падхапі́ць, -хаплю́, -хо́піш, -хо́піць; -хо́плены; зак.

1. каго-што. Падтрымаць, падняць, трымаючы знізу, схапіць (злавіць тое, што падае).

П. сумку.

П. саслабелую старую.

Імклівая вада падхапіла човен.

2. каго-што. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам.

Хлопец падхапіў дзяўчыну і закружыўся ў танцы.

3. перан., што. Адразу або нечакана атрымаць, схапіць, захварэць (разм.).

П. запаленне лёгкіх.

4. перан., што. Скарыстаўшы што-н. зробленае, пушчанае ў ход іншым, прадоўжыць пачатае другім (разм.).

П. чужую ідэю.

5. што. Пачаць падпяваць.

Весела п. песню.

6. перан., што. Падтрымаць, расшыраючы і паглыбляючы якое-н. дасягненне.

П. пачын.

|| незак. падхо́пліваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прайма́ць ’прабіраць, пранізваць (пра мароз, холад, вецер і пад.); глыбока, моцна дзейнічаць, рабіць вялікае ўражанне на каго-небудзь’ (ТСБМ), ’прасоўваць (нітку) праз ігольнае вушка’, ’пранікаць (аб ветры, марозу)’ (Нас.), пройма́ць ’праймаць, прабіраць’ (ТС), зак. тр. пройняты ’спехам прашыць, прыхапіць ніткай’ (Клім.), ст.-бел. проимати ’разабраць, зрабіць у чым-небудзь адтуліну’. Прыставачны дзеяслоў ад імаць (гл.). З семантычных паралеляў параўн. рус. пронимать ’прабіраць (аб холадзе)’ і ўкр. пройма́ти ’абхапіць (аб холадзе); прасоўваць нітку (у іголку)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

zabrać

zabra|ć

зак.

1. komu co забраць, адабраць у каго што; jemu ~li wszystkie rzeczy — y яго забралі ўсе рэчы;

2. узяць; прыхапіць; захапіць;

~ć kogo ze sobą na spacer — узяць каго з сабой на шпацыр;

~ć do aresztu — забраць, узяць пад арышт;

~ć do niewoli — узяць у палон;

3. прыбраць;

to trzeba stąd ~ć — гэта трэба адсюль прыбраць;

zabierz ręce! — прыбяры рукі!

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

хвати́тьI сов.

1. (схватить) разг. хапі́ць, хваці́ць; ухапі́ць;

хвати́ть за рука́в хапі́ць за рука́ў; см. хвата́тьI;

2. (испытать) разг. набра́цца, зазна́ць;

хвати́ть го́ря, стра́ху набра́цца го́ра, стра́ху;

3. (ударить) разг. сту́кнуць, уда́рыць; (бросить) бра́знуць, ля́снуць;

хвати́ть кулако́м по столу́ сту́кнуць (уда́рыць) кулако́м па стале́;

хвати́ть об пол бра́знуць (ля́снуць) аб падло́гу;

4. (поразить) хапі́ць; (повредить) пабі́ць; (прихватить) прыхапі́ць;

его́ хвати́л уда́р яго́ спаралізава́ла, яго́ хапі́ў уда́р;

моро́зом хвати́ло посе́вы маро́зам пабі́ла (прыхапі́ла) пасе́вы;

5. (выпить) прост. хапі́ць; ця́пнуць;

хвати́ть рю́мку хапі́ць (ця́пнуць) ча́рку;

6. (сделать что-л.) прост. урэ́заць, адпалі́ць;

хвати́ть плясову́ю пусці́цца ў ско́кі;

хвати́ть че́рез край перабра́ць ме́ру (ме́рку) (далёка хапі́ць).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом. Мележ. // Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе. Кавалёў.

2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры. Колас. [Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы. Даніленка.

3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. □ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў. // Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. □ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў. // Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. □ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся. Вітка.

4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба. Даніленка. // Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.

5. перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час. Алешка. Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча. Корбан. // Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Колас. Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам. Арабей.

6. перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю. Хведаровіч. Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі. Гартны.

7. Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча. Лупсякоў. Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе. Лынькоў. Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры. Васілевіч.

•••

Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)