була́т

(цюрк. bulat, ад перс. pūlād = сталь)

1) вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні;

2) гіст. клінок (меч, шабля, кінжал) з такой сталі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

на́фта

(польск. nafta < гр. naphtha, ад перс. näft)

мінеральнае масляністае гаручае рэчыва звычайна цёмна-бурага колеру, якое ўжываецца як паліва, а таксама як сыравіна для вырабу бензіну, газы, мазуту і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Туліпа́н ‘цюльпан, Tulipa L.’ (Некр. і Байк.), тулі́пан ‘тс’ (Вруб.). Параўн. у беларускім ідышы tulpán ‘тс’. З польск. tulipan ‘тс’, якое з ням. Tulipan (суч. скарочанае ням. Tulpe ‘тс’) або франц. tulipan ‘тс’. Праз Балканы (балканскі турцызм) прыйшло з перс. tülbend ‘турбан’: чаша кветкі была падобная да галаўнога ўбора (Борысь, 653; Арол, 4, 128). У Беларусі названая форма выкарыстоўвалася ў 1920‑х гадах, у 1940‑х прапаноўвалася тульпа́н, а ў пасляваенны час — цюльпан (Любецкая, Беларусіка, 34, 187).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зораастры́зм

(ад гр. Zoroaster, ад перс. Zaratušira = імя прарока)

рэлігія, якая была пашырана ў старажытнасці і ў перыяд сярэдневякоўя ў краінах Блізкага і Сярэд. Усходу і прапаведавала ідэю барацьбы дабра і зла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

му́мія​1

(ст.-фр. mumie < ад. mūmijā, ад перс. mūm = воск)

1) труп чалавека ці жывёлы, захаваны ад гніення бальзаміраваннем або высахлы ў выніку пэўных умоў асяроддзя;

2) перан. худы, маларухомы чалавек.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДА́РЫЙ,

імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржаве.

Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах. ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл. Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.

Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).

Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.

Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́НАПІС,

старажытнае пісьмо, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак. Рысачкі выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. карысталіся народы Пярэдняй Азіі.

Узнік у 4-м тыс. да н.э. ў Шумеры, пазней быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, хурыцкай, эламскай, урарцкай і інш. моў. Паходжанне К. — ідэаграфічна-рэбуснае, з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. — славесна-складовае пісьмо. Клінападобныя знакі — вынік паступовай схематызацыі малюнкаў, з дапамогай якіх шумеры каля 3-га тыс. да н.э. пачалі графічна перадаваць назвы канкрэтных прадметаў і абстрактных паняццяў (гл. Ідэаграфічнае пісьмо). Першапачаткова клінапісная графіка налічвала каля 1000 абазначэнняў розных складоў і каля 20 тыс. ідэаграм і дэтэрмінантаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна 𒀸, вертыкальна <SIGN>, пад рознымі вугламі <SIGN>, <SIGN>. Напрамак пісьма спачатку быў верт., слупкамі справа налева, пазней — радковы злева направа. К. праіснаваў каля 4 тыс. гадоў. Найб. познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэліг. і навук. тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас), адносяцца да 6—4 ст. да н.э. (Стараж. Персія). Стараж-перс. К., які меў толькі 41 складовы знак, расшыфраваў у 1802 ням. мовазнавец Г.Ф.Гротэфенд. Хецкія тэксты першы прачытаў чэш. філолаг Б.Грозны ў 1915.

Літ.:

Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967;

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979.

А.​Я.​Міхневіч.

Узор вавілона-асірыйскага клінапісу. Надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара I.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гарбу́з ’гарбуз’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. гарбу́з ’тс’, рус. арбу́з, гарбу́з ’кавун’, гарбу́з ’гарбуз’, польск. harbuz, arbuz ’кавун’, серб.-харв. ка́рпуза, балг. карпу́з ’кавун’. Запазычанне з усх. моў. У аснове ляжыць кыпч. χarbuz (параўн. тур., крым.-тат. karpuz), якое паходзіць з перс. χarbūza. Фасмер, 1, 83–84. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 403; Брукнер, 168. Аб двух храналагічна розных запазычаннях гэтага слова ў польск. мове гл. у Слаўскага, там жа. Адносна лексемы гарбу́з як назвы стравы гл. Сцяц. Нар., 41.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

газе́ль​1

(перс. gazal, ад ар. ghazāl)

вершаваная форма ў лірычнай паэзіі народаў Блізкага і Сярэд. Усходу, якая складаецца з двухрадкоўяў (не больш як 12) з пастаяннай рыфмай на канцы кожнага з іх.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

балага́н

(рус. балаган, ад перс. bālāhānä = верхні пакой, балкон)

1) часовы будынак з дошак, фанеры, парусіны для выступлення самадзейных артыстаў, кірмашовага гандлю;

2) даўні народны вандроўны тэатр;

3) перан. што-н. несур’ёзнае, штукарскае, шумнае.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)