Моршчыцца, моршчыць ’збірацца ў маршчыны’, ’моршчыць твар’, ’пакрывацца рабізнай (аб паверхні вады)’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ; мсцісл., Жыв. сл.), моршч, моршча́к, моршчэнік ’маршчына’ (ТС), моршчы ’маршчыны’ (гродз., КЭС). Укр. мо́ршчити, моршо́к, мо́рщина, рус. морщить, морщина, ст.-рус. съмърсканъ ’зморшчаны’, польск. marszczyć, н.-луж. maršćiś, в.-луж. zmorsk, moršćić, чэш. mraštiti, ‑mrsknouti, славац. mŕštiť, mraštiť, славен. mŕščiti, серб.-харв. мр̏штити се, смр̏скати, мр̏ска, макед. мршти се, балг. мръщя, ст.-слав. съмръснѫти ’моршчыць’. Прасл. mьrsk‑/morsk‑, да якіх роднаснымі з’яўляюцца лат. mãrskla ’складка тлушчу, валлё-падбародак’, mãrskna ’тс’ (Мюлёнбах–Эндзелін, 2, 584; Фасмер, 2, 659; Бязлай, 2, 203), ст.-інд. mū́rcchati ’дранцвее, шэрхне, гусцее’, якое з *mr̥sk‑ (Махэк₂, 380). Гл. таксама моршчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вузля́к ’вузел’ (карэліц., Шатал.), вузьля́к ’памянш. ад вузёл’ (Бяльк.). Да ву́зел, няясная словаўтваральная матывацыя, паколькі для беларускіх утварэнняў на ‑ак памяншальна-ласкальнае значэнне нехарактэрна (З жыцця, 68); магчыма, пад уплывам прадуктыўнай на ўсходзе Беларусі мадэлі вальлёвальля́кваллё (у птушкі)’, вульлёвульля́к ’вулей’, дзе суфікс надае слову падкрэсленае значэнне адзінкавасці з-за збліжэння першых слоў са зборнымі назоўнікамі тыпу галлё́ (адносна пастаяннага змяшэння дэмінутыўных утварэнняў з сінгулятывамі гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.). Менш верагодна ўздзеянне словаўтваральнага тыпу з гэтым суфіксам, які характэрны для назваў маладых істот, утвораных ад адпаведных назоўнікаў, і шырока вядомы на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі (параўн. цяля́к, каця́к, вуця́к) і мае літоўскія адпаведнікі (Атрэмбскі, Gramatyka, 280); магчымасць уздзеяння гэтага словаўтваральнага тыпу падтрымліваецца фармальным збліжэннем зыходнай формы з казёл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́ля1 (БРС, Бяльк., Юрч., КТС, Шат., КЭС). Рус. во́ля, укр. во́ля, ст.-рус., ст.-слав. волꙗ, польск. wola, ст.-польск. wolá, чэш. vůle, славац. voľa, балг. во́ля, макед. волја, серб.-харв. во̏ља, славен. vólja, в.-луж., н.-луж. wola. Прасл. volʼa. Роднаснае літ. valià ’тс’, лат. vaįa ’сіла, улада’, ст.-ісл. val н. р., ст.-в.-ням. wala ж. р. ’выбар’, н.-в.-ням. Wahl ’тс’, wollen ’хацець’, ст.-інд. váraḥ ’жаданне, выбар’, авест. vāra‑ ’воля, адбор’, кімр. guell ’лепей’ і звязана, такім чынам, чаргаваннем са ст.-слав. велѣти, рус. довлеть, велеть (Траўтман, 348 і наст.; Праабражэнскі, 1, 95; Фасмер, 1, 348; Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 157 і наст.).

Во́ля2 ’валляк’ (Гарэц., Яруш., Шат., Юрч., КЭС, Бес., Сцяшк., З нар. сл., Шатал.), во́ле (Нас., Бяльк., Шатал.), во́лье (Янк. Мат., Сержп., Грам. 54), во́ло (Клім.). Гл. валлё.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валява́ха1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словам — валлё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЛУШЭ́Ц

(Tetrao urogallus),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.

Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ

(Columbiformes),

атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; С. rupestris), буры (С. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.

Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)