(Tatti)] Якапа (2.7.1486, г. Фларэнцыя, Італія — 27.11.1570),
італьянскі архітэктар і скульптар Высокага і Позняга Адраджэння. Вучыўся ў А.Сансавіна (узяў яго прозвішча) у Фларэнцыі. Працаваў у Рыме (1503—10 і 1518—27), Фларэнцыі (1510—18), Венецыі і Падуі (з 1529 гал. архітэктар Венецыянскай рэспублікі). Яго арх. творы ў Венецыі (палацца Корнер, з 1532, б-ка Сан-Марка, 1536—54; манетны двор, з 1536) адметныя пластычнай выразнасцю строгіх класічных форм, багаццем скульпт., а часам і жывапіснага ўбрання, тонка падначаленага тэктоніцы будынка. У скульптуры жывапісная гульня святлаценю спалучаецца з вытанчанай экспрэсіяй вобразаў («Вакх», 1518; 4 статуі на фасадзе Ладжэты ў Венецыі, 1540—45).
Я.Сансавіна. Бібліятэка Сан-Марка ў г. Венецыя. 1536—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ННЯ (Bologna),
горад на Пн Італіі, на р. Рэна, каля падножжа Паўн. Апенінаў. Адм. ц. правінцыі Балоння і вобласці Эмілія-Раманья. Ва ўзгорыстай мясцовасці з высокаразвітой сельскай гаспадаркай (сады і вінаграднікі). 395 тыс.ж. (1993). Займае выгаднае трансп. становішча на шляхах з Паўн. Італіі на Пд. Вузел чыгунак, аўтадарог; аэрапорт; злучаны суднаходным каналам з р. По. Машынабудаванне (у т. л. дакладнае), чорная металургія, хім., керамічная (вырабы з маёлікі), фармацэўтычная, лёгкая, харч., паліграф.прам-сць. Цэнтр атамных даследаванняў.
З канца 6 ст. да нашай эры Балоння (Фельсіна) сталіца этрускаў. У 4 ст. да нашай эры захоплена племем бояў (адсюль сучасная назва). З 189 да нашай эры Балоння — рым. калонія Банонія. На пач. 8 ст. захоплена лангабардамі, пазней была пад уладай франкаў, папы рымскага. У 1114 дамаглася статуса гар. камуны. У канцы 11 ст.засн.Балонскі універсітэт. У 1506—1860 (з перапынкам у 1796—1815) Балоння ў складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Абрысы сярэдневяковай Балонні (вузкія прамыя вуліцы, дамы з аркадамі на 1-м паверсе, фасады гатычных палацаў) склаліся ў 11—15 ст. У цэнтры горада — плошчы Маджорэ і Нептуна з царквой Сан-Петроніо (14—17 ст.), «Палацам караля Энца» (1246), Палацца Камунале (13—15 ст.), Палацца дэль Падэста (13—15 ст.) і фантанам «Нептун» (1566). Комплекс раманскіх цэркваў 11—13 ст. Сан-Стэфана; нахіленыя дамы-вежы Торэ Гарызенда (1110), Торэ Азінелі (1009—1119); цэрквы Сан-Франчэска (13 ст.) і Сан-Даменіка (13—18 ст.); рэнесансавыя і барочныя дамы. Музеі: Нац. пінакатэка, Гар. музей, Галерэя сучаснага мастацтва. Захаваліся шматлікія некропалі этрускаў 6—4 ст. да нашай эры
Літ.:
Rubbi P. E. Guida alla Bologna d’oggi. Bologna, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІ́НІ ((Martini) Сімоне) (каля 1284, г. Сіена, Італія — ліп. 1344),
італьянскі жывапісец. Паслядоўнік і, магчыма, вучань Дуча ды Буанінсенья. Зазнаў уплывы франц. гатычнага мастацтва. Працаваў у Таскане, Неапалі (1317), Арвіета (1320), Асізі (1320-я г.), Авіньёне (з 1340). У творчасці спалучаў гатычныя традыцыі арганізацыі кампазіцыі, трактоўкі перспектывы, кволасці фігур чалавека з протарэнесансавай адухоўленасцю і жыццёвай пластыкай вобразаў, вытанчанасцю колераў: фрэскі ў Палацца Публіка ў Сіене («Маэста», 1315; выява кандацьера Гвідарыча да Фальяна, 1328), у Ніжняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (сцэны з жыцця св. Марціна Турскага, каля 1326), алтарныя абразы «Св. Людовік Тулузскі карануе Роберта Неапалітанскага» (каля 1317), «Дабравешчанне» (1333), «Пакуты Хрыстовы» (1340-я г.), дыпціх «Дабравешчанне» (1339—42). Аўтар фронтыспіса для манускрыпта Вергілія (1340-я г.).
В.Я.Буйвал.
С.Марціні. Мадонна з дыпціха «Дабравешчанне». 1339—42.
мастацкая галерэя ў г. Фларэнцыя (Італія); адзін з найбуйнейшых у свеце збораў жывапісу. Размешчана ў ПалаццаПіці. Аснову збору складае калекцыя роду Медычы, заснаваная ў 1620 (у 1820 адкрыта для публікі, з 1911 дзярж.). У зборы пераважаюць творы італьян. школ 15—17 ст. і фламандскай школы 17 ст., у т. л. шэдэўры Тыцыяна («Партрэт двараніна з шэрымі вачыма», «Марыя Магдаліна», «Партрэт П’етра Арэціна» і інш.), Рафаэля («Жанчына ў пакрывале», «Мадонна ў крэсле», «Мадонна дэль Грандука», партрэты Тамаза Інгірамі, Аньёла і Мадалены Доні і інш.; адна з лепшых у свеце калекцый яго работ), А. дэль Сарта («Звеставанне», «Узнясенне Дзевы Марыі» і інш.), Д.Веласкеса («Конны партрэт Філіпа II» і інш.), А. ван Дэйка («Партрэт кардынала Г.Бентывольё» і інш.), П.П.Рубенса («Чатыры філосафы» і інш.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ЦЫ ((Pemzzi) Бальдасарэ) (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),
італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар.палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Да арт.Генуэзская школа. Б.Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЭНЦЭ́ЦІ (Lorenzetti),
італьянскія жывапісцы, браты; прадстаўнікі Сіенскай школы жывапісу.
П’етра Л. (каля 1280, г. Сіена, Італія — 1348?). Зазнаў уплывы Дуча ды Буанінсенья, Джота ды Бандоне, Дж.Пізана. Творы вызначаюцца імкненнем да жыццёвай пластычнасці форм, адухоўленасці вобразаў, трагічным пафасам і манументальнасцю выяў. У кампазіцыйнай пабудове выкарыстоўваў арх. матывы ў лінейнай перспектыве. Сярод твораў: паліпціхі «Мадонна з немаўлём і святымі» ў царкве П’еве ды Санта-Марыя ў Арэца (1320) і «Гісторыя блажэннай Умільты» (пасля 1332), трыпціх з алтарнай карцінай «Нараджэнне Марыі» (1342), фрэскі «Страсці Хрыстовы» ў Ніжняй царкве базілікі Сан-Франчэска ў Асізі (1325—29 і пасля 1340) і інш.
Амброджа Л. (?—1348). Зазнаў уплыў фларэнційскага мастацтва Протарэнесансу, вывучаў ант. скульптуру, праблематыку перспектывы. У манум. кампазіцыях спалучаў алегарычнасць сюжэтаў з карцінамі гар. і сялянскага побыту, велічнай пейзажнай панарамай. Сярод твораў: «Мадонна з немаўлём» з царквы Сант-Анджэла ў Віка л’Абаце каля Фларэнцыі (1319), «Мадонна на троне з немаўлём» (1330-я г.), фрэскі «Пакутніцтва францысканцаў» і «Зарок св. Людовіка Тулузскага» ў царкве Сан-Франчэска (1330—31), «Алегорыя Добрага і Кепскага кіравання і іх плады ў горадзе і вёсцы» ў Палацца Публіка (1337—39. абодва ў Сіене), алтарныя карціны «Прынясенне ў храм» (1342), «Дабравешчанне» (1344) і інш.
В.Я.Буйвал.
А.Ларэнцэці. Мадонна на троне з немаўлём. 1330-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БІЯ, Дэла Робія (Della Robbia),
сям’я італьянскіх скульптараў эпохі Адраджэння. Жылі і працавалі ў г. Фларэнцыя (Італія). Упершыню выкарысталі тэхніку каляровай маёлікі ў рэльефе і круглай пластыцы. Лука дэла Р. (1399 або 1400—23.2.1482). Вучыўся ў ювелірнай майстэрні. Зазнаў уплыў Л.Гіберці. Напачатку працаваў у бронзе і мармуры: рэльефы пеўчай трыбуны ў саборы Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1431—38) і кампанілы сабора ў Фларэнцыі (1437—39). З 1440-х г. вырабляў маёлікавыя рэльефы для аздаблення будынкаў і алтароў, кампазіцыі з выявай Мадонны. Творы вызначаюцца лірычнай адухоўленасцю, ураўнаважанасцю кампазіцыі, мяккасцю трактоўкі абагульненых форм, чыстатой тонаў. Сярод работ: 13 медальёнаў у капэле Пацы царквы Санта-Крочэ, люнета Палацца дэі Капітані дзі Партэ Гуэльфа, гербы 3 цэхаў на фасадзе Арсанмікеле (каля 1455—65), рэльефы бронз. дзвярэй Новай сакрысціі сабора ў Фларэнцыі (1464—69). Андрэа дэла Р. (1435—1525), пляменнік, прыёмны сын і вучань Лукі; пасля яго смерці ўзначаліў майстэрню. Пашырыў сферу выкарыстання маёлікі і яе тонавыя градацыі. Сярод твораў: медальёны з выявамі спавітых немаўлят на фасадзе Аспедале дэльі Іначэнці (1463—66), група «Сустрэча Марыі з Лізаветай» для царквы Санта-Джавані Фуарчывітас у Пістоі (1491) і інш.Джавані дэла Р. (1469 — пасля 1529), сын і вучань Лукі. Аўтар маёлікавых рэльефаў, якія вызначаюцца багаццем паліхроміі і нагадваюць жывапісныя алтарныя вобразы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГА́ЛА (Sangallo),
сям’я італьянскіх архітэктараў і скульптараў эпохі Адраджэння. Нарадзіліся ў г. Фларэнцыя.
Джуліяна да С. [сапр.Джамберці (Giamberti); 1445—20.10.1516], развіваў традыцыі Ф.Брунелескі, выразным па кампазіцыі пабудовам надаваў лёгкасць і вытанчанасць: касцёл Санта-Марыя дэле Карчэры ў Прата (1484—95), віла ў Поджа-а-Каяна каля Фларэнцыі (з 1485), шматлікія гар. ўмацаванні, у т. л. ў Поджа-Імперыяле (1488), Пізе і Ліворна (1509—12). Як скульптар блізкі да Данатэла (надмагіллі сям’і Сасеці ў капэле Сасеці касцёла Санта-Трыніта ў Фларэнцыі, 1486). Антоніо да С. Старэйшы (1455 ці 1463—17.12.1534), брат Джуліяна да С., шмат працавалі разам. З самаст. работ найб. значны касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане (1518—45). Антоніо да С. Малодшы [сапр.Кардыяні (Cordiani); 1483—3.8.1546], пляменнік і вучань Джуліяна да С. і Антоніо да С. Старэйшага. З 1503 працаваў у майстэрні Д.Брамантэ ў Рыме. Пабудаваў гар. ўмацаванні ў Парме (з 1525) і інш. Пасля смерці Рафаэля стаў гал. архітэктарам Рымскага сабора святога Пятра (з 1520). Сталыя работы С. вылучаюцца масіўнасцю форм і цэласнасцю арх. аблічча: палацца Фарнезе ў Рыме (з 1513, завершана Мікеланджэла і Дж. дэла Портам), банк Санта-Спірыта ў Рыме (1523—24).
А. да Сангала Старэйшы. Касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ФО́РУМ,
ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст.н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.