ФЛА́КСМЕН, Флаксман (Flaxman) Джон (6.7.1755, г. Йорк, Вялікабрытанія — 7.12.1826), англійскі скульптар і рысавальшчык; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Каралеўскай АМ у Лондане (1770—72), выкладаў у ёй (з 1810). У 1787—94 працаваў у Рыме. Сярод твораў: надмагільныя помнікі лорду Мэнсфілду (1796—1801) і капітану Монтэгю (1804) у Вестмінстэрскім абацтве, Г.​Нельсану (1808—18) у саборы св. Паўла (усе ў Лондане); контурныя малюнкі ў манеры стараж.-грэч. вазапісу (іл. да «Іліяды» і «Адысеі»; «Боскай камедыі» Дантэ, выд. ў 1793—1807 у гравюрах Т.​Піролі) і інш. Аўтар вытанчана-строгіх і гарманічных па кампазіцыі рэльефаў, посуду, дэкар. уставак для мэблі ў ант. духу на керамічнай мануфактуры Дж.Уэджвуда.

Дж.Флаксмен.
Дж.Флаксмен. Ваза для мануфактуры «Уэджвуд».

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)