сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш.Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл.Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЫ́НЦЫНГ (англ. imprinting ад imprint пакідаць след, запамінаць),
у біялогіі — працэс фарміравання ў раннім перыядзе развіцця арганізма ўстойлівай індывід. выбіральнасці да знешніх стымулаў, а таксама спец. форма навучання жывёл, фіксацыя ў іх памяці адметных прыкмет аб’ектаў, некат. прыроджаных паводзінскіх актаў. Асновы навук. канцэпцыі І. заклаў у 1930-я г.аўстр. біёлаг К.Лорэнц. Фарміраванне І. магчыма толькі на позніх этапах эмбрыянальнага і на ранніх этапах постэмбрыянальнага развіцця, на працягу фіксаваных крытычных, або адчувальных, перыядаў. Ад звычайных відаў навучання адрозніваецца хуткасцю ўзнікнення і працягласцю дзеяння. Напр., рэакцыя руху ў вывадкавых птушак неабарачальна замацоўваецца (запамінаецца) у першыя дні жыцця. Прыроджаная рэакцыя навучання дазваляе жывёлам рухацца за бацькамі і адзін за адным, «пазнаваць» іх. У птушак і млекакормячых вядома таксама з’ява палавога І. (ідэнтыфікацыя асобінай сваёй відавой прыналежнасці). У псіхалогіі І. называюць утварэнне ўстойлівых слядоў у псіхіцы чалавека пасля аднаразовага перажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́ТЫ ЧЫРВО́НАЙ ПРАФЕСУ́РЫ (ІЧП),
спецыялізаваныя навук навуч. ўстановы ў СССР, якія рыхтавалі выкладчыкаў грамадскіх навук для ВНУ, а таксама работнікаў для н.-д. устаноў, парт. і дзярж. органаў з 1921 да канца 1930-х г. Першы ІЧП створаны паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 11.2.1921 у Маскве. Падпарадкоўваўся Нар. камісарыяту асветы. Рэктар (1921—32) — М.М.Пакроўскі. У ін-т прымалі толькі членаў РКП(б). У 1930 у выніку рэарганізацыі падзелены на 4 самаст. ін-ты: філасофіі і прыродазнаўства, эканам., гісторыі, гісторыка-партыйны. У 1931 адкрыты шэраг новых ІЧП: аграрны, літ., тэхнікі і прыродазнаўства і інш. У розныя гады ў ІЧП выкладалі вучоныя і дзярж. дзеячы: А.С.Бубнаў, В.П.Волгін, А.М.Дзяборын, А.В.Луначарскі, Е.М.Яраслаўскі і інш. Закрыты да канца 1930-х г. У 1946 на ўзор ІЧП створана Акадэмія грамадскіх навук пры ЦКВКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЖА́ЎНЫЯ ГРЫБЫ́ (Uredinales),
парадак базідыяльных грыбоў падкл. тэламіцэтэс. 14 сям., 164 роды, 7000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 400 відаў з 14 родаў: гімнаспарангій, пукцынія, траншэлія, ураміцэс, ахрапсора, калеаспорый, кранарцый, мелампсора і інш. Аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, пераважна злакавых і бабовых. Узбуджальнікі іржы раслін. Маюць вял. колькасць спецыялізаваных форм.
Міцэлій міжклетачны з гаўсторыямі, праз якія грыб паглынае пажыўныя рэчывы з клетак расліны-гаспадара, у большасці відаў мясцовы (на месцы пападання споры); зрэдку дыфузны (пранізвае ўсю расліну). Міцэлій і споры маюць кроплі алею аранжавага ці ржавага колеру (адсюль назва). Цыкл развіцця І.г. — чаргаванне гаплоіднай і дыплоіднай стадый. Маюць 5 тыпаў споранашэння. Адны віды маюць усе тыпы споранашэння (поўны цыкл развіцця), другія — толькі некат. (няпоўны цыкл). Пры развіцці на адной расліне ўсіх тыпаў споранашэння грыбы наз. аднагаспадаровымі, калі гаплоідная і дыплоідная стадыі на розных раслінах — рознагаспадаровымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькіІль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала 3/4тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.М.Чаркасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
тып агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае сістэматычнае вывучэнне грэч. і лац. моў, матэматыкі як гал. прадметаў. Узнікла ў Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння. Паводле сцвярджэння ням. педагога і даследчыка старажытнасці І.М.Геснера, толькі пры дапамозе К.а. стала магчымым пераадолець варварства сярэдневякоўя. У 19 ст.навуч. ўстановы з класічнай праграмай (гімназіі, ліцэі і інш.) былі асн. тыпам сярэдняй школы, якая рыхтавала да паступлення ва ун-т. На Беларусі К.а. давалі старэйшыя класічныя гімназіі: Мінская, Віцебская, Магілёўская, Слуцкая, Гродзенская. Без істотных змен К.а. захоўвалася ў Еўропе і Амерыцы да пач. 20 ст., калі паступова стала саступаць месца рэальнай адукацыі. У некаторых краінах (Вялікабрытанія, Германія) К.а. існуе як адзін з альтэрнатыўных кірункаў навучання ў сярэдняй школе. Сучасная тэорыя К.а. заснавана на псіхал. здольнасці пераносу ведаў і навыкаў, атрыманых у адной галіне, у любую іншую сферу чалавечай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУН ((Kuhn) Томас Сэмюэл) (н. 18.7.1922, г. Цынцынаты, ЗША),
амерыканскі філосаф і гісторык навукі, адзін з лідэраў гіст. школы ў метадалогіі і гісторыі навукі. Праф. ун-таў у Берклі (1958) і Прынстане (1964), Масачусецкага тэхнал. ін-та (1979). У яго канцэпцыі гісторыя навукі разглядаецца як чаргаванне эпізодаў барацьбы розных навук. супольнасцей, якія фарміруюцца і функцыянуюць на аснове прыняцця іх членамі пэўнай мадэлі навук. дзейнасці (парадыгмы, або «дысцыплінарнай матрыцы»). Найб. важныя яе эпізоды — «нармальная навука» (перыяд панавання пэўнай парадыгмы) і «навук. рэвалюцыя» (перыяд распаду парадыгмы, канкурэнцыя паміж альтэрнатыўнымі парадыгмамі і, у канчатковым выніку, пераход да новага перыяду «нармальнай навукі»). К. адмаўляе пераемнасць у развіцці навукі; прагрэс, паводле К., — гэта паняцце, якое мае сэнс толькі для «нармальнай навукі», дзе яго крытэрыем выступае колькасць вырашаных праблем.
Тв.:
Рус.пер. — Структура научных революций. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУ́РЫ (лац. Ligures),
зборная назва стараж. плямён, якія насялялі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э.паўн.-зах. Італію і паўд.-ўсх. Галію. Мяркуюць, што ў 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Л. насялялі б.ч. Італіі, потым іх адцяснілі на ПнЗіталікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Л. займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, жылі ва ўмацаваных гарадзішчах, якія паступова ператварыліся ў гандл.-рамесніцкія цэнтры. Грамадскі лад Л. меў характар ваен. дэмакратыі, доўгі час захоўвалася сельская абшчына. У розны час на Л. нападалі кельты і этрускі, з 328 да н.э. яны — аб’ект рым. агрэсіі. Канчаткова падпарадкаваны Рымам толькі пры Аўгусце (14 да н.э.). Большасць сучасных лінгвістаў лічаць мову Л. індаеўрапейскага паходжання. Верагодна, ім належаць наскальныя малюнкі ў Прыморскіх Альпах. Ад Л. атрымала назву гіст. вобласць на ПнЗ Італіі — Лігурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Пашырана пераважна ў Літве. Вылучаюць 2 групы гаворак: верхнелітоўскія (аўкштайцкія) і ніжнелітоўскія (жэмайцкія). Аснова літаратурнай Л.м. — сярэднеаўкштайцкі дыялект. У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, толькі кароткія зычныя, 6 дыфтонгаў, 2 трыфтонгі, рухомы танічны націск; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), 5 скланенняў, 7 склонаў, прыметнікі 3 родаў, 4 часы дзеясловаў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, дапаўненне пры непераходных дзеясловах. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. графікі. Літаратурная мова склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У літаратурнай мове і гаворках ёсць беларусізмы «abrakas» («аброк»), «guzas» («гуж»), у бел. мове адпаведна — літуанізмы, пераважна лексічныя («парсюк», «пуня»), а таксама сінтаксічныя — дзеепрыслоўе ў ролі простага выказніка («каровы пад’еўшы») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГА́НСКІ (Сяргей Данілавіч) (1.10.1918, Алматы — 16.1.1977),
генерал-маёр авіяцыі (1957), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1949). У Чырв. Арміі з 1936, лётчык. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі, камандзір знішчальнага авіяц. палка. Вызначаўся высокім майстэрствам вядзення паветр. баёў. Толькі ў час бітвы за Дняпро 1943 збіў асабіста 18 самалётаў праціўніка і 1 у групавым баі. Усяго Л. зрабіў 390 баявых вылетаў, збіў асабіста 37 (у т. л. 2 тараніў) і ў групавых баях 6 самалётаў праціўніка. Пасля вайны (да 1964) на камандных пасадах у ВПС. Аўтар успамінаў «На глыбокіх віражах» (2-е выд. 1966) і «Неба застаецца чыстым» (1970).