Падбярозавік ’ядомы грыб з гладкай буравата-шэрай шапкай, які расце ў бярэзніку; абабак’. Дэрыват ад прыметніка падбярозавы < бяроза з суф. ‑ік. Гл. яшчэ падасінавік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

koźlarz

м. бат. падбярозавік (L. scabrum);

koźlarz czerwony — падасінавік (L. aurantiacum)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Раўдо́нік ’грыб падасінавік’ (воран., Сцяшк.; Сл. ПЗБ). Адаптаваны баптызм, параўн. літ. raudonìkis ’тс’ ад raudónas ’чырвоны’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 53; Лаўчутэ, Балтизмы, 72), параўн. чырвонагаловік ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асаві́к ’грыб падасінавік, Leccinum (Boletus) aurantiacum, Leccinum testaceo-scabrum = Boletus rufescens’. Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асовы з дапамогай суф. ‑ік паводле месца, дзе расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Савя́к ’грыб падбярозавік, абабак’ (Сцяшк., Нар. лекс.), ’падасінавік’ (Мат. Гом., Жд. 1, 2, Нар. сл.), ’махавік’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), саўякі́ ’падасінавікі’ (лельч., Арх. ГУ). З асавя́к у выніку адпадзення а‑. Гл. асавік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пухля́к (puchläk) ’тоўсты, пухлы чалавек’ (Варл.), ’той, хто мае наліты ад нездароўя твар’ (Нас.), ’азызлы чалавек’ (ТС, ельск., рэч., Мат. Гом.), ’падасінавік’ (дзятл., Сцяшк. Сл.), ’падбярозавік’ (шчуч., Нар. лекс.). Да пухлы ’надуты’, што характарызуе знешні выгляд асобы або прадмета.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ніч1 ’малады пан, панскі сын’. Укр. пани́ч ’тс’. Ад пан з патранімічным суфіксам ‑ičь (Фасмер, 3, 198).

Пані́ч2падасінавік’ (Сцяшк. Сл.). Да паніч1; назва, мабыць, дадзена з-за яркай шапачкі. Параўн. рус. солдат ’тс’.

Паніч3 ’чорт’ (Інстр. II), ’вадзянік’ (Маш.). Укр. пани́ч ’тс’. Метафарычны перанос паніч1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які сатлеў, збуцвеў пад уздзеяннем вільгаці і цяпла. Прабіўшыся праз траву і прэлае лісце, на высокай ножцы красаваўся падасінавік. Шахавец. Стаяў духмяны пах прэлай ігліцы, багуну і разагрэтай смалы. С. Александровіч. Ад вярбы патыхае гніллю і прэлай карою. Бажко. // Які, сапрэўшы, сапсаваўся. Прэлае збожжа. Прэлая мука. Прэлая скура.

2. Прасякнуты, насычаны сырасцю, гніллю. Густы вецер даносіў з лесу цёплы прэлы пах лісця і грыбоў. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),

сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.

Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)