Ґа́шта ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.), ’садовая кветка, гашта’ (Сцяшк.). Гл. ґа́рштва.
Ґа́шта ’густа зарослая лесам даліна’ (Яшкін), таксама го́шча ’тс’ (там жа). Няяснае слова. Наўрад ці звязана з гу́шча ’густы лес, зараснік, дзе цяжка прайсці; нетры’ (гл. Яшкін), якое < gǫšča < *gǫstja (да *gǫstъ ’густы’). Цяжка вытлумачыць і варыянт го́шча. Здаецца, націск тут быў спачатку на канцы слова: зыходнае *гашча́ ўспрымалася як *гошча (г. зн. пры перанясенні націску на першы склад нібы «аднавілася» «зыходнае» ‑о‑, якога тут ніколі не было). Што датычыць слова га́шча, то, магчыма, яно звязана з бел.хашч ’гушчар, зараснік, нетры’ (гл. у Яшкіна), укр.хащ, ха́ща (азванчэнне х > г?). Для варыянта гошча ўсё ж такі, здаецца, знаходзіцца паралель: укр.хо́щик ’куст’ (у Грынч. са знакам запытання).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГЛЕ́БАЎСКАЯ (Яніна Казіміраўна) (24.10.1901, Мінск — 16.12.1978),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926), працавала ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Найб. самабытныя, жыццёва праўдзівыя, каларытныя вобразы жанчын з народа стварыла ў нац. рэпертуары: Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Даміцэля («Прымакі» Я.Купалы), Югася («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях»), Гарпіна («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча) і інш. Індывідуальнасцю творчай манеры адметныя і яе ролі класічнага рэпертуару: Матруна («Улада цемры» Л.Талстога), Малання, Васа («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова» М.Горкага), Уліта («Лес» А.Астроўскага), Дандальская («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Орта («Ветрык, вей!» Я.Райніса) і інш. З інш. роляў: Пастарша («Юстына» Х.Вуаліёкі), лэдзі Патэрсан («Востраў Афрадыты» А.Парніса), Шарлота («Гарачае лета ў Берліне» паводле Э.Д.К’юзек).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНА,
рака ў Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1670 км². Пачынаецца з крыніц на З ад в. Гайна Лагойскага р-на, працякае ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах. Асн. прытокі: Усяжа (справа) і Цна (злева). У вярхоўі цячэ па Мінскім узв., у ніжнім цячэнні — па Верхнебярэзінскай нізіне.
Даліна трапецападобная, ніжэй упадзення Цны невыразная, шыр. 800 м — 1,2 км у верхнім цячэнні, да 2,5—3 км у ніжнім. Пойма да в. Свідна Лагойскага р-на адсутнічае, на астатнім працягу двухбаковая. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае на 9 км, на астатнім працягу звілістае. Берагі стромкія, часта абрывістыя, выш. 1—4 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Суднаходства за 30 км ад вусця ў высокую ваду. На рацэ г.п. Лагойск, плаціна і невял. вадасховішча (у межах Лагойска). На вадазборы Гайны зоны адпачынку Гайна і Лагойшчына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІСНА́,
рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах.ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).
Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВА́ДЗІ,
самая мнагаводная рака М’янмы (вытокі ў Кітаі). Даўж. 2150 км, пл.бас. 430 км². Пачынаецца ва ўсх. адгор’ях Гімалаяў, цячэ ў глыбокай цясніне, мае парожыстае рэчышча. Ніжэй г. М’ічына даліна расшыраецца, рэчышча дасягае 800 м, потым І. перасякае Шанскае нагор’е, дзе рэчышча звужаецца да 50—100 м. У сярэднім і ніжнім цячэнні (на Іравадзійскай раўніне) рака ўтварае шырокую тэрасаваную даліну. За 300 км ад вусця пачынаецца забалочаная дэльта (пл. каля 30 тыс.км²), якая павялічваецца (каля 5 км² за 100 гадоў). Гал. прытокі — Чындуін (справа) і М’інге (злева). Рэжым мусонны, летнія паводкі (падняцце вады на 8—11 м). Сярэдні гадавы расход вады 13—14 тыс.м³/с. У ніжнім цячэнні моцныя прылівы (да 4—4,5 м). Суднаходная на 1100 км, летам — на 1440 км. Выкарыстоўваецца для арашэння, у верхнім цячэнні — лесасплаў. На І. — г. Мандалай, у дэльце марскі порт і сталіца М’янмы г. Янгон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дол, ‑у, м.
1. Паверхня зямлі, зямля. Схіліцца к долу. Апусціцца на дол. □ Расце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць землякопы.Колас.Лугавінай, чвякаючы чаравікамі па мокрым доле, хлопцы дабіраюцца да ручая.Навуменка.// Падлога ў памяшканні, звычайна земляная. Укрыты металічнымі плітамі дол падмецены, паліты вадою.Карпаў.І толькі самае малое не зважала ні на што, поўзала сабе ракам сярод хаты па земляным доле.Лобан.
2.Даліна, нізіна. Сцяжынкі ад усіх хутароў, якія стаяць на доле, бягуць сюды, на ўзгорак, як бы на якую параду.Броўка.
3. Магільная яма. Толькі тады, як цалаваў апошні раз матчыны халодныя вусны, я закрычаў як сам не свой і ледзь не кінуўся следам за труною ў халодны глыбокі дол.Сабаленка.Хавалі бацьку летнім пагодлівым днём. На новым могільніку, пад маладымі бярозамі. На пагорку выкапалі дол.Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Расто́ка ’рытвіна, размытая веснавой вадой’ (Ласт.), ’паводка’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, у якім шырыня ракі значна павялічваецца’ (Ластоўскі, Выбр. тв., 422), ’адліга’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск.roztoka ’вузкая даліна; ручай’, старое таксама ’адліга, разводдзе’, чэш., славац.ráztoka ’зліццё малых ручайкоў у большую плынь’, в.-луж.rostoka (roztoka) ’роў, па якім вада збіраецца ў плынь ці азярцо’, макед.растока ’разгалінаванне ракі’, расток ’разліў’. Прасл.*orztoka, што з *orz‑ (гл. рас-) і *tekti (гл. цячы, ток), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1243. Махэк₂ (510) бачыць у чэшскай і славачкай назвах адлюстраванне погляду знізу, што прысутнічае ў славен.ráztoka ’кол з развілкай у плоце’, славац.ráztok ’развілістая галіна’, паводле Фурлан (Бязлай, 3, 160), у выніку змены nomen actionis > nomen acti з *(orz)točiti ’раздзяліць, развесці’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лог ’шырокі, доўгі яр з адхоннымі схіламі’ (ТСБМ), ’даліна, нізіна, лагчына’ (Гарэц., Касп., Яруш., Сцяшк.; саліг., КЭС; віл., барыс., раг., Сл. ПЗБ), ’гразкая частка дарогі праз луг’ (Мат. Бых.), ’сенажаць, нізіна’ (ТС), ’вузкі кавалак сенажаці паміж палеткамі’ (КЭС, лаг.), ’лагчына з хмызняком’ (Ян.), навагр. ’раздолле’ (КЭС). З аналагічнымі значэннямі — у рус. і ст.-рус. мовах. Укр.лог, ліг ’логавішча’, серб.-харв.ло̑г ’тс’, ’ляжанне’, балг.лог ’прынада’. Прасл.logъ < ležati (Слаўскі, 5, 256–257; Фасмер, 2, 509). Параўн. бел.навагр., слонім.логма (і лёгма) ляжаць (Нар. сл., Нар. словатв.), палес.логом лежаць ’нерухома, не маючы сіл падняцца’, логоваць ’ляжаць аблогам’ (ТС), серб.-харв.лежи логом ’ляжыць нерухома’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-грэч.λόχος ’засада’, ст.-нарв.log ’месца ляжання’, гальск.logan ’магіла’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЕ́СЕДЗЬ,
рака ў Беларусі, у Магілёўскай і Гомельскай абл. і Расіі (Смаленская і Бранская вобл.), левы прыток р. Сож. Даўж. 261 км, у межах Беларусі 185 км. Пл. вадазбору 5460 км², у межах Беларусі 3110 км². Пачынаецца ў Шумяцкім р-не Смаленскай вобл., цячэ ў Хоцімскім, Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл. і Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Вадазбор на паўд.-ўсх.ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях на Чачорскай раўніне і ў Гомельскім Палессі. Асн. прытокі: Еленка, Сураў, Жадунька, Дзяражня, Алешня, Падуж, Каўпіта (справа), Альшоўка, Жадунь, Зубар, ручай Машоўка, Стаўбунка (злева).
Даліна выразная, слабазвілістая, трапецападобная. Пойма пераважна двухбаковая, б.ч. лугавая, парэзаная пратокамі, старыцамі, рукавамі. Рэчышча моцназвілістае і разгалінаванае. Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Суднаходная за 78 км ад вусця. На Бесядзі гар. пасёлкі Хоцімск і Красная Гара (Бранская вобл.); у нізоўі Веткаўскі батанічны заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫК 1-ы,
рака ў Беларусі, у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1900 км². Пачынаецца з ляснога балота за 2,5 км на ПнЗ ад в. Сукач Ганцавіцкага р-на, цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Прыпяць за 2 км на ПнЗ ад чыг. ст. Прыпяць. Асн. прытокі: Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Прысць, Багданаўка (злева).
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. ў сярэднім цячэнні 0,5—1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча каналізаванае на працягу 102 км, пракладзена за 0,5—3 км ад старога. Шыр. да 3—3,5 м у вытоку, 35—40 м у вусці. Берагі сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. У міжрэччы Бобрыка і Вісліцы ў Пінскім р-не створаны наліўное вадасх. Пагост і сажалкі рыбгаса «Палессе», 2 невял. сажалкі каля в. Парахонск.