ГАЛАЎЧЫ́НЕР Віктар Якаўлевіч

(28.6.1905, Мінск — 15.7.1961),

бел. рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1944). Нар. арт. Літвы (1959). Скончыў Яўр. драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёр, рэжысёр, маст. кіраўнік (1942—46) Дзярж. яўр. т-ра БССР. Рэжысёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ (1930—32), БДТ-1 (Нац. т-р імя Я.Купалы; 1939—42), гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1948). З 1949 гал. рэжысёр у т-рах Іркуцка, Ташкента, Вільні. Найб. значныя пастаноўкі: «Стрэл» А.Безыменскага (1930) у т-ры імя ЦСПСБ; «Вальпоне» Б.Джонсана (1934), «Фальшывая манета» М.Горкага і «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша (1937), «Вядзьмарка» А.Гольдфадэна (1941), «Сіротка Хася» Я.Гордзіна і «200000» паводле Шолам-Алейхема (1943), «Пігмаліён» Б.Шоу ў Дзярж. яўр. т-ры БССР; «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі (1940) у БДТ-1; «Атэла» У.Шэкспіра (1947) у Дзярж. рус. т-ры БССР; «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954) у Ташкенцкім рус. т-ры. Пастаноўкі Галаўчынера рамантычна ўзнёслыя, у іх яркая тэатральнасць, дынамізм, пластычна зробленыя масавыя сцэны спалучаліся з псіхалагічна распрацаванымі характарамі.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тницавядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìlti ’падманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. запёр, ‑перла і ‑пёрла; зак., каго-што.

1. Зачыніць (дзверы) на замок, засаўку і пад. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.

2. Змясціўшы каго‑, што‑н. куды‑н., зачыніць на замок, засаўку і пад. — Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Колас. // перан. Закрыць выхад; заблакіраваць, ізаляваць. Вядзьмарка, за нешта помсцячы лапарам, хацела заперці іх у Польскай губе. М. Стральцоў. // перан. Разм. У шашачнай гульні — паставіць шашку ў становішча, з якога няможна рабіць хадоў.

3. Разм. Хутка даставіць, даімчаць куды‑н. За трыццаць капеек на нашы грошы, на сваіх харчах, кулі запрэ на сваім карку трохпудовы клунак за трыццаць кіламетраў ды яшчэ падзякуе. Маўр. // Усунуць, упакаваць куды‑н., у што‑н. Караблік жа не шлюпка, яго ў кантэйнер не запрэш. Быкаў. // перан. Саслаць, загнаць куды‑н. далёка. [Радзішчаў] так моцна пісаў, што мяне зацікавіла. Мусіць, добрую жменю солі панам падсыпаў .., што заварушыліся яны, як уюны, а Кацярына ажно ў Сібір заперла яго. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вея1 ’завея, завіруха’ (КТС, БРС, Гарэц., Яруш., Касп., Нас., Бяльк.; докш., Янк. Мат.), укр. ві́я ’шуфель, веялка’, рус. пск., смал. вея ’завея, мяцеліца’, польск. wieja ’завіруха’, wija/wieja ’вецер’, н.-луж., в.-луж. wějawa ’веялка’, чэш. vějavka, мар. věj ’завіруха’, славац. veja ’тс’, vejka ’разная фігурка (найчасцей птушка) у вільчаку франтона’, серб.-харв. ве́ја, вје́јавядзьмарка’, ве̏јавица ’мяцеліца, завіруха’, макед. виулица, вејавица, балг. виелица, веявица ’тс’. І.‑е. адпаведнікі: літ. vė́jas, лат. vējš, грэч. ἀήτης, ст.-інд. vāyúḥ ’вецер’ < *vē‑ да веяць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ja (ён абазначаў спачатку Nomina actionis, якія пераходзілі звычайна ў Nomina acti). Блезэ (21) сцвярджае, што ве́я паходзіць з літ. vė́jas, лат. vējš. Лаўчутэ (351) гэта аспрэчвае.

Ве́я2 ’вейка’ (Сцяшк. МГ, бяроз., Шатал.), зах.-палес. ві́я, ві́йі (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. ві́я ’вейка’. Бел.- укр. ізалекса; паводле бел. вейка, можна меркаваць, што на іншай, апрача вышэйадзначанай, беларускай моўнай тэрыторыі было таксама вея. Узнікла ад věja ’галіна’ ў выніку пераносу значэння дзеяслова vějati ’хістацца, махаць’ → ’абмахваць’ (параўн. укр. ві́яло ’веер’); ’змахваць’. Да ве́яць (гл.).

Вея3 ’павека’ (КТС) утворана ў выніку пераносу па сумежнасці ад вея2, тое ж і ў балт. мовах: літ. blakstíena ’павека’ — лат. plakstinš ’вейка’.

Вея4 ’невялікі луг’ (Гіст. лекс., 149) запазычана з літ. vejà ’трава, мурог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́ба 1, ‑ы, ж.

1. Матчына або бацькава маці. Хто бабе не ўнук? Прыказка.

2. Старая жанчына наогул. Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы. Якімовіч.

3. Разм. Замужняя жанчына. Шнуруюць бабы і дзяўчаты І кантралююць мох узняты. Колас. // Разм. Жанчына наогул. [Цёця Каця:] Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству. Крапіва. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. // Разм. Жонка. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сцяпана, вачыма сядзела ў перадку. Брыль.

4. Разм. уст. Тое, што і бабка ​1 (у 3 знач.). За бабу была Аўдоцця, а за куму Настулька. Крапіва.

5. перан. Разм. іран. Пра цікаўнага, балбатлівага або з нерашучым характарам мужчыну. Тут на платформу ўзляцела Дзяўчына: — Бачылі? Баба ты, а не мужчына! Смагаровіч.

•••

Каменная баба — старажытны статуй з каменю.

Снегавая баба — злепленая з снегу чалавечая фігура.

Агонь-баба — энергічная жанчына.

Баба-яга — а) у казках славянскіх народаў — злая вядзьмарка; б) пра злую, старую жанчыну.

Базарная баба — сварлівая, грубая жанчына.

Бой-баба — мажная, з шумлівым характарам жанчына.

Хват-баба — увішная, заўзятая ў працы жанчына.

ба́ба 2, ‑ы, ж.

Ручная або механічная прылада для забівання паляў і для іншых мэт.

ба́ба 3, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 3 знач.).

ба́ба 4, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдункавядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдун ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4 ’страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdun ’страўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)