Кош 1 ’плеценая з лазы, карэння і інш. круглая пасудзіна для складання і пераноскі чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Мат. Гом., Яруш.). Укр. кіш, рус. кош, ст.-рус. кошь ’тс’, ст.-слав. кошь, балг. кош, макед. кош, серб.-харв. ко̏ш, славен. kòš ’тс’, польск. kosz, чэш. koš, славац. koš, в.-луж. koš, н.-луж. kós ’тс’. Паколькі прасл. košь не мае адпаведнікаў у іншых індаеўрапейскіх мовах і ў той жа час нібы вытворнае ад яго košelь мае надзейны лацінскі адпаведнік (гл. кашэль), можна меркаваць, што ў даным выпадку маем справу са зваротным словаўтварэннем: košelь > košь. Прасл. košelь разглядаем як пранікненне з італійскіх моў (∼ лац. quālum < *ku̯aslom) (Мартынаў, Изоглоссы, 10), якое ў працэсе адаптацыі на славянскай моўнай глебе стала разглядацца як вытворнае з суфіксам ‑elь (гл. SP, 1, 208).

Кош 2 ’Вялікая Мядзведзіца’ (Нар. лекс.). Да коўш. Параўн. коўшык (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сак 1 ’жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Хрэст. дыял.), ’верхняя жаночая вопратка на ваце’ (ТС), ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру’ (Янк.), ’жаночае адзенне’ (Сл. ПЗБ), ’жаночае паліто’ (Бяльк.). З польск. старога sak ’жаночая прасторная вопратка’, якое, відавочна, як і рус. сак ’прасторны, падобны на мяшок плашч’ запазычаны з франц. sac ’плашч’, першапачаткова ’мех’. Аб рускім слове гл. Фасмер, 3, 546. Гл. наступнае і сачык. Ст.-бел. саакъ, сакъ у значэнні ’мяшок; жаночая вопратка; рыбалоўная сетка; мера мёду’ (XVI ст.) з ст.-польск. sak (Булыка, Лекс. запазыч., 104).

Сак 2 ’рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўная перастаўная пастка, звычайна пазавая’ (Крыв.), сачо́к ’рыбалоўная сетачка, якая прывязана да жэрдкі’ (Нас.). Гл. таксама ЛА, 1, Карта № 333. Агульнаславянскае. Укр. сак ’ручная сетка’, рус. сак ’від рыбалоўнай сеткі’, ’торба для корму ў кавалерыі’, польск., чэш., славац. sak ’кашэль, мех’, в.-луж. sak ’сетка’, серб.-харв. са̏к ’мех для сена’, славен. sàk ’рыбалоўная сетка’, балг., макед. сак ’тс’. Большасць даследчыкаў (Мюлер, BB 1, 279; Міклашыч, 287; Сной₁, 551; падрабязна гл. Фасмер, 3, 546) лічаць запазычаннем з грэч. ςακκος ад ст.-яўр. (фінікійскага) saq ’мех, шарсцяная тканіна, адзежа’ праз нар.-лац. saccus ’мех’ або італ. sacco ’кашальковая сетка’. Са́ква ’торба з кормам у конніцы’ сведчыць аб існаванні формы *saky, ‑ъve, якая наблізілася да слав. асноў на ‑ŭ. Менш верагодным лічыцца запазычанне праз гоц. sakkus ’мех’ (Уленбек, AfslPh, 15, 491) або з лац. sagena праз ням. Sack (Махэк₂, 536). Гл. таксама Шустэр–Шэўц, 2, 1264–1265; БЕР, 6, 423–424.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каліта́ ’сумка для грошай, вялікі кашалёк’ (БРС, ТСБМ), ’грошы, багацце’ ’паходная торба, сумка’ (ТСБМ). У гаворках: ’мяшок, сумка’ (Нас., Булг.), ’мяшочак на грошы’, (Бяльк.), ’сумка’ (Грыг.), ’скураны мяшок на грошы’ (Касп.), скураны мяшэчак’ (касцюк., КЭС; Нік., Оч.), ’партманет’ (тураў., КЭС), ’мяшок’ (лун., Мат. дыял. канф.), ’кішэня ў скураным поясе (мяшочак)’ (Маш.), ’невялікая сумка на грошы’, ’скураная сумка, якая носіцца беларусамі пры скураным поясе, у якой захоўваецца крэмень, сталёвыя пласцінкі і трут’ (Мядзв.), у Сержпутоўскага слуц. і мазыр. значэнне не вельмі яснае: «расперазаўся ён, зняў каліту й лёг на пол спачынаць» (Сержп., 7), ’самаробны скураны мяшок на грошы’ (Чуд., Шн., Яруш.). Таксама шырока прадстаўленні ў беларускай мове памяншальная форма калітка. Укр. палес. калитка ’кашалёк; мяшочак для табакі, красала’, укр. калита ’мяшок з грашыма’, калитка ’скураны кашалёк’, рус. калита ’кашэль, сумка, мяшок, карман’, ст.-рус. калита (з XIV ст.), у гаворках адзначана на тэрыторыі, суседняй да беларускай: смал., арл., ярасл. ’разнавіднасць кашалька, скураны мяшочак на грошы і рознага роду дробязей (красала і інш.), які звычайна чапляецца да пояса’, валаг. ’кашалёк, сумка’, ’кішэня’. Польск. kaleta (з XV ст.) ’мяшочак для грошай’, а ў гаворках kalita, kalota, kalalka ’скураная кішэня: скураная сумачка’, літ. kolytà, лат. kalīte, с.-н.-ням. kalite ’каліта’. Лічыцца запазычаным з тур. даўнейшага kalita, chalita ’кашалёк, мяшочак на грошы’ (у тат., казах., алт. kalta ’кашалёк, кішэня, скураны мяшок’), якое як быццам бы з араб. charǐta ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 29, дзе і спасылка на літаратуру). Неабходна адзначыць, што дакладная цюрк. крыніца невядомая; Бернекер (1, 474) пісаў пра мяркуемае паўн.-тур. *qalita. Цікава адзначыць рус. урал. калита ’каліта’, якое можна разумець як сепаратнае запазычанне, непасрэдна звязанае з прыведзенай рус. лексікай. Лінгвагеаграфія слова, як відаць, выключае магчымасць запазычання кантактным шляхам. Магчыма, што гэта культурнае запазычанне ўжо пасля часоў Кіеўскай Русі, аднак даволі старое (параўн. ст.-рус. фіксацыю); з усх.-слав. моў (з беларускай) слова трапіла ў польск. і інш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)