Каю́та ’жылое памяшканне для пасажырах або экіпажа на судне’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. каю́та ’тс’, укр. каю́та. У бел. мове, як і ва ўкр., непасрэднае запазычанне з рус. мовы. Рус. каю́та ўпершыню згадваецца ў крыніцах у 1705 г. (таксама і ў варыянце кают, 1720 г.). Крыніцай запазычання Фасмер, 2, 216 лічыць ням. Kajüte або гал. kajuit. Шанскі, 2, 107, мяркуе, што хутчэй рус. слова было запазычана ў Пятроўскую эпоху з ням. мовы: аб гэтым сведчыць ж. р. слова (гал. форма не падыходзіць). Фасмер, там жа, указвае, што думка Зяленіна аб запазычанні са швед. kajuta (< н.-ням.) абгрунтавана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўта́ць ’глытаць’ (дыял.; ТСБМ, БРС, Шат.), каўтану́ць ’праглынуць’ (Сцяшк. МГ), каўток ’глыток’. Параўн. рус. дыял. колтну́ть ’глытнуць’, колто́к ’глыток’, укр. ковта́ти ’глытаць’, ’каўтаць’. Фасмер (2, 297) параўноўвае з польск. kłtać. Але паводле Слаўскага, 274, польскае слова нідзе не зафіксавана. Магчыма, мы маем справу з двума прасл. варыянтамі слова: *glъt‑ і *kъlt‑. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што і.-е. адпаведнікі ёсць толькі для варыянта *glъt‑: параўн. ст.-рус. глътати, чэш. hltati, балг. гъ́лтам і г. д., якія блізка стаяць да лац. glūtio glūtīre ’глытаць’. Параўн. Фасмер, там жа; Траўтман, 93; падрабязна, з аглядам літаратуры, Трубачоў, Эт. сл., 6, 157–158.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабіна лета. Рус. бабье лето, укр. бабине літо, бабське літо, польск. babie lato, чэш. babí léto, ням. Altweibersommeri г. д. Назва шырока вядома ў еўрапейскіх мовах. Здаецца, што яна асноўваецца на ўяўленні аб познім каханні старых жанчын, удоў. Гл. Леман, Altweib.; Пауль, Wörterb., 19; Клюге, 18 (там і шмат ням. дыял. форм, якія раскрываюць этымалогію); Махэк₂, 40; Галынська–Баранова, Ukr. nazwy, 61 (Качэрган, Мовознавство, 1971, 2, 87, як і Я. Галавацкі, непераканаўча лічыць, што назва адносіцца да дамашняй працы жанчын пасля жніва). З неіндаеўрапейскіх моў можна прывесці тур. gelin havasí ’цёплае, яснае надвор’е’ (дзе gelin ’нявеста, маладая’, ’нявестка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бага́ч, бога́ч ’агонь’ (палес., Маш.), ’агонь, вогнішча, касцёр (палес., вусн. паведамл. Краўчука: разложы́ багачу́ погріцца), агонь, што дабываеце крэсівам’ (палес., вусн. паведамл. Краўчука). Слова амаль што знікла. Укр. бага́ч, бога́ч ’агонь, вогнішча, касцёр’. Бясспрэчна, звязана з укр. бага́ття ’агонь’ (гл. Маш., 159). Народная этымалогія тлумачыць назву багач тым, што агонь можа зрабіць багата шкоды, унясе багата маёмасці (гл. Маш., там жа; таксама ўласныя запісы. — Р. К.). Патабня (ЖСт, 1891, 111, 117) лічыць, што ў аснове назвы ляжыць міфалагічнае ўяўленне агню багацеем, і параўноўвае з гэтым уяўленне ў Рыгведзе Агні-домаўладыкі валадаром багаццяў. Сюды ж бага́ч, бага́тнік ’свята 8.IX’ (Шат., Інстр. II).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бакай ’рачная пратока; глыбокае месца ў рацэ; яма ў балоце’ (Інстр. лекс.). Рус. дыял. бака́й ’ручай’, укр. бака́й ’глыбокая яма ў рацэ, сажалцы; выбоіна (з вадой) на дарозе’ (ці сюды ж укр. бакаль ’возера’?). Слова няяснага паходжання. Магчыма, запазычанне з усх. моў. Параўн. Фасмер, 1, 109; Юркоўскі, SOr., 13, 69. Не пераконвае прыняцце роднаснасці з гальск. beccus ’заглыбленне, упадзіна’ (так Гараеў, 9) або параўнанне (Сабалеўскі, Slavia, 5, 441) з бак. Рудніцкі (57) прапануе вывядзенне ад бак ’рэзервуар’. Наўрад ці гэта так (супраць Юркоўскі, там жа). Не пераконвае таксама версія пра запазычанне з італ. bocca ’рот, вусце, заліў і т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́нь ’абалонь, верхнія слаі драўніны’ (Бяльк.), боло́на (Нас.), болона́ ’абза, верхні слой дрэва’ (Мядзв.), болонь ’не смалістая частка сасны’ (палес.). Рус. болона́ ’нарасць на дрэве’, бо́лонь ’верхні слой, мяккая кара дрэва’. У іншых слав. мовах формы з іншай семантыкай. Параўн. бало́на1, бало́на2, бало́нкі ’перапонкі’ (там і формы). Да прасл. bolna, bolnь, якое мае шмат значэнняў — ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і г. д.’ і, мабыць, ідэнтычнае з *bolna ’паляна, луг’. Адпавядае літ. bálnas ’белы’, грэч. φολίς ’луска’. Гл. Бернекер, 69; Фасмер, 1, 189; Траўтман, 25; Слаўскі, 1, 37; Шанскі, 1, Б, 157. Гл. абалонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Башта ’гаўптвахта, турма; вежа’ (Нас.); у ст.-бел. з XV ст. (Булыка, Запазыч.; Нас. гіст.; Гіст. лекс., 115). Рус. (XVI ст.) башта, укр. ба́шта (з XVI ст.). Запазычанне з зах.-слав. моў: польск. baszta, чэш. bašta < італ. bastia. Бернекер, 45; Брукнер, 18; Фасмер, 1, 139; Шанскі, 1, Б, 64; Махэк₂, 47–48; Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 92. Да еўрапейскіх форм гл. яшчэ MESz, 1, 256 (венг. bástya, там і літ-pa); Клюге, 55. Гіст. лекс., 115, і Булыка, Запазыч., 39, тлумачаць гэта слова як германскае па паходжанню. Першакрыніцай запазычання ням. Bastéi (!) з фанетычных меркаванняў ва ўсякім выпадку быць не можа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́бер ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Параўн. укр. назвы: бабру́н, бабру́на, бабару́нка, бабри́ська, бобру́нка, бобору́нка, бобруни́ця і г. д., якія звычайна звязваюць з укр. дзеясловам ба́брати(ся) ’пэцкаць; вазіцца’ (Рудніцкі, 46; перад тым як паляцець, божая кароўка нібы доўга возіцца). Фанетычна немагчымая сувязь з бедр‑ ’божая кароўка’ (насуперак Махэк₂, 50, і Каламіец, Мовознавство, 1967 (3), 50–51). Паколькі сувязь з дзеясловам бабрати(ся) няпэўная (гл. Краўчук, ВЯ, 1968 (4), 124), то, магчыма, трэба зыходзіць з шырока вядомай асновы babr‑, bobr‑ і да т. п. (параўн. нават рум. buburúză ’божая кароўка’; падрабязней Краўчук, там жа). Параўн. яшчэ барбуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Махры́, махор, мохрыкі, махорчыкі ’свабодна звісаючыя ніткі, шнуркі па краях тканіны, адзення’, ’шматкі, абвіслыя касмылі’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Ян., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’тонкія карэньчыкі ў раслінах’ (рас., петрык., Шатал., Мат. Гом.; Ян., Сл. ПЗБ), беласт. ’расткі, парасткі’ (Сл. ПЗБ), ’пялёсткі ў махрастых кветках’ (ТСБМ), махры́, махроцце ’лісце агародніны’ (Мат. Гом.), махроўка ’хустка з махрамі’ (там жа); мін., гродз. махрычка ’ручнік з махрамі’ (Нас.); махрасты, махрысты, махровы (ТСБМ). Рус. ма́хря́, махор, махры́, мохра́, мохо́р. Бел.-рус. ізалекса. Утворана ад мох (гл.) (Мацэнаўэр, LF, 10, 353; Фасмер, 2, 668; Сарокін, РР, 1969, 3, 81–87; Гарэцкі, Мовознавство, 1968, 6, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мачу́ла1, мачу́ло, мачу́лішча, мачу́ліска ’мачыльня, сажалка, лужа, яма на балоце, акно сярод плаву, агароджанае калкамі месца ў возеры, дзе мочаць лён’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; полац., ушац., Нар. лекс.). Беларускае. Да мачы́ць (гл. мача́ць). Сюды ж мачу́льнік ’сноп канапель, прыгатаваны для мачэння’ (паст., Сл. ПЗБ).

Мачула2 ’рагоз, Typha latifolia L.’ (маг., Кіс.). У выніку пераносу значэння ’яма, сажалка’ на назву расліны, якая расце там. Да мачу́ла1.

Мачула3 ’перакладзіна на рыштаваннях’ (ст.-бел., XVII ст.) запазычана са ст.-польск. maczulec, якое з ням. Netzholz (Булыка, Лекс. запазыч., 97; Варш. сл., 2, 841).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)