных студыях. Распрацоўваў метады работы над п’есай, роляй, вёў пошукі новых шляхоў у сцэн. творчасці. З дзейнасцю С. звязаны новы кірунак у тэатр. мастацтве, вышэйшы этап у развіцці сцэн. рэалізму. Дасягненні абгрунтаваў у тэарэт. працах. Практычная дзейнасць С., тэарэт. працы зрабілі вялікі ўплыў на сусв.сцэн. мастацтва, у т. л. на беларускае.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1954—61.
Літ.:
О Станиславском: Сб. воспоминаний, 1863—1938. М., 1948;
Станиславский: Писатели, артисты, режиссеры о великом деятеле рус. театра. М., 1963;
Полякова Е.И. Станиславский — актер. М., 1972;
Яе ж. Станиславский. М., 1977;
Сибиряков Н.Н. Мировое значение Станиславского. М., 1974;
Виноградская И.Н. Жизнь и творчество К.С.Станиславского: Летопись. Т. 1—4. М., 1971—76;
Соловьева И.Н., Шитова В.В. К.С.Станиславский. М., 1985;
Сабалеўскі А. Станіслаўскі і сучаснасць // Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980.