Кі́снуць1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр.киснути, рус.киснуть ’тс’, балг.кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв.ки̏снути ’тс’, славен.kísniti ’кіснуць’, польск.kisnąć, чэш.kysnouti, славац.kysnuť, в.-луж.kisnyć, н.-луж.kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл.*kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат.kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл.kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл.kysti, kysati звязваюцца з літ.kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат.kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ.kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат.kûsât і літ.kùšti ’рухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл.kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл.kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е.k̑ як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус.бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.
Кі́снуць2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць1 ’мокнуць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кады́р ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (глус., Янк. 2), кадырчык ’невялікая драўляная дзежачка, завужаная кверху’ (Мат. Маг.). Адзначым, што магілёўскі слоўнік зафіксаваў слова таксама ў Глускім раёне, што вымушае лічыць кадыр вузкарэгіянальным утварэннем. Як і ў іншых выпадках, гэта можа азначаць запазычанне, архаізм або інавацыю. Першае і другое на прычыне адсутнасці паралелей адпадаюць. Для версіі новаўтварэння можна прапанаваць некалькі варыянтаў этымалогіі. Магчыма, кадыр — суфіксальнае ўтварэнне ад асновы кад‑ (гл. кадзь, кадушка) і суфікса ‑ыр, пры дапамозе якога, паводле Сцяцко, Афікс. наз., 127, утвараюцца асабовыя і неасабовыя назоўнікі (націск на суфіксе); дэрываты характарызуюць істоты, прадметы па выразнай прыкмеце: жаўтыр ’птушка жаўтушка (амялушка)’, пустыр ’пустка’. Відавочна, што такую суфіксацыю для слова кадыр можна прыняць толькі па фармальнаму крытэрыю. З семантычнага боку (значэнне ’выдзеўбаная з кавалка дрэва’) перашкоды для такой этымалогіі няма, параўн. палес.кадушка ’выдзеўбаная з кавалка дрэва пасудзіна’. Паводле другога варыянта этымалогіі, кадыр < кадоўб, кадуб ад асновы кад, якая вычленена ў выніку зацямнення і перараскладання структуры гэтых слоў. Такім чынам, лёгка тлумачыцца значэнне слова, аднак застаюцца цяжкасці, звязаныя з семантыкай суфікса. Разглядаць кадыр таксама можна як утварэнне, аналагічнае і паралельнае слову кадоўб. У такім выпадку ка‑ < ко‑ дзеяслоўнага ў назоўніку, а ‑дыр суадносіцца з слав.dirałi. Фанетыку ў бел. слове можна вытлумачыць фармальным уздзеяннем ‑ыр‑суфіксацыі, аднак цяжка ўзгадніць семантыку патэнцыяльнага аддзеяслоўнага кадыр і слав.dьrti. Як магчымыя аналагічныя ўтварэнні можна прывесці рус.асташ., цвяр.кадра ’дрэнь, калі гаварыць аб пэўным саслоўі або класе людзей’. Даль прыводзіў як магчымыя сінонімы падера, падра. Цікавай выглядае магчымасць суаднесці бел.кадыр і бал.дыял.кадра ’кадка’, кадурка ’кадушка’, якое аўтары балгарскага этымалагічнага слоўніка выводзяць ад када ’чан, бочка’, кадра < кадурка з сінкопай ‑у‑, гл. БКР, 3, 129 і 132. Калі прыняць этымалогію балгарскага слова, застаецца магчымасць прывесці яго як словаўтваральна падобнае бел. слову, гл. нашу першую версію.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казе́лец1 ’расліна Ranunculus acer і пад.’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Касп., Мядзв.), ’ветраніца’, ’расліна, якая мае ядавітыя ўласцівасці’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Укр.козелець ’Ranunculus acer’, рус.козелец ’ровныя віды Ranunculus’. Звяртае на сябе ўвагу, што асноўныя фіксацыі слова з такім значэннем выяўлены на смал. і валаг. тэрыторыі, а спарадычныя фіксацыі такой назвы для некалькіх іншых, больш далёкіх раслін адзначаны і на іншай рускай тэрыторыі. Меркаваць аб украінскай тэрыторыі цяжка. У польск. мове kozielec адзначана ў XVI ст. для расліны Anemone ranunculoides, тое ж і рус.козелец, што можа азначаць другасны перанос (расліны, падобныя кветкамі і інш.). Чэш.дыял.kozelee, абазначае іншую расліну і матывацыя там (па паху карэнішча) іншая. Словаўтварэнне цяжка вытлумачыць, зыходзячы з бел. асноўнай формы з націскам на другім складзе, магчыма, гэта форма позняя. Слаўскі (3, 33) адзначаў, што польск. формы koziełek (ст.-польск., адзначаная прыблізна каля 1500 г.) — вынік кантамінацыі kozłek і kozielk; ст.-польск.koziełek суадносіцца са ст.-польск.koźlec ’казёл’; параўнаць зах.-слав. і ўсх.-слав. формы цяжка.
*Казе́лец2, козелец ’расліна сівец, Nardus stricta’ (лсльч., Нар. лекс.). Такія назвы, як бел.пясюк. чортава барада, укр.мичка, псяга, свинюх, щетячка, шерстянка, адназначна характарызуюць гэту цяжкую для касьбы траву. Да семантыкі параўн. яшчэ бел.казаваты ’пра цвёрдае валакно лёну ці пянькі’ (КЭС, лаг.), балг.козина ’поўсць казы, ваўка або іншай жывёлы’.
Казе́лец3 ’прырэчнае і наогул нізкае лугавое месца, дзе расце казелец Ranunculus Flammula’ (слаўг., Яшк.). Відавочна, да казелеці, аб падобным тыпе ўтварэння параўн. мох ’прыбалоцце, балота’ падрабязней гл. Талстой, Геагр., 164–165.
Казе́лец4 ’хвароба ног, накшталт падагры’ (талач., Мядзв.). Рэгіянальнае ўтварэнне, назва суадносіцца з асновай казёл‑ і далей да каза (гл.), аб словаўтварэнні параўн. казелеці. Што датычыць семантыкі, то неабходна звярнуць увагу на больш шырока вядомае казінец ’хвароба ног у коней, пры якой нага згінаецца і становіцца падобнай на казіную’, якое адрозніваецца ад разглядасмага слова і больш празрыстай структурай і відавочнай семантыкай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́ца ’морда, пыса’ (Ян.), ’твар з поўнымі шчокамі’ (шчуч., З нар. сл.), пу́цы ’шчокі’: набіваць пуцы (астрав., Сл. ПЗБ; шчуч., Даніл. Сл.), пу́цка ’шчака, шчочка’ (Сцяшк. Сл.; маладз., Янк. Мат.; мядз., Жд. 3), пу́цкі ’адутлаватыя шчокі’ (Мядзв.), ’ружовыя плямы на твары’ (ЛА, 3; навагр., Нар. сл.); ’губы’: падуць пуцкі (рас., Сл. ПЗБ), ’костачкі пальцаў’ (шчуч., там жа), пу́цькі ’тс’ (дзятл., там жа), пу́цкаць ’размазваць па твары’ (Цых.); гоцкала ’мурза’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пуцайла ’таўстаморды чалавек’ (Нас.), сюды ж пуцаты ’мардаты, паўнашчокі’ (шчуч., З нар. сл.; драг., Нар. лекс.; шальч., Сл. ПЗБ), пуцаваты ’тс’ (Сцяшк. Сл.), пуцкаваты (пуцковатый) ’з адутлаватымі шчокамі’ (Мядзв.), пуцкуваты ’з вялікімі губамі’ (полац., Нар. лекс.), пучкаваты (, пуцуковатый) ’таўставаты, мускулісты’ (Нас.); параўн. укр.пу́г(ка ’membrum virile’, рус. ласк. пу́цыпький ’кароценькі’, польск.риса ’тоўсты, надуты твар; выцягнутыя вусны для пацалунку’, рис ’шчака, губа, рот; пучка (у пальцы); мардаты або губа™ чалавек; вялікі кавалак чаго-небудзь тоўстага’, pucka ’паўнатварая дзяўчына; цяльпук; таўкач’, чэш.pucek ’тоўстая шчака ці іншая тоўстая дэталь ці прадмет’, pucka ’паўнатварая дзяўчына’, мар.дыял. ’шар; гула’, славац.дыял.pucka ’вялікі молат з тоўстым канцом; таўсташчокае дзіця; кулак’, в.-луж.риск ’клубок’, н.-луж.риск риска ’пупышка, бутон’. Адносна беларускіх слоў, у якіх можна бачыць заходнеславянскі рэфлекс ‑с‑ (замест ‑c‑), Цвяткоў (Запіскі, 2, 75), параўнаўшы з польскімі словамі, выказаў меркаванне, што ў аснове разгледжаны* формаў ляжыць “перайманьне гуку, які ўтвараецца ад надзіманьня шчок і выпускання потым паветра з роту”; гукапераймальнае паходжанне прымаецца і для іншых слоў, параўн. Махэк₂, 74 (паралельныя экспрэсныя ўтварэнні да bucati < выкл. Ъи(п)с) > Шустар-Шэўц, 2, 1187 (аснова *puc‑/*pęc‑ на базе гукапераймальнага pu‑, пры готам ‑с‑ мае старажытнае паходжанне, як у рус.бацать/ботать); Скок, 3, 67 (экспрэсіўная метафара näpucati se ’наесціся, нарэзацца’, што ўзыходзіць да *рок‑). Звязана з пу́чыць, пу́каць9 параўн. пуцалаваты (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тагды́ ’тады; часам, калі-нікалі’ (ТСБМ), ’тады; потым’ (Сцяц., Ян.), ’тады’ (Сержп. Прымхі; віл., Жд. 3), ’у той час, перыяд’ (Сл. ПЗБ), тогды́ ’тс’ (ТС, ПСл), ’у той час, пасля таго’ (пруж., беласт., Сл. ПЗБ), тогды́‑сёгды́ ’час ад часу’ (ТС), тагды́‑сягды́ ’калі-нікалі’ (в.-дзв., Шатал.), сюды ж фанетычныя варыянты тагдэ́ ’пасля таго, потым’ (Сл. ПЗБ), тогдэ́ ’ў той час, пасля таго’ (кам., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), тоўды́ ’тс’ (ПСл), товді ’тс’ (Сл. Брэс.), а таксама тагды́шні ’тадышні’ (Нас.); ст.-бел.тогды, тагды ’тады’ (Альтбаўэр, КГС). Укр.тогді́, дыял.товді́, тоўді́, рус.тогда́, дыял.тогды́, товды́, то́жды, стараж.-рус.тогда, тъгда, тъгды, тогды, толды, ст.-польск.tegdy, в.-луж.tehdy, н.-луж.tegdy, чэш., славац.tehda, tehdy, балг.тога́(ва), макед.тога, тогай, тогаш, ст.-слав.тогда, тъгда, тогъда, тьгда, тодга ’тады, у той час’. Прасл. варыянты *togdy/*tъgdy ’тады’ з указальнага займенніка *to (Шустар-Шэўц, 1502 да *to‑ дадае яшчэ *te‑ і tъ‑ з дыялектнай дыферэнцыяцыяй у славянскіх мовах яшчэ з праславянскіх часоў) і фарманта ‑gdy (ESSJ SG, 2, 667–671) або *gъdy (Борысь, 630). Паводле Карскага (2–3, 417), тут выступае форма Тв. скл., як і ў ст.-бел.всегды ’заўсёды’, иногды ’часам’ і пад. Першая частка звычайна супастаўляецца з літ.tadà, tad ’тады’, усх.-літ.tadù, ст.-інд.tadā́, вед.tadānīm, tadāmm, авест.taẟa (Фасмер, 4, 68–69; ЕСУМ, 5, 590). Адносна другой часткі *‑gdy на падставе лат.tagad (< *tagadi) ’цяпер’, укр.тогід ’у мінулым годзе’ мяркуецца, што гэта склонавая форма ад прасл.*godъ, менавіта Р. скл. адз. л. *goda (Мюленбах-Эндзелін, 4, 122–123; другасны ўплыў іменных склонавых флексій у адносінах да фіналі прасл.*kǫdy дапускае ЭССЯ, 12, 53; гл. таксама Карскі, 1, 103), але невытлумачальным, на думку Фасмера (там жа), застаецца перасоўванне націску на канчатак. Верагоднасць іншых версій (кантамінацыі *toga/*tъga + *toda/*tъda ці існаванне зыходнага *to‑kъda) цяжка давесці. Гл. тады́.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр.колодка ’тс’.
Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл.Сл. паўн.-зах.). Укр.колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск.kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).
Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў.колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр.колодка ’ручка, дзяржанне’, рус.колодка, польск.kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж.kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж.kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш.мар.kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл.koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.
Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр.колодочка ’абцас’, рус.дыял.колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.
Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
stan, ~u
м.
1. становішча; стан;
stan materialny — матэрыяльнае становішча;
stan majątkowy — маёмаснае становішча;
stan podgorączkowy мед. субфебрыльны стан;
stan małżeński — шлюб, шлюбнае жыццё;
urząd ~u cywilnego — аддзел запісу актаў грамадзянскага стану (загс);
stan kasy — стан касы;
stan wojenny — ваеннае становішча;
stan wyjątkowy — надзвычайнае становішча;
stan pogody — стан надвор’я;
stan rzeczy — стан рэчаў;
stan stały фіз. цвёрды стан;
stan ciekły фіз. вадкі стан;
stan lotny фіз. газападобны стан;
stan trzeci гіст. трэцяе саслоўе, трэці стан;
2. узровень;
stan wody — узровень вады;
stan produkcji — узровень вытворчасці;
3. склад, састаў;
stan osobowy — асабовы склад;
4. стан, талія;
suknia za ciasna w ~ie — сукенка цесная ў таліі;
5. дзяржава; штат (у ЗША і некаторых іншых краінах);
mąż ~u — дзяржаўны дзеяч;
racja ~u — дзяржаўныя інтарэсы;
zamach ~u — дзяржаўны пераварот;
w ~ie spoczynku — у адстаўцы;
być w poważnym (odmiennym) ~ie — быць цяжарнай;
być w ~ie co zrobić — быць у стане (магчы) што зрабіць
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
гэ́ты, ‑ага, м.; гэта, ‑ай, ж.; гэта, ‑ага, н.; мн. гэтыя, ‑ых; займ.указальны.
1. Паказвае на асобу ці прадмет, які знаходзіцца непасрэдна перад вачамі; проціл. той (у 1 знач.). У гэтым доме школа, а ў тым — бальніца.// Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. Змрок крыху расступіўся, парадзеў і перад Сяргеем Карагаю вызначылася цёмная палоска — шлях яру. У гэты момант вочы яго мімаволі, як бы самі глянулі ўперад.Колас.// Паказвае на адрэзак часу, які мае месца ў цяперашнім часе або прошлым ці будучым, што непасрэдна прымыкаюць да яго. — Ды я і лавіць [рыбу] гэтымі днямі не думаю, — захітрыў Міхалка.Бядуля.У гэты дзень Андрэй Перапечкін прачнуўся як ніколі рана.М. Ткачоў.
2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых. Вось пад гэтым дубам — не іначай, як пад гэтым — знайшоў .. [Якуб] некалі дваццаць баравікоў за адзін раз.Зарэцкі.Праз гэты двор прайсці прыемна: Тут відзён клопат, ёсць і план.Колас./узнач.наз.гэ́ты, ‑ага, м.; гэ́та, ‑ай, ж.; гэ́та, ‑ага, н.[Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым.Чорны.
3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якіх гаварылася нядаўна. Балота, забалаць балот, як там ні называй, Але ступіў тут бальшавік — Ён зменіць гэты край.Купала.Мікола ўсміхаецца зноў. І ў гэтай усмешцы яго многа сталасці.Брыль.
4.узнач.наз.гэ́та, ‑ага, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія гаворыцца ў тэксце. Я расказаў — і гэтаму паверылі. □ — Але, сынок, не мой ты... Праз гэта і плачу.Якімовіч.// Паказвае на аднародныя прадметы, выконваючы ролю абагульняючага слова. Сцены, стайні, вароты, калючы дрот у невялічкіх акенцах — усё гэта было ўкрыта густым марозным інеем.Лынькоў.
5. Паказвае на вядомыя ўжо асобу ці прадмет. [Гарлахвацкі:] Харошая дзяўчына гэта, Верачка.Крапіва.Дзіўны чалавек гэты Галілей!Зарэцкі.
6. Выражае эмацыянальныя адносіны да якой‑н. асобы ці прадмета. — Ідзі, ідзі! Канца няма жабракам гэтым!Бядуля.
•••
Гэтымі днямі; на гэтых дняхгл. дзень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом.Мележ.// Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе.Кавалёў.
2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры.Колас.[Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы.Даніленка.
3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. □ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную.Шчарбатаў.// Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. □ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба.Лынькоў.// Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. □ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся.Вітка.
4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба.Даніленка.// Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.
5.перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час.Алешка.Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча.Корбан.// Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай.Колас.Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам.Арабей.
6.перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю.Хведаровіч.Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі.Гартны.
7.Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча.Лупсякоў.Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе.Лынькоў.Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры.Васілевіч.
•••
Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)