ГАЛАЎЧЫ́НЕР (Віктар Якаўлевіч) (28.6.1905, Мінск — 15.7.1961),

бел. рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1944). Нар. арт. Літвы (1959). Скончыў Яўр. драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёр, рэжысёр, маст. кіраўнік (1942—46) Дзярж. яўр. т-ра БССР. Рэжысёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ (1930—32), БДТ-1 (Нац. т-р імя Я.​Купалы; 1939—42), гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1948). З 1949 гал. рэжысёр у т-рах Іркуцка, Ташкента, Вільні. Найб. значныя пастаноўкі: «Стрэл» А.​Безыменскага (1930) у т-ры імя ЦСПСБ; «Вальпоне» Б.​Джонсана (1934), «Фальшывая манета» М.​Горкага і «Сям’я Авадзіс» П.​Маркіша (1937), «Вядзьмарка» А.​Гольдфадэна (1941), «Сіротка Хася» Я.​Гордзіна і «200000» паводле Шолам-Алейхема (1943), «Пігмаліён» Б.​Шоу ў Дзярж. яўр. т-ры БССР; «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі (1940) у БДТ-1; «Атэла» У.​Шэкспіра (1947) у Дзярж. рус. т-ры БССР; «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы (1954) у Ташкенцкім рус. т-ры. Пастаноўкі Галаўчынера рамантычна ўзнёслыя, у іх яркая тэатральнасць, дынамізм, пластычна зробленыя масавыя сцэны спалучаліся з псіхалагічна распрацаванымі характарамі.

В.Я.Галаўчынер.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)