КІМ ХАНДО́ (псеўд.Тан Вон, Тан Гу, Са Нын, Камін, Каса Сахо, Кадза; 1760, Карэя — 1820),
карэйскі жывапісец. Рабіў партрэты, пейзажы і жанравыя кампазіцыі на тэмы нар. жыцця ў традыцыях нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі, выкарыстоўваў вопыт еўрап. мастацтва. Творам уласцівы лінейна-графічная манера, вастрыня жыццёвых назіранняў: «Вадаспад дзевяці драконаў», «Скалы ў моры», «Вяртанне кітайскага навукоўца Му-і», «Месяц над кустамі», «Хлопчык іграе на флейце», 2 альбомы «Пейзажы, ажыўленыя персанажамі, жывёламі і птушкамі», аўтапартрэт, васьмістворкавая шырма «Групавая выява бессмяротных» і інш.
Кім Хандо. Вадаспад дзевяці драконаў. Канец 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАС ((Claesz) Пітэр) (1597 або 1598, г. Штайнфурт, Германія — 1.10.1661),
галандскі жывапісец. Працаваў у г. Харлем (Галандыя). Прадстаўнік харлемскай школы «манахромнага» нацюрморта. Адзін з першых у нацюрмортным жывапісе вызначыў ролю святла, паветр. асяроддзя і адзінага тону як сродку выразу адзінства прадметнага свету і навакольнага асяроддзя. У тэматыцы пераважалі «сняданкі», «банкеты», тэмы «ванітас». Творам уласцівы сціпласць выяў прадметаў, вытанчаная прастата кампазіцый, дамінаванне відаў зверху, шэра-карычневая колеравая гама: «Нацюрморт», «Ванітас» (абодва 1624), «Нацюрморт са свечкай» (1627), «Сняданак» (1642), «Сняданак з вэнджанінай» (1647) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЧЭ́ЎСКІ (Фёдар Рыгоравіч) (22.5.1879, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна — 30.7.1947),
украінскі жывапісец. Засл. дз. маст. Украіны (1940). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), Пецярбургскую АМ (1910). З 1913 выкладаў у Кіеве ў маст. вучылішчы, з 1917 праф. Украінскай АМ, у 1922—41 — маст. ін-та. Яго творам уласцівы эпічнасць у раскрыцці нар. характару, шырокая жывапісная манера пісьма, манументалізацыя формы, эмацыянальная напружанасць колеру: «Нявеста» (1910), «Тры ўзросты» (1913), трыпціх «Жыццё» (1925—27), «Сваты» (1928), «Маці» (1929), «Пераможцы Урангеля» (1934), цыкл карцін «Кацярына» (1937—40) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУГА́Ч (Юрый Пятровіч) (н. 21.3.1917, г. Суздаль, Расія),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1965). Нар. мастак СССР (1977). Чл.-кар.АМСССР (1975). Скончыў Маскоўскі маст.ін-т (1942; вучыўся ў С.В.Герасімава і І.Э.Грабара), у 1948—51 выкладаў у ім. У ранні перыяд творчасці пісаў партрэты (цыкл «Знакамітыя людзі Масквы», 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), творы гіст. тэматыкі. Пазнейшыя вызначаюцца паэтызацыяй традыц. рыс рус.нар. побыту: «Перад танцамі» (1961), «Сенакос у лесе» (1967), «Развітанне» (1969), «За Айчыну» (1980). Дзярж. прэмія Расіі імя І.Я.Рэпіна 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕНЦАВА (Надзея Віктараўна) (н. 21.10.1952, Мінск),
бел.жывапісец. Дачка В.Х.Лівенцава. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). У 1978—80 выкладала ў гэтым ін-це. Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны і кампазіцыі. Творам уласціва пастознасць мазка, перавага чыстых колераў у гарманічна-кантрастных спалучэннях. Сярод работ «Волечка» (1976), «Бацьку і маці — партызанам Беларусі — прысвячаецца» (1977), «У краіне сініх птушак» (1987), «Бег», «Сон у месячную ноч» (абедзве 1988), «Людміла» (1993), «На вяршыні» (1995), «Аляксандра», «Анёлы», «Саната» (усе 1996), «Прадчуванне», «Водаварот» (абедзве 1997), «Лета ўцякае» (1998), «Аўтапартрэт з сініцай у руках» (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Андрэй Мацвеевіч) (1701, г. Ноўгарад, Расія — 1739),
расійскі жывапісец. Пасланы Пятром I для ўдасканалення ў Нідэрланды (1716—27), вучыўся ў Амстэрдаме і Антверпенскай АМ (1725—27). З 1727 у Пецярбургу узначальваў «жывапісную каманду» пры Канцылярыі ад пабудоў. Выконваў жывапісныя дэкар. работы ў Пецярбургу (у т. л. ў Петрапаўлаўскім саборы) і Маскве, размаляваў шэраг цэркваў. Аўтар станковых кампазіцый і партрэтаў: «Алегорыя жывапісу» (1725), партрэты І.А. і А.П.Галіцыных (1728), т. зв. «Аўтапартрэт з жонкай» (1729). Творчасць М. паўплывала на станаўленне рас. свецкага мастацтва 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел.АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА ЮА́НЬ, Цыньшань (канец 12 ст., прав. Шаньсі, Кітай — 1-я пал. 13 ст.),
кітайскі жывапісец. Дзеяч акадэміі жывапісу ў Ханчжоў. Паслядоўнік Лі Тана. Ствараў манахромныя з тонкай падфарбоўкай пейзажы («Адзінокі рыбак на рацэ ў халодны час») і кампазіцыі жанру «птушкі-кветкі» («Кветкі слівы, камяні і дзікія качкі ў горным патоку»), якія вызначаюцца філасофска-сузіральным ладам, абагульненасцю форм, манерай пісьма рэзкімі шырокімі мазкамі, новай для кіт. жывапісу асіметрычнасцю кампазіцыі.
Літ.:
Николаева Н.С. Художник, поэт, философ: Ма Юань и его время. М., 1968.