Каланты́р1, кыланты́р ’пост, пікет, варта’ (Бяльк.). Фармальнае супадзенне з калантырыцца ’валаводзіцца’ дазваляе меркаваць аб магчымасці ўтварэння прамежкавых семем, аб значэнні якіх можна здагадвацца паводле полац. калантыр, калантырыць ’праводзіць час без сур’ёзных заняткаў’, адкуль, магчыма, ’збор людзей, не занятых справай і да т. п.’ Гэта, аднак, вельмі няпэўна па семантыцы, ілюстрацыя ў слоўніку пацвярджае дакладнасць дэфініцыі («Сылдаты йшлі і на кылантыр нямецкі пупалі», с. 241). Можна дапусціць магчымую сувязь з каланча ’вартавая вышка’, мяркуючы аб замене суфіксацыі. Верагоднасць такой замены давесці цяжка, семантыка слова таксама няпэўная. Фармальнае падабенства ст.-рус. калантарь, колонтарь ’кальчуга’ відавочнае, аднак семантыку двух лексем параўнаць нельга. Адзначым, што ‑н‑ у разглядаемым слове можа быць другасным (экспрэсіўны інфікс), што дазваляе фармальна параўнаць бел. слова з рус. колотыр, колотырь, але значэнне рус. слоў (’ілгун, праныра і да т. п.’) зусім іншае. Магчыма, сапсаванае карантин (Краўчук, вусн. паведамл.).

Каланты́р2 ’папрашайка’ (Мат. Маг., Нас.), колонтырка, колонтырник, колонтырнык (Нас.). Рус. кур., новааск. калантырь, аднак значэнне яго невядомае (СРНГ, 12, 335). Сухамлін (Совещание по ОЛА, 1975, 173) мяркуе аб матэрыяльным падабенстве бел. калантырка, рус. колотырка, укр. колотуха ’дакучлівая жанчына’. У рус. мове колотырь, колотыра, колотырник і да т. п. лексемы ў розных значэннях адзначаны на рознай тэрыторыі, у тым ліку і на пагранічнай да беларускай. Рус. слова лічыцца вытворным ад колотить (Праабражэнскі, 1, 337–338), што на першы погляд выклікае пярэчанні паводле семантычнага крытэрыю. Параўн., аднак, рус. колотить ’плявузгаць, пляткарыць, таргавацца, набываць з цяжкасцю’, колотиться ’прасіць; пабірацца; жабраваць; жыць у галечы; бадзяцца без справы; пляткарыць’: «Матрена все колотится, прямая колотуха» (СРНГ, 14, 184). Суфіксацыя ў разглядаем слове, відаць, экспрэсіўная, што датычыць спосабу ўтварэння, то, магчыма, спачатку быў утвораны экспрэсіўны дзеяслоў: колотить, колотырить. Бел. слова ў любым выпадку ўтворана даўно (фанетычны крытэрый), але статус яго не вельмі ясны, як гэта можна меркаваць паводле значэнняў бел. калаціць. Не выключана, што тут мела месца інфільтрацыя лексікі з сумежных рус. гаворак, аднак нельга выключыць магчымасці захавання старой слав. тэндэнцыі. Параўн. серб.-харв. кла́тити ’бадзяцца і да т. п.’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй — клата́рити се ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апара́т, апара́ты ’царкоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Апла́тва, опла́тва ’абчасанае бервяно ў апошнім вянцы зруба над бэлькамі’ (Шушк.). Польск. oplatwa ’тс’, укр. платва верхняя бэлька ў зрубе’, славац. platva ’плоскі кавалак матэрыялу, якім што-небудзь закрываюць’. Зважаючы на ўкраінскую і славацкую формы, можна дапусціць другаснасць пачатковага о‑ як фанетычнай пратэзы, хаця гэта і не неабходна. Ад дзеяслова (а)плаціць з суф. ‑тва (параўн. малітва); роднасна слову плот ’агароджа’, плыт. Іншая магчымасць: ад дзеяслова *пластаць ’дзяліць на пласты (плахі)’, на што ўказвае чэш. plastva ’пласт’, давала б тлумачэнне слова як больш старажытнага. Узаемаадносіны беларускага, украінскага, польскага, славацкага слоў няясныя: тут магчыма захаванне старога агульнага слова, а таксама адлюстраванне ўзаемных уплываў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аплэ́вух ’непаваротлівы, неахайны чалавек’ (Жд.). Прыведзены як прыклад сказ: «Аплэвух гэты, апусціў крылля, смаркачэ вечна блішчаць на вусах» указвае на імавернасць утварэння ад пляваць агентыўным суфіксам ‑ух (параўн. пастух), які, аднак, звычайна нясе націск. Адсутнасць націску можа тлумачыцца аналогіяй з не́слух. Параўн. рус. оплёвыш, оплеванец ’зняважаны чалавек’ (Даль). Цвёрдасць л — вынік экспрэсіі значэння слова. Значэнне ’непаваротлівы’ (прыклад яго не пацвярджае, але і не пярэчыць яму) можа весці да параўнання з літ. ãplamis ’непаваротлівы чалавек’, аднак і ў гэтым выпадку адбыліся беларуская словаўтваральная апрацоўка і значная фанетычная змена, выклікання, магчыма, народнаэтымалагічным асэнсаваннем слова, якое мае экопрэсіўнае значэнне. Параўн. яшчэ аблавухі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрана́ць1, апранацца, апрануць, апрануцца, апранаха, магчыма, сюды ж уласнае імя Апраніч (ад *апрана ’адзенне’ — Бірыла, Бел. антр., 2, 22). Рус. дыял. опрянать(ся), опрянуть(ся) ’адзець, накрыць’. Ст.-бел. (XV ст.) опрянути ’асядлаць’ (Карскі, Труды, 313). Ад *ob‑pręt‑nǫti, *prętati ’хаваць’ (гл. апратаць). Трубачоў, пісьм. паведамл. У тлумачэнні Супруна (Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64) памылковае сумяшчэнне апранаць1 і апранаць2.

Апрана́ць2, апрануць, опрянуць, опрянуцца ’моцна ўдарыць, ударыцца’ (Касп., Нас.). Ад зафіксаванага ў Насовіча прануць (прянуць) ’ударыць’ (гл.). Супрун (Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64) памылкова сумяшчае з апранаць2 слова апранаць1, якое мае іншае тлумачэнне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Армя́к ’даўгаполая вопратка з тоўстага сукна’ (БРС, Касп., Бяльк.; карту рэаліі гл. Малчанава, Мат. культ., 153), дыял. гармя́к. Рус. армя́к, укр. армʼя́к. Ст.-польск. giermak. Ст.-бел. з 1574 ермяк, ормяк, кгермак (Булыка, Запазыч.). Сучаснае беларускае з XIX ст. (Гіст. мовы, 2, 26), улічваючы пашырэнне на паўночным усходзе, з рускай. Рускае (у XVI ст. ормяк, ормячек), магчыма, з тат. əрмак: Фасмер, 1, 88. Старабеларускае, стараўкраінскае, старапольскае (адкуль кгермак у старабеларускай) запазычаны без рускага пасрэдніцтва. У цюркскіх слова паходзіць ад кораня ӧр ’віць’ плясці, вязаць’, адкуль ӧрмӓк гатунак сукна’ (Радлаў, Опыт, 1, 801, Др. Тюрк.). Супрун, Зб. Крымскаму, 127–128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Артэ́па, артэ́пель ’топкае месца’ (Касп.). Няясна. Фанетыка (тэ) быццам бы ўказвае на запазычанне, але ў пскоўскіх гаворках адзначана арте́п ’канава’ (?), артёпина ’балота’, арте́пь. Таму, магчыма, трэба звязаць з рус. дыял. вертеп вялікі яр з непраходным лесам, кустаўём’, ’варонка, у якую ўваходзіць балотная вада’, вертепижина ’калдобіна’, укр. прыкарп. вертеп ’шчыліна паміж гарамі; яма; балка’, вартеп, гартопе, гертоба (Клепікава, Карпат, диал. оном., 52–93, дзе гл. агляд этымалогій і літаратуры пра вертеп), ст.-слав. въртъпъ ’пячора’, балг. въртоп ’вадаварот’, да якіх адносіцца і прыведзенае Яшкіным слаўг. вярцеп ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (аб рус. вертеп гл. арт. Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 28–40). Гл. вярцеп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аршы́н. Ст.-бел. аршинъ. Рус. аршин з 1489 у помніках зносін з Польска–Літоўскай дзяржавай (Унбегаун, La langue russe, 166), ст.-укр. аршин гл. Рогаль (З історії, 182). Крыніца беларускага слова — цюркская з іранскай (Вольскі, «Узвышша», 1929, 6, 114; Юргелевіч, Курс, 137; Курс суч., 161). Параўн. Фасмер, 1, 92; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 30; Конанаў, ИОРЯ, 1966, 229. Дзмітрыеў (Строй, 522–523) лічыць непасрэднай крыніцай рус. аршин татарскае (казанска-татарскае) слова. Бел. аршын, верагодна, з крымска-татарскай, у якой з турэцкай, магчыма, праз украінскае пасрэдніцтва; тур. arsin ’тс’ < іран. арш ’локаць’ (Локач, 10). Нельга цалкам выключыць і беларускае запазычанне з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахве́с (аргат.) ’бог, абраз’ (Рам.), вядома таксама ў формах ахвэс, яхвес, охвіс, охвесь, ахвесь, хвесь і фес у сацыяльных дыялектах на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Польшчы, параўн. Бандалетаў, Бел.-укр. ізал., 101. Згодна з Арапавым (Этимология, 1964, 125 і наст.), запазычана з мовы ідыш, дзе ад ст.-яўр. Jahveh, што ўяўляе традыцыйнае чытанне найбольш ужывальнага імені іудзейскага бога IHWH; ад ахвес адна з назваў тайных моў — ахвесніцкая, параўн. польск. język ochweśnicki, а таксама, магчыма, назва гандляроў-разносчыкаў у Расіі офени. Адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 174; Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 135. Інакш Раманаў, 9, 5 (з грэчаскай), Бандалетаў, ЭИРЯ, 7, 1972, 38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Аўрач, овра́ч ’кій, якім заганяюць рыбу ў сетку’, рэч. (Браім, Весці АН БССР, 1973, 1). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ач, характэрным для назваў прылад дзеяння паводле значэння дзеяслова; магчыма, ад незафіксаванага *овраць, вытворнага з коранем ‑ver‑, для асноў з якім у славянскіх мовах характэрна значэнне ’піхаць, соўгаць’ (гл. Фасмер, 1, 293), а таксама ’кій, рычаг, з дапамогай якога што-небудзь паварочваюць, прыводзяць у рух’, параўн. укр. вирло ’асноўны шост рыбалоўнай прылады, пры дапамозе якога яе падымаюць і апускаюць’, ’дышаль манежа’, ’доўгі рычаг, якім паварочваюць ветраны млын’ (гл. Куркіна, Этимология, 1970, 101). Параўн. аўраць. З семантычнага боку магчымы ўплыў літ. varýti, vãro ’гнаць, выганяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)