ПРЫ́СТЛІ (Priestley) Джозеф (13.3.1733, Філдхед, каля г. Лідсе, Вялікабрытанія — 6.2.1804),

англійскі хімік, філосаф-матэрыяліст, прыхільнік дэізму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1767). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1780). Скончыў Акадэмію ў Дэвентры (1755; тэолаг па адукацыі). У 1794 эмігрыраваў у ЗША. Навук. працы па пнеўматычнай хіміі (навука аб газах). Атрымаў газападобныя злучэнні — хлорысты вадарод, аміяк, закіс (геміаксід) азоту (1772—74). Адкрыў незалежна ад К.​Шэеле кісларод (1774). Вынікі даследаванняў па хіміі апублікаваў у працы «Доследы і назіранні над рознымі відамі паветра» (1774—77). У філас. творы «Даследаванні аб матэрыі і духу» (1777) сцвярджаў, што прырода матэрыяльная, дух — уласцівасць матэрыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНСАН (Robinson) Джаан Ваялет (31.10.1903, г. Камберлі, Вялікабрытанія — 5.8.1983),

англійскі вучоны-эканаміст; прадстаўніца кейнсіянства, адзін з лідэраў кембрыджскай школы. Скончыла Кембрыджскі ун-т, у 1965—71 праф. гэтага ун-та. Распрацавала тэорыю недасканалай канкурэнцыі, паводле якой у сувязі з дыферэнцыяцыяй прадукцыі кожны вытворца павінен валодаць часткай манапольнай улады («Эканамічная тэорыя недасканалай канкурэнцыі», 1933). Зрабіла значны ўклад у тэорыю эканам. росту («Накапленне капіталу», 1956), крытыкавала ролю манаполій як стагнацыйных фактараў эканам. росту, тэорыі неўмяшання дзяржавы ў эканоміку і размеркавання даходу на аснове аналізу гранічнай прадукцыйнасці. Сярод інш. навук. прац: «Эканамічная філасофія» (1962), «Нарысы тэорыі эканамічнага росту» (1963), «Эканамічныя ерасі» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Экономическая теория несовершенной конкуренции. М., 1986.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНСАН (Robinson) Роберт (13.9.1886, каля г. Чэстэрфілд, Вялікабрытанія — 24.2.1975),

англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў фіз.-арган. хіміі і хіміі прыродных злучэнняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1920; у 1945—50 яго прэзідэнт). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (1906). З 1912 праф. розных ун-таў, у 1930—55 Оксфардскага ун-та. З 1955 у фірме «Шэл». Навук. працы па тэарэт. арган. хіміі, сінтэзе і даследаванні алкалоідаў і інш. біялагічна важных прыродных рэчываў (ізапрэноідаў, антацыянаў, гармонаў). Сінтэзаваў атрапін, какаін, берберын, бікукулін і інш. алкалоіды, а таксама андрастэрон (1951). Вызначыў малекулярную структуру марфіну (1925), стрыхніну (1945). Адкрыў рэакцыю атрымання біцыклічных ненасычаных кетонаў з цыклічных кетонаў (1937, рэакцыя Р.—Маніха). Нобелеўская прэмія 1947.

Р.Робінсан.

т. 13, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС (Ross) Рональд (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),

англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.

А.​Ю.​Маніна.

Р.Рос.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТБЛАТ (Rotblat) Джозеф (н. 4.11.1908, Варшава),

англійскі і польскі вучоны і грамадскі дзеяч. Скончыў Польскі свабодны ун-т (1932) і Варшаўскі ун-т са ступенню д-ра фіз. н. (1938). У 1933—39 працаваў у радыелагічнай лабараторыі Варшаўскага навук. т-ва, пам. дырэктара Ін-та атамнай фізікі (1937—39). У 1939—49 вёў навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі ў Ліверпулскім ун-це, супрацоўнічаў з лабараторыяй у Лос-Аламасе (ЗША), дзе вялася распрацоўка канструкцыі амер. атамнай бомбы. У 1950—73 праф. фізікі Лонданскага ун-та. Адзін з арганізатараў і актывістаў Пагуашскага руху, у 1957—73 яго ген. сакратар. З 1988 прэзідэнт Пагуашскага к-та. Нобелеўская прэмія міру 1998 (разам з Пагуашскім к-там).

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́КСМЕН, Флаксман (Flaxman) Джон (6.7.1755, г. Йорк, Вялікабрытанія — 7.12.1826), англійскі скульптар і рысавальшчык; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Каралеўскай АМ у Лондане (1770—72), выкладаў у ёй (з 1810). У 1787—94 працаваў у Рыме. Сярод твораў: надмагільныя помнікі лорду Мэнсфілду (1796—1801) і капітану Монтэгю (1804) у Вестмінстэрскім абацтве, Г.​Нельсану (1808—18) у саборы св. Паўла (усе ў Лондане); контурныя малюнкі ў манеры стараж.-грэч. вазапісу (іл. да «Іліяды» і «Адысеі»; «Боскай камедыі» Дантэ, выд. ў 1793—1807 у гравюрах Т.​Піролі) і інш. Аўтар вытанчана-строгіх і гарманічных па кампазіцыі рэльефаў, посуду, дэкар. уставак для мэблі ў ант. духу на керамічнай мануфактуры Дж.Уэджвуда.

Дж.Флаксмен.
Дж.Флаксмен. Ваза для мануфактуры «Уэджвуд».

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́НШЭЛВУД (Hinshelwood) Сірыл Норман (19.6.1897, Лондан — 9.10.1967),

англійскі фізікахімік; адзін са стваральнікаў тэорыі ланцуговых рэакцый. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1929) і яго прэзідэнт (1955—60). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Бейліёл-каледж Оксфардскага ун-та (1924), дзе працаваў з 1921 (з 1937 праф.). З 1964 у Імперскім каледжы навукі і тэхналогіі (Лондан). Навук. працы ў галіне хім. кінетыкі. Выявіў механізм гамагеннага монамалекулярнага раскладання многаатамных малекул, з’явы мяжы ўзгарання вадароду ў сумесі з кіслародам і растлумачыў іх на аснове тэорыі ланцуговых рэакцый. Вывучаў працэсы росту бактэрый у пажыўных асяроддзях, выявіў залежнасць скорасці росту клетак ад наяўнасці ў навакольным асяроддзі вуглякіслага газу, амінакіслот і інш. Нобелеўская прэмія 1956 (з М.М.Сямёнавым).

С.Н.Хіншэлвуд.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́ДАР, Цюдор (Tudor) Энтані

[сапр. Кук (Cooke) Уільям; 4.4.1908, Лондан — 19.4.1987],

англійскі артыст балета, балетмайстар. Вучань М.Рамбер. З 1930 працаваў у трупах «Бале Рамбер», «Вік-Уэлс бале», «Лондан бале» (адзін з заснавальнікаў), «Амерыкан бале тыэтр» (адзін з кіраўнікоў), Каралеўскім швед. балеце і інш. Заснавальнік т.зв. псіхал. балета, у якім побач з класічным танцам выкарыстаў сродкі танца мадэрн. Сярод пастановак: «Бэзавы сад» на муз. Э.​Шасона (1936; адначасова выканаў партыю Мужчыны ў яе мінулым), «Змрочныя элегіі» на муз. Г.​Малера (1937), «Вогненны слуп» на муз. А.​Шонберга (1942), «Рамэо і Джульета» на муз. Ф.​Дыліуса (1943), «Вандруючы рыцар» на муз. Р.​Штрауса (1968), «Лісце вяне» на муз. А.​Дворжака (1975) і інш.

І.​Л.​Чэбан.

т. 17, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РКЛА (Barkla) Чарлз Главер (7.6.1877, г. Уіднес, Вялікабрытанія — 23.10.1944),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1912). Скончыў Ліверпульскі ун-т (1898), дзе працаваў у 1905—09. З 1909 праф. Лонданскага, з 1913 Эдынбургскага ун-таў. Навук. працы па фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў. Упершыню эксперыментальна ажыццявіў палярызацыю рэнтгенаўскіх прамянёў, чым даказаў іх хвалевую прыроду (1904). Адкрыў характарыстычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне з лінейчастым спектрам, якое выпрамяняецца рассейвальным рэчывам і характэрна для яго (1906; гл. Мозлі закон). Паказаў (1911), што характарыстычнае выпрамяненне цяжкіх хім. элементаў бывае двух тыпаў (K- і L-выпрамяненне). Нобелеўская прэмія 1917.

Літ.:

Forman P. Barkla, Charles Glover // Dictionary of Scientific Biography. New York, 1970. Vol. 1.

М.​М.​Касцюковіч.

Ч.Баркла.

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНАЛ (Bernal) Джон Дэсманд (10.5.1901, г. Ніна, Ірландыя — 15.9.1971),

англійскі фізік, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў навуказнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1937) і АН шэрагу краін, у т. л. СССР. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Аўтар навук. прац у галіне фізікі, крышталяграфіі, біяхіміі, філас. праблем прыродазнаўства. У працах «Сацыяльная функцыя навукі» (1938), «Навука і грамадства» (1953), «Навука ў гісторыі грамадства» (1954) і інш. абагульніў дасягненні навукі ў цэлым, раскрыў яе філас. значэнне і ролю ў гісторыі чалавецтва, узаемасувязь навукі, тэхнікі і сац. умоў жыцця грамадства. Увёў у навук. ўжытак паняцце «навукова-тэхнічная рэвалюцыя», распрацаваў цэласную канцэпцыю дыялектыкі і перспектыў яе развіцця. У кн. «Свет без вайны» (1958) паказаў перспектывы мірнага выкарыстання дасягненняў навукі на карысць чалавецтва.

В.​В.​Краснова.

Дж.Д.Бернал.

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)